Адных — запалохалі, другіх — купілі

Працоўныя некалькіх прадпрыемстваў у розных рэгіёнах краіны адмовіліся ад сваіх ранейшых намераў пакінуць шэрагі афіцыйных прафсаюзаў і ствараць незалежныя прафсаюзныя суполкі. Адбылося гэта ў выніку ціску на актывістаў з боку адміністрацыі прадпрыемстваў.
Працоўныя віцебскага «Сельскага будаўнічага камбінату» адклікалі свае заявы пра выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Гэта стала рэакцыяй на абяцаньні адміністрацыі палепшыць умовы працы. Адначасна яны заяўляюць, што вернуцца да ідэі стварэньня незалежнай прафсаюзнай суполкі, калі абяцаньні ня будуць выкананы. Настроі працоўных адносна праўладных і незалежных прафсаюзаў камэнтуе старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

Генадзь Фядыніч

«Людзі бачаць, што жыць становіцца цяжэй і цяжэй, а прафсаюз толькі бярэ ўнёскі. Таму яны ставяць пытаньні па заробку, па спэцвопратцы, але і гэтага афіцыйныя прафсаюзы выканаць ня могуць. То ў людзей паўстае натуральнае жаданьне выйсьці з такога прафсаюзу. Але людзі зрабілі толькі першы крок, які ня дужа цьвёрды. Неабходна рыхтавацца, а менавіта — ня толькі выйсьці з праўладнага прафсаюзу, але і стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю».

Некаторыя працоўныя магілёўскага прадпрыемства «Прамжылбуд» выступілі па БТ з заявамі супраць прафсаюзнага актывіста Аляксея Паўлоўскага, які нібыта ўвёў іх у зман. Раней яны напісалі заявы на звальненьне на знак салідарнасьці з Аляксеем Паўлоўскім, якому адміністрацыя не прадоўжыла працоўнага кантракту. Гэтая сытуацыя сьведчыць пра непадрыхтаванасьць працоўных у супрацьстаяньні з адміністрацыяй прадпрыемстваў, кажа намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў:

Аляксандар Бухвостаў

«Людзі хочуць быць вольнымі, спрабуюць выказаць сваё меркаваньне, стварыць сваю арганізацыю альбо стварыць незалежны прафсаюз. І тут адразу распачынаецца абвальны ціск: жорсткі адміністрацыйны кантроль, кантроль з боку афіцыйных прафсаюзаў, спэцслужбаў — яны і падаўляюць людзей. Той палітычны рэжым, які зараз ёсьць, — для яго важна, каб працоўныя былі пад кантролем, каб не было ніякіх усплёскаў незадаволенасьці. Таму людзі ня могуць пераадолець ня тое каб страх, а няўпэўненасьць у сабе».

Лідэр незалежнага прафсаюзу мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» Алег Стахаевіч спрабуе вярнуць забраныя ў яго правы кіроўцы, каб і надалей застацца працаваць кіроўцам грузавіка. Не зважаючы на ціск з боку адміністрацыі, каля двухсот працаўнікоў прадпрыемства не адмаўляюцца ад спробаў зарэгістраваць незалежную прафсаюзную суполку ў выканкаме. Гаворыць намесьнік кіраўніка незалежнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах:

«Такая сытуацыя існуе даўно, калі на прадпрыемствах людзі спрабуюць выйсьці з афіцыйнага прафсаюзу, але звычайна гэта адбываецца негалосна. У гэтай сытуацыі шмат залежыць ад саміх людзей, хоць на іх пачынаецца ціск па ўсіх кірунках. Ва ўлады гэты мэханізм гадамі адпрацаваны — нават на мікашэвіцкім „Граніце“, дзе гаворка вядзецца пра 200 чалавек, нават там улады спрабуюць зь людзьмі распраўляцца, і перадусім з актывістамі. Гэткім чынам адміністрацыі будуць намагацца трымаць сытуацыю пад кантролем, але ўрад мае некаторыя абавязаньні і перад Міжнароднай арганізацыяй працы».

Паводле Мікалая Канаха, калі ўлады ня спыняць ціск на працоўных прамысловых прадпрыемстваў у справе стварэньня незалежных прафсаюзных арганізацый, то Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіруе з гэтай нагоды скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы.