Сумная вестка прыйшла з Чыкага (ЗША). Там на 78-м годзе жыцьця памёр беларускі літаратуразнаўца, журналіст, перакладчык Ванкарэм Нікіфаровіч.
Ён пакінуў гэты сьвет яшчэ тры месяцы таму, але вядома пра тое стала толькі цяпер.
Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і патомных інтэлігентаў. Скончыў філялягічны факультэт БДУ, працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Дзяржвыдавецтва БССР, на тэлебачаньні, памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы ў Тэатры-студыі кінаактора пры Дзяржкіно БССР, кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Аўтар некалькіх сцэнароў дакумэнтальных і тэлевізійных фільмаў, адзін зь якіх быў прысьвечаны творчасьці Рыгора Барадуліна. Народны паэт прыгадвае:
«Сумная вестка як абухом ударыла па мне, таму што Ванкарэм Валяр'янавіч – гэта быў чалавек, які мяне ўводзіў у Менск. Я прыехаў з Ушачы, і ён мяне ўводзіў у менскае жыцьцё, літаратуру. Ён мне памагаў ва ўсім, ва ўсім! І, я думаю, тое, што ён зрабіў для беларускага адраджэньня, застанецца ў памяці наступных пакаленьняў».
Аўтар кніг «Усяму сьвету – свой дар», «Дарогі ў шырокі сьвет», прызнаны сцэнарыст, публіцыст і дасьледчык літаратуры шчодра дзяліўся сваім досьведам з маладымі талентамі. Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў меў гонар атрымаць ад Ванкарэма Нікіфаровіча рэкамэндацыю ў творчы саюз.
«Гэты чалавек быў для мяне досыць блізкі. Ён даваў мне ў свой час рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў. І мяне прыемна дзівіла, як ён мякка, далікатна важдаўся з намі, пачаткоўцамі тады яшчэ ў літаратуры. Мы сустракаліся зь ім як на факультэцкіх прыступках ці ў аўдыторыях, так ён і дамоў нас запрашаў, і гэта было вельмі прыемна. Сьветлая памяць! Шкада, што мы губляем такіх людзей».
Ванкарэм Нікіфаровіч вядомы і сваімі перакладамі. У прыватнасьці, на расейскую перакладаў Васіля Быкава, а на беларускую – баўгарскіх пісьменьнікаў, за што быў узнагароджаны баўгарскім ордэнам Кірылы і Мятода. Распавядае перакладчык Лявон Баршчэўскі:
«Калісьці ў канцы 80-х мне давялося разам зь ім быць на перакладчыцкім сэмінары ў Маскве. Гэта быў ужо час перабудовы, былі вострыя гаворкі пра нацыянальную спадчыну, пра кепскую спадчыну сталінізму ва ўсіх сфэрах духоўнага жыцьця, і мы адчувалі сябе аднадумцамі. Ванкарэм Нікіфаровіч выказваўся ў духу перабудовы ў нашых галовах, у нашых інтэлектах. А апошнія амаль дваццаць