Раскіданае гняздо. Завулак Акрэсьціна

Ці можна прымусіць уладу, калі на карту пастаўленае тваё ўласнае жыльлё, дзейнічаць паводле закону? Многія сталічныя жыхары, чые дамы былі зьнесеныя, нават не ўступалі ў сур’ёзную спрэчку зь дзяржавай, узамен сваіх хат атрымаўшы кватэры ў спальных раёнах, як правіла, значна таньнейшыя за іхныя дамы. Але ў раёне акрэсьцінскай турмы ўласьнікі дамоў даюць прыклад, як можна змагацца зь несправядлівасьцю. Сродкаў, дарэчы, нямала. Я вылучу тры. Першы — галоснасьць.
«Граждане Беларуси. Господин президент. При сносе этого дома горсиполком творит беспредел». Гэтыя ды іншыя падобныя заклікі могуць прачытаць усе пасажыры грамадзкага транспарту, што едуць па праспэкце Дзяржынскага ў бок Малінаўкі, на доме, што апынуўся на краі праезнай часткі, на рагу Ўманскай і праспэкта. Велізарныя плякаты, якімі апаясаны ўвесь дом, робяць яго падобным да абложанай крэпасьці. Прычым усе суседнія дамы, і з тылу, і з фронту, ужо даўно зьнесеныя. Застаўся толькі гэты. Ягоны гаспадар — падцягнуты пэнсіянэр гусарскага выгляду, у мінулым трэнэр па лёгкай атлетыцы, заслужаны трэнэр Беларусі Аляксей Васкабовіч.



— А ў чым парушылі вашыя правы?


— У тым, што па рашэньні гарвыканкаму, якое не адпавядае заканадаўству, без майго ведама адабралі зямельны ўчастак і пазбавілі ўласнасьці. Я не магу дабіцца таго, каб аднавілі маю ўласнасьць. Адабралі быццам бы для патрэбаў мэтро. У працэсе судовых разбораў высьветлілася, што «Мэтрабуду» ён непатрэбны. Гэта была хлусьлівая прычына. Пасьля таго як я гэта высьветліў, было рашэньне Паўлава пакінуць мой дом у спакоі. Але асобныя людзі карумпаваныя, як толькі стала ясна, што Паўлаў да сваёй працы ня вернецца, яны адмянілі гэтае рашэньне. І пачалі гаварыць, што знос майго дома патрэбны не для мэтро, а для будаўніцтва шматпавярховага жыльля.


— Хоць які-небудзь прасьвет ёсьць?


— Нарэшце, праз тры з паловай гады судоў, суд адмовіў у гвалтоўным адсяленьні мяне. Зараз у мяне нічога няма. Адабралі, як у трыццатыя гады падчас калектывізацыі. Альбо як чачэнцаў дэпартавалі ў 43-м. Так і ў мяне. Адабралі без закону і тлумачэньня прычын.

Настрой адзін — мяне яны ўжо ня зломяць.


Адна справа, калі вас зносіць канкрэтны інвэстар, зь якім вы і вырашаеце пытаньні кампэнсацыі. Іншая справа, калі ваш участак падлягае зносу ў сувязі зь якім-небудзь мэтро. Вось за гэта і змагаецца Васкабовіч.


— Мясцовая ўлада хоча разьлічыцца са мной сацыяльным жыльлём. Тым, па якое ў чэргах людзі па 20 гадоў стаяць. Мяне калі будзе зносіць інвэстар, мы зь ім будзем вырашаць у рамках закону. Ня лезьце, ня суньце свой нос. А яны ўжо прыгледзелі гэтую пляцовачку ці то пад рэстаран, ці то…


— Самае галоўнае тут — месца. Каля самай дарогі.


— Думаюць, што ўсе дурні і нічога не разумеюць.


— Зь якім настроем вы сустракаеце новы, 2012 год?


— Гэта ўжо чацьверты год, мне не прывыкаць. Настрой адзін. Калі нельга нічога дабіцца законамі, які можа быць настрой? Настрой адзін — мяне яны ўжо ня зломяць.



Другі спосаб прымусіць уладу размаўляць паводле закону — вывучыць тыя законы самому. Як гэта зрабіў 50-гадовы Аляксандар. Яму за добры мураваны дом зьбіраліся даць добрую кампэнсацыю, але пасьля леташняга абвалу браць яе сэнсу ўжо не было.


— Што мы высьветлілі ў працэсе, у гэтым годзе. За 2007 год ёсьць пастанова ўраду. Пры зносе ўчастка, калі мы, зьвяртаю ўвагу, адмовіліся ад кватэр і хочам браць кампэнсацыю, то інвэстар, той, хто зносіць нас, павінен быў адкрыць на імя гаспадара рахунак, пакласьці энную суму адразу. Права карыстаньня наступала з таго моманту, як аформленыя дакумэнты. Амаль два гады назад інвэстар павінен быў пакласьці грошы. І гэта было б 222 тысячы даляраў. Яны дзевяць месяцаў чакалі. Каб зрабіць пераацэнку. Яны ж думаюць, як скрасьці.


— І ўсе гэтыя юрыдычныя тонкасьці павінны ведаць самі…


— Зараз, дзякуй Богу, інтэрнэт ёсьць, дык лягчэй стала. Таму што пракансультавацца нармальна юрыстаў няма. А калі ёсьць, то да яго не даступісься, дорага каштуе. А ніводзін юрыст, які сядзіць у райвыканкаме, нам не падказаў. Яны заўжды трымаюцца боку ўлады. Не закону. Гэта натуральна. Закону ў нашай краіне няма.


Аляксандар, бацька двух сыноў, пасьля таго як радавое гняздо разбу́раць, хоча, каб дзеці пакінулі Беларусь.

Я проста мару, каб маё дзіця зваліла.

— Калі я старэйшага запусьціў, замежную мову, то малодшага я зараз шпыняю. Ён ангельскай тры гады займаецца. Я хачу, каб пасьля школы ён зьехаў з краіны. Не хачу, каб ён тут жыў.


— Вы ня бачыце для яго пэрспэктывы тут?


— Ніякай. Любіць свае азёры можна. Але, паверце мне, у Польшчы азёры нічуць ня горшыя. Яны такія самыя. Ці ў Канадзе дзе-небудзь. Я проста мару, каб маё дзіця зваліла. І яно не перастане быць па мэнталітэце беларусам.


Трэці спосаб прымусіць улады дзейнічаць паводле закону — гэта бясконцае хаджэньне па інстанцыях. З магчымасьцю цудам апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Старажылка сталіцы, карэнная мянчанка ў чацьвёртым пакаленьні Алена Шаблоўская цудоўным чынам апынулася ў прыёмнай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. І ўчастак, які яна сабе ўпадабала пад Менскам і які не хацела афармляць мясцовая ўлада, цудоўным чынам быў выдзелены.



— Участка я ведаеце калі дабілася? 16-га сьнежня я пайшла ў грамадзкую прыёмную Лукашэнкі як кандыдата ў прэзыдэнты. Такая злая была.


— Ад гэтага візыту быў хоць які толк?


— Ад гэтага візыту быў такі толк. 16-га я там пабыла, а 21-га мне пазванілі зь сельсавету і сказалі. А да гэтага я была на прыёме і ў Саўміне, і ў Дзяржкаммаёмасьці, хадзіла ў Камітэт дзяржкантролю, у Міністэрства юстыцыі. Але ў аблвыканкаме плявалі і ўчастка не давалі. А калі я туды схадзіла, то мне адразу зь сельсавету пазванілі, каб я прыяжджала выбіраць участак.


— Каб дабіцца хоць нейкай справядлівасьці, трэба хадзіць, хадзіць, хадзіць.


— Цэлы год. Я састарылася за гэты год на дзесяць гадоў. Вы б бачылі мяне, як я выглядала. Я за год паклала сваё здароўе. Але я ад участка зараз адмаўляюся.

Я састарылася за гэты год на дзесяць гадоў.

— Што будзе зараз з гэтым домам?


— Мне павінны даць 224 мэтры плошчы.


— Новы год, 2012-ты, вы сустракаеце…


— Тут сустракаем.


— Зь якім настроем?


— Чамаданным. Вы ж бачыце. Чамаданны настрой.


Пані Алена — дачка рэпрэсаванага. Але нават на адрас таварыша Сталіна ў яе больш цёплых слоў, чым для сёньняшніх правадыроў.


— У тыя гады, пры Сталіну, такога безабразія, якое зараз у нашых уладароў, не было.


— Вы пра што?


— Пра хабарніцтва, пра «беспредел». Тое, што зараз адбываецца, не было пры Сталіну.


— Сёньняшнюю сытуацыю вы не ўспрымаеце як дэпартацыю?


— Радавое гняздо раскідваюць. Раскідаюць гняздо. Мае дзеці нарадзіліся тут. Я іх не адправіла ні ў якую кватэру.


— Хай бы вам тут і далі.


— А я не зьбіраюся нікуды ісьці. Я так свайму інвэстару і напісала. Мала адных плякатаў, іншыя павесім.


— Вы будзеце змагацца.


— Буду. Мне пачалі казаць, што будзе горад-спадарожнік. Дык я ім пісьмова ў заяве напісала: «Я не індзеец. Ня трэба мяне ў рэзэрвацыю высяляць. Я ўраджэнка гораду Менску. І мае дзеці і ўнукі нарадзіліся тут.


Яе вуліца выходзіць проста да турэмнай брамы. Але, па словах старой, ня кожны ў раёне ведае, што за ўстанова месьціцца за высокім плотам.


— Яшчэ ня кожны ведае, што там гэта ёсьць.


— Людзі ж ходзяць зь перадачамі.


— Пытаюцца, дык некаторыя жыхары ня могуць адказаць, дзе гэта. У нас людзі вельмі абыякавыя, памяркоўныя. Вельмі памяркоўныя. Гэта кепска, але гэта пераадолець немагчыма.


Гэты раён будаваўся напрыканцы 50-х гадоў. І дамы гараджан, як правіла камяніцы, адрозьніваюцца ад драўляных дамоў былых вяскоўцаў. Зрэшты, і мовай яны таксама адрозьніваюцца. Вось стары дзядок за два крокі ад турмы рамантуе стары «жыгуль».



— Усё зносіць будуць. Бо мэтро, дамы будаваць будуць. А што гэтыя кудзеркі стаяць?


— Кудзеркі?


— Так. Малыя дамы.


— А ці даўно пабудавалі гэтую турму?


— Спачатку быў сутачнік. А пасьля перавялі з Валадарскага.


— А вам як такое суседзтва?


— Нічога. Людзі стайкамі ходзяць туды, і ўсё.


— І многа ж ходзяць.


— Многа ходзяць.


— А калі палітычных садзяць, вы бачылі каго зь вядомых людзей?


— Сюды вёў, каб вызваліць сутачнікаў, былы рэктар унівэрсытэту Казулін. Не атрымалася. Недзе застраў ён. Яго пасадзілі пасьля. Ня ведаю, выйшаў ці ня выйшаў.


Я паведаміў старому радасную навіну. Што Казулін ужо не сядзіць. Пра новых палітычных вязьняў стары, вядома, ня чуў…