АГП прапануе «7 крокаў да новай Беларусі»

Аб’яднаная грамадзянская партыя прэзэнтавала свой новы праект 2012 году пад назвай «7 крокаў насустрач новай Беларусі».
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў: ён з калегамі хоча давесьці, што дзейнасьць палітычнай структуры можа разьвівацца «без прывязкі да выбарчай кампаніі». Паводле словаў спадара Лябедзькі, пасьля крызісу ў беларускім грамадзтве ўпаў рэйтынг улады і вырас попыт на альтэрнатыўныя прапановы, перш за ўсё па тых кірунках, якія не вырашаюць сёньняшнія ўлады:

Анатоль Лябедзька

«Сёньня як ніколі грамадзтва паварочваецца тварам да палітычнай апазыцыі. І нашая задача — гэта ідэальны варыянт, калі праз гэтую кампанію 10–15 адсоткаў людзей скажуць, што ёсьць такая пазыцыя аб тым, як, напрыклад, ствараць працоўныя месцы. Нам гэта падабаецца, мы гатовыя за гэта галасаваць. Гэта будзе велізарным вынікам».

Да сямі кірункаў, па якіх у групах будуць працаваць актывісты АГП і экспэрты, аднесеныя праблемы стварэньня новых працоўных месцаў, рэформы дзяржаўнага кіраваньня, атамнай энэргетыкі, нацыянальнай ідэнтычнасьці і геапалітычнага выбару беларусаў, новых падыходаў у моладзевай палітыцы, гендэрнай палітыкі ў новай Беларусі...

Апрача гэтых тэмаў, партыя будзе па-ранейшаму займацца самымі надзённымі праблемамі Беларусі, заявіў намесьнік старшыні АГП Леў Марголін:

Леў Марголін

«Ёсьць праблемы, якія ніколі не сыходзілі з нашага парадку дня. Гэта праблемы дэмакратызацыі, вызваленьня палітвязьняў, зьмяненьня выбарчай сыстэмы, свабоды СМІ».

Па кожнай зь сямі тэмаў АГП мае выпрацаваць адпаведныя праграмы і рэкамэндацыі, паведаміў Анатоль Лябедзька:

«Як мінімум у нас будзе па 7 праблемах 7 адказаў на ўзроўні партыі. Гэта ўжо будзе вынік. Калі нам удасца большай колькасьцю суб’ектаў выпрацаваць гэтую пазыцыю, гэта будзе яшчэ лепшы вынік нашай працы».

Новая кампанія АГП мае скончыцца ў верасьні, да моманту ці то выбараў, ці то іх байкоту:

«А раптам нешта здарыцца, нехта ўстане зь іншай нагі і скажа: вызваляем палітвязьняў — добра, тады мы падрыхтаваныя да гэтага. Калі не — мы тады працуем зь людзьмі».

Пакуль рашэньня пра ўдзел ці няўдзел АГП у выбарах у Нацыянальны сход няма. Пытаньне гэтае сярод іншых будзе разглядацца на бліжэйшым зьезьдзе АГП.