Кітайскі вэктар Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію кітайскім СМІ заявіў пра пляны мадэрнізацыі палітычнай сыстэмы Беларусі пасьля парлямэнцкіх выбараў, а таксама пра жаданьне запазычыць кітайскі досьвед у наладжваньні адносін з ЗША, і заклікаў Кітай да рэалізацыі новых эканамічных праектаў у Беларусі.
Гэтыя заявы мы папрасілі ацаніць незалежных экспэртаў.

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з групай кітайскіх журналістаў, якія знаходзіліся ў Беларусі з нагоды 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін дзьвюх дзяржаў. Матэрыялы прэсавай канфэрэнцыі распаўсюдзіла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА. Сярод іншага Лукашэнка заявіў:

«Мы сёньня вывучаем пэўныя тэндэнцыі ў сьвеце, і, вядома ж, мы будзем прыстасоўвацца, мадэрнізаваць нашу палітычную сыстэму. Правядзем парлямэнцкія выбары, і думаю, што нам трэба зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на палітычную рэформу або рэформу палітычнай сыстэмы нашай краіны».

Палітоляг Алесь Лагвінец мяркуе, што гэтую заяву варта ўлічваць, але трэба разумець, што ўсе выступы Лукашэнкі — мазаічныя, у іх можна знайсьці і несумяшчальныя рэчы:

Алесь Лагвінец

«Рэформы заўсёды магчымыя. Пытаньне — яны грунтоўныя ці касмэтычныя. Калі прыслухацца да словаў Лукашэнкі, то можна прыпусьціць, што ён усьведамляе неабходнасьць якіхсьці касмэтычных зьменаў па прыкладзе Расеі, каб паказаць крыху большую прастору для дзейнасьці, хутчэй за ўсё, імітаванай ці штучна створанай апазыцыі».

Алесь Лагвінец зьвяртае ўвагу на тое, што «рэформы» анансаваныя пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць па ранейшым сцэнары публічнага самапрызначэньня ўлады:

«Сьпіс усіх дэпутатаў зацьвярджае сам Лукашэнка. Калі ён дазволіць нармальныя парлямэнцкія выбары, зьявяцца людзі, якія могуць таксама казаць, што яны прадстаўляюць волю народа. Лукашэнку гэта не патрэбна, ён даўно пазбавіў беларусаў права выбіраць сваіх прадстаўнікоў».

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію кітайскім СМІ выказаў спадзеў, што Пэкін навучыць яго, як наладжваць адносіны з Захадам і ЗША ў прыватнасьці:

«Так, у вас (КНР і ЗША) ёсьць непрымірымыя супярэчнасьці. Але вы ж нідзе „лоб у лоб“ не стаіце, дзякуючы мудрасьці кітайскага кіраўніцтва. Гэты досьвед для нас каштоўны. І Кітай не хавае ад нас гэты досьвед, Кітай падказвае лішні раз нам, як ня біцца, ня лаяцца».

Досьвед суіснаваньня камуністычнага Кітаю і дэмакратычнага Захаду мала пасуе беларускім уладам, і то зь вельмі простай прычыны, мяркуе спэцыяліст у галіне міжнародных адносін Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

«Проста розныя вагавыя катэгорыі ў Беларусі і Кітаю. У КНР нават менш дэмакратыі, чым тут, але Злучаныя Штаты вымушаныя мець зь імі справу, як яны былі вымушаныя мець справу і з СССР, які таксама быў значна горшы за сёньняшнюю Беларусь у сэнсе дэмакратыі... Тут нічога ня зробіш, гэта палітыка. Нельга праводзіць абсалютна маральную палітыку, а то будзем так змагацца за мір, што каменя на камені не пакінем».

Андрэй Фёдараў мяркуе, што агульная тэндэнцыя пашырэньня дэмакратыі закране зь цягам часу і Беларусь, і Кітай. Цяпер жа нешта запазычыць з Кітаю беларускім уладам будзе складана — надта ўжо розныя краіны і народы.

Сярод іншага Лукашэнка прапанаваў Кітаю паскорыць рэалізацыю шэрагу сумесных праектаў, у прыватнасьці — будаўніцтва кітайскага тэхнапарку ля Менску, прапанаваў узяць удзел у будаўнічым праекце «Менск-Сіці», ад якога фактычна адмовіўся расейскі інвэстар.

Эканаміст Леанід Заіка, які нейкі час працаваў у Кітаі, мяркуе, што для кітайцаў Беларусь мала цікавая. Кітайскія бізнэсоўцы лічаць, што гэта малая краіна зь нярынкавымі падыходамі:

Леанід Заіка

«А з другога боку, у Беларусі існуе пэўная антыкітайская псыхалёгія паводзінаў. Скажам, у Салігорску ўсіх кітайцаў і віетнамцаў выкінулі з рынкаў... Само насельніцтва і дробны бізнэс расправіліся з кітайцамі».

Што да вялікіх кітайскіх праектаў у Беларусі, то ў спадара Заікі на гэты конт існуе вялікі сумнеў, бо Кітай больш зацікаўлены ў расейскіх рэсурсах, чым у беларускіх праектах:

«Канечне, яны б маглі сюды мільёнаў 50 чалавек прыслаць на працу... Калі мне даводзілася працаваць у Кітаі, мне казалі: можам вам 10 мільёнаў чалавек даць, можам і 100 мільёнаў... А наколькі гэта ўсё рэалістычна і ўкладваецца ў сьвядомасьць беларусаў, нават можна не абмяркоўваць».