Залатая дзясятка кніг 2011 году. Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску

Аляксандар Лукашук на прэзентацыі кнігі

Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё склалі Залатую дзясятку-2011.
Ужо былі прадстаўленыя зборнік казак Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч», том выбраных твораў Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці», пераствораных па-беларуску, раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы» і том выбранага Вінцука Адважнага. Сёньня распавядаем пра кнігу, якая займае пятую пазыцыю ў сьпісе найлепшых леташніх кніг. Гэта дакумэнтальны твор Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску».

Дарэчы, яна патрапіла ўжо ў сьпісы намінантаў дзьвюх беларускіх нагародаў, увайшоўшы ў шорт-ліст «Глінянага Вялеса» ды лонг-ліст празаічнай прэміі імя Ежы Гедройца. І можна ўжо сьцьвярджаць , што прадчуваньне посьпеху кнігі не падманула яе рэдактара Сяргея Дубаўца, якім ён падзяліўся ў дзень менскай прэзэнтацыі.

Сяргей Дубавец на прэзентацыі кнігі

«Я як рэдактар працаваў над кнігай год і працаваў зь вялікім задавальненьнем, таму што сам матэрыял і тое, як ён пададзены аўтарам, у беларускай літаратуры бадай што беспрэцэдэнтны, калі ў беларускі кантэкст пасяляецца постаць сусьветнага маштабу. Освальд лічыцца забойцам амэрыканскага прэзыдэнта Кенэдзі і дзякуючы гэтаму яго імя ведаюць ва усім сьвеце, а тое, што ён некалькі гадоў жыў у Менску, як бы падцягвае Менск, нашу рэчаіснасьць да сусьветнага маштабу.

Што яшчэ можна сказаць? Тое, што я кажу „лічыцца забойцам прэзыдэнта“, бо вельмі многія людзі схільныя яго такім не лічыць, што гэта пэўная фальсыфікацыя. Але каб даведацца праўду — трэба прачытаць гэтую кнігу».

У ліку першых чытачоў кнігі быў філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч. Першае ягонае ўражаньне такое, што зьмест твора не адпавядае назьве. Зрэшты, потым ён адцеміў і іншыя свае чытацкія рэфлексіі ад старонак, што хаваюцца пад падвойным назовам кнігі.

Валянцін Акудовіч

«Аляксандар Лукашук нас падмануў. І як мінімум — двойчы. Яго кніга „Сьлед матылька“ мае падзагаловак „Освальд у Менску“. Але гэтая кніга зусім не пра Лі Гарві Освальда — забойцу амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі. Яна — пра той час і тую эпоху, калі адбылося гэтае злачынства. І галоўны герой тут — зусім не Освальд. Ён адыгрывае адно ролю інтрыгі, якая падбухторвае увагу чытача, штурхае узяць у рукі кнігу і не выпускаць яе з рук, пакуль кніга не прачытаецца. Але пакуль кніга яшчэ чытаецца, ты разумееш, што гэта зусім не журналісцкае дасьледаваньне, як чакаў, а літаратурны раман у выглядзе журналісцкага дасьледаваньня. Сам Лукашук пазьней патлумачыць, што гэты стыль пісьма сёньня мае назву „New Journalism“ і сярод яго заснавальнікаў такія слынныя пісьменьнікі як Томас Вулф, Норман Мэйлер, Трумэн Капотэ і, дадам ад сябе, Рышард Капусьцінскі. У гэтым стылі істотныя не герой, не фабула, не нават ідэя, як у традыцыйным рамане, а (цытую Лукашука) „што працуе, а што не працуе“. Таму другасныя ці увогуле як бы выпадковыя пэрсанажы раз-пораз надоўга адсоўваюць загалоўных на другі і трэці плян. І адсоўваюць таму, што яны ў нейкіх эпізодах свайго жыцьця для аўтара і адпаведна для чытача больш цікавыя ды істотныя за галоўнага героя.

А што сам герой? А нічога. Ён пусты і з гэтага — ніякі. Як ні намагаецца аўтар запоўніць гэтую пустату успамінамі пра Освальда тых, хто быў некаторы час побач зь ім, пустаты ня менее. І гэта натуральна. Освальд ня Кенэдзі забіваў. Ён забіваў пустату і нікчэмнасьць самога сябе. Напэўна, шмат каму падаецца, што ў яго гэта атрымалася, бо пасьля забойства Освальд ужо назаўжды будзе побач і тым як бы нароўні з Кенэдзі. Але гэта — толькі аблуда. Освальд адно падоўжыў расповяд пра уласную нікчэмнасьць яшчэ на доўгія гады».

Слушнасьць гэтага чытацкага меркаваньня неаднаразова пацьвярджаў сам аўтар. У інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода ён сказаў, што для яго важней было ня тое, што зьвязана з Освальдам у Менску, а сама атмасфэра, смак таго часу. І далей аўтар падкрэсьліў, што галоўны герой кнігі не Освальд, а час і прастора, у якім жыў і існаваў гэты пэрсанаж. Заканчваецца гэтае інтэрвію прызнаньнем, што на самай справе пісьменьнік гаворыць пра дакумэнтальную прозу, якая мае справу з пустатой як матэрыялам і рысай далягляду як задачай, і ўсё, што там можна знайсьці — толькі сьляды матылька.

Літаратар і кнігавыдавец Зьміцер Вішнёў у сваім прыватным рэйтынгу паставіў кнігу Аляксандра Лукашука на трэцяе месца. Яго цікавіла ня столькі тое, пра што кніга, а як яна напісана.

Зьміцер Вішнёў

«Па-першае, аўтар валодае цудоўнай беларускай мовай, што вельмі немалаважна. І мне спадабалася тое, што ў яго ёсьць свой стыль. Гэта вельмі важна і для паэта, і для празаіка. Ён — не шараговы, ён — пазнавальны. Тое, што я прачытаў, мяне сапраўды ўразіла. І я лічу, што гэта — вельмі важны аўтар для беларускай літаратуры».


Паэт Алесь Аркуш уключыў кнігу Аляксандра Лукашука ня толькі ў сваю прыватную дзясятку найлепшага, але і ў шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес», якую ад 1993-га штогод уручае Таварыства вольных літаратараў.

Алесь Аркуш

«Сьлед матылька» Аляксандра Лукашука — кніга, якая мяне ў мінулым годзе найбольш уразіла. Яна спалучае ў сабе некалькі рысаў — яна і дакумэнтальная, я яе ўспрымаю яе і як мастацкую, бо аўтар увесь час рэфлексуе адносна і самой постаці Освальда, і таго часу, калі Освальд жыў у Менску. Гэтая кніжка чапляе чытача, асабліва людзей нашага веку, бо амаль усё апісанае пазнаецца, а некаторыя дэталі проста шакуюць. Напрыклад, пра тое, што за Освальдам сачылі дзьве асобныя групы, якія адна адну ня ведалі. Ці пра тое, як дзірачкі для сачэньня ў кватэры сьвідравалі. Можна толькі ўявіць, на якім узроўні сёньня гэтыя органы працуюць...

Я шмат зь кім абмяркоўваў гэтую кнігу, і ўсе пагаджаліся адносна адной рэчы: гэтая кніга — бадай, першая ў Беларусі, якая можа быць перакладзеная ў любой краіне сьвету, і яна будзе цікавая для таго чытача, бо яна патрапляе ў сусьветны кантэкст. Усе ведаюць і гісторыю забойства Кэнэдзі, усе ведаюць, што Освальд перад тым жыў у Савецкім Саюзе, але мала хто ведае, што ён жыў менавіта ў Менску, у Беларусі. Вось пра жыцьцё яго ў Беларусі і асаблівасьці таго жыцьця, я думаю, што любому чытачу ў сьвеце будзе цікава«.

