Сяргей Абламейка: Ці будзе абарона спрабаваць далей абскарджваць прысуд?
Тацяна Равяка: Абавязкова. Зараз будзе рыхтавацца наглядная скарга старшыні Менскага гарадзкога суду, у Вярхоўны суд. Канечне, мы будзем выкарыстоўваць усе магчымыя мэханізмы і ня толькі нацыянальныя, але і наднацыянальныя. У нас ня так шмат такіх магчымасьцяў. Гэта толькі камітэт па правах чалавека ААН, мы туды абавязкова будзем зьвяртацца са скаргай па справе Алеся Бяляцкага.
Абламейка: Сёньняшні прысуд азначае, што ў Бяляцкага канфіскуюць усю маёмасьць, а гэта, у сваю чаргу, азначае, што яго сям’ю выкідаюць з двухпакаёвай кватэры на вуліцу. Раней праваабаронцы ня раз заяўлялі, што паводле заканадаўства кватэру, у якой жыве сям’я, ня могуць канфіскоўваць. Вы сабралі 757 мільёнаў рублёў і сплацілі іх дзяржаве як пагашэньне шкоды, якую нібыта нанёс Бяляцкі дзяржаве. Можа лепш было купіць сям’і Бяляцкага кватэру на гэтыя грошы? І ці можна было гэта зрабіць?
Мы чакаем, каб даведацца, што ўсё ж падлягае канфіскацыі. Хутчэй за ўсё гэта будзе лецішча, аўтамабіль і офіс «Вясны»
Равяка: Мы ўсё ж спадзяваліся, што грошы, якія былі сабраныя і пералічаныя на рахунак Першамайскага суду, паўплываюць на рашэньне касацыйнай інстанцыі і, магчыма, на зьмякчэньне прысуду самому Алесю, а таксама на рашэньне датычнае канфіскацыі маёмасьці. Дарэчы, мы сёньня пачулі ў судзе толькі выніковую частку рашэньня. Мы ня ведаем матывіровачную частку, зь якой мы можам ацаніць, якая маёмасьць падлягае канфіскацыі. Немагчыма выселіць сям’ю на сьнег, на холад, на вуліцу згодна з нашым заканадаўствам. Мы спадзяемся, што ў гэтым пляне беларуская Фэміда будзе гуманнай і справядлівай, што сям’я застанецца ў сваёй кватэры.
Таксама падлягае канфіскацыі лецішча Бяляцкага і аўтамабіль ягонага сына, бо сам Бяляцкі не водзіць машыну, проста машына была на яго аформленая. Мы чакаем, каб даведацца, што ўсё ж падлягае канфіскацыі. Хутчэй за ўсё гэта будзе лецішча, аўтамабіль і офіс «Вясны». Вельмі спадзяемся, што сям’я не застанецца без жытла. Гэтыя грошы, якія сабралі людзі, магчыма, будуць уплываць на магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня, на некаторыя аспэкты ягонага знаходжаньня за кратамі. Таму казаць, што яны зусім ніяк не спрацавалі, нельга.
Абламейка: Тацяна, вы сказалі, што атрымліваеце лісты ад Алеся Бяляцкага. Як ён трымаецца, як яго дух?
У Алеся вельмі моцны дух.
Равяка: У Алеся вельмі моцны дух. Быў пэрыяд, калі ён даведаўся пра сьмерць бацькі, гэта быў час роспачы і час нейкага адчаю, які зноў зьмяніўся на моцную падтрымку, якую ён нам аказвае з-за кратаў. Канечне, часам і ягоныя жарты у лістах можна пачытаць, і філязофскае падсумаваньне таго, што адбываецца зь ім, з намі, з нашай краінай, са сьветам і чалавечым жыцьцём. У апошнім лісьце ён піша, што не спадзяецца зусім на касацыйную скаргу і на нейкія магчымыя зьмены. І ён плянуе, што 5-10 лютага, магчыма, трапіць на зону. Што вельмі хочацца яму — гэта далячынь паглядзець, бо 5 месяцаў то сьцены хаты, то дворык прагулачны, і ніякай пэрспэктывы. Я думаю, што тут ня толькі пэрспэктыва погляду ў далячынь, але пэрспэктывы станоўчага вырашэньня ягонай справы. На жаль, апраўдаліся гэтыя прадбачаньні Алеся, і ён зьбіраецца на зону, але піша пра гэта даволі спакойна.
Абламейка: Калі маёмасьць канфіскуюць, значыць праваабарончы цэнтар «Вясна» страціць офіс. Як вы будзеце дзейнічаць далей? Калі чакаеце судовых выканаўцаў?
і ягоныя жарты у лістах можна пачытаць, і філязофскае падсумаваньне таго, што адбываецца зь ім, з намі, з нашай краінай, са сьветам і чалавечым жыцьцём
Равяка: Так, мы, канечне, да апошняга спадзяваліся, што гэтага не адбудзецца. Сёньня мы пачынаем зьбіраць рэчы, тыя, якія мы ў першую чаргу хацелі б захаваць. Гэта і нашая тэхніка, і нашы архівы, магчыма, найбольш патрэбная нам мэбля, якая дазволіць нам у далейшым працягнуць працу на новым месцы. Заўтра будзем паціху усё вывозіць. Пакуль ня прыйдуць у гэтую кватэру судовыя выканаўцы і ня скажуць, што мы павінны пакінуць гэтае памяшканьне, мы будзем спрабаваць працягваць працаваць тут.
Думаю, у нас будуць часовыя цяжкасьці, зьвязаныя з адсутнасьцю офісу, але я думаю, што мы вырашым гэтую праблему. Пасьля арышту Алеся Бяляцкага зь «Вясны» не сышоў ніводзін супрацоўнік, і для нас гэта вельмі важна, гэта паказьнік таго, што арганізацыя створаная сапраўды на глебе перакананасьці ў неабходнасьці нашай працы, на глебе і на прынцыпах узаемнага даверу і ўзаемнай адказнасьці адзін за аднаго і за нашага калегу, які зараз знаходзіцца за кратамі. У нас вельмі няпростыя часы. Алесь казаў: «Вясну» не спыніць. Я тое ж самае паўтару: «Вясну» не спыніць.
Слухаць гутарку цалкам.
Your browser doesn’t support HTML5