Аўтар дакумэнтальнага расповяду пра жыцьцё Освальда ў Менску ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя робіць шмат цікавых назіраньняў пра гэтае месца і зьвязаныя зь ім гісторыі некаторых герояў амэрыканскай палітычнай сцэны. У рэмарцы да адмыслова прысьвечанага гэтаму разьделу ён зазначае:

«Астролягі, канечне, заўважаць, што апошнія паўстагодзьдзя Менск спэцыфічна зьвязаны зь Белым домам: спачатку забойства Кэнэдзі, потым Джонсан, які, дзякуючы гэтаму, стаў прэзыдэнтам, адмаўляецца ісьці на другі тэрмін, затым Ніксан пасьля візыту ў Менск ідзе ў адстаўку, Клінтан адведвае Менск і атрымлівае імпічмэнт. У менскай паездцы Ніксана суправаджаў памочнік Пэт Бюкэман, які потым сам тройчы спрабаваў стаць прэзыдэнтам ЗША — і ўвесь час марна. Страшнае слова просіцца з кампутара на старонку — карма».

Страшнае слова просіцца на старонку і ў філёзафа Валянціна Акудовіча. Чытаючы кнігу Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску» ён шукае свае аналёгіі, зьвязаныя з тайніцамі гістарычных асобаў, што наведвалі Менск і Беларусь ці жылі тут. Праўда, хвалююць яго тайніцы, зьвязаныя ня толькі ці ня столькі з асобамі амэрыканскай палітычнай эліты.

«Які таямнічы і дзіўны наш край! Вонкі, быццам, нічым і не прыкметны — лясы ды балоты. Але чамусьці менавіта тут знайшоў спачын апошні кароль Рэчы Паспалітай. І тут, у звычайным дамку на беразе Сьвіслачы, паўстане палітычная партыя, якая разбурыць Расейскую імпэрыю. А трохі пазьней у Віскулях, сярод Белавежскай пушчы, будзе пастаўлены крыж ужо на камуністычнай імпэрыі. І нават самы знакаміты забойца дваццатага стагодзьдзя амэрыканец Лі Освальд на нейкі час знойдзе сабе прытулак у нашай сталіцы. А зусім нядаўна высьветлілася, што найбольш пачварны з забойцаў ужо дваццаць першага стагодзьдзя нарвэжац Брэйвік таксама не абмінуў Беларусь.

Кніга Аляксандра Лукашука „Сьлед матылька. Освальд у Менску“ — якраз пра адзін зь сюжэтаў гэтай загадкавай тайніцы беларускага топасу. Апошняе для
кніга „Сьлед матылька“ — ня столькі пра Освальда, колькі — пра нас, беларусаў ...

мяне — найбольш істотнае, бо пра Лі Освальда і без Лукашука напрадукавана, як кажуць, сто пудоў літаратуры. Чаго варты хаця б знакаміты бестсэлер амэрыканца Нормана Мэйлера „Гісторыя Освальда“, дзе дасьледуецца і жыцьцё Освальда ў Менску. Толькі Мэйлера Менск, а тым болей Беларусь, ніяк не цікавіць. А вось Аляксандра Лукашука — цалкам наадварот — Освальд цікавіць адно таму, што ён у сваіх шляхах да забойства прэзыдэнта ЗША на нейкі час прыпыніўся ў Беларусі. Таму кніга „Сьлед матылька“ — ня столькі пра Освальда, колькі — пра нас, беларусаў. Як мы жылі і пра што думалі тады, у 60-х гадах ужо прамінулага стагодзьдзя.

Але неўпрыкмет яна — і пра нешта большае. А менавіта — пра загадкавую тайніцу беларускага топасу, які ў звычаёвай марудзе дзён увесь час сьпеліць апакаліптычныя сюжэты».

Аўтар кнігі, Аляксандар Лукашук, працуе дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода. Гэтая публікацыя была ўхвалена да друку рэдакцыйнай радай РС без удзелу аўтара кнігі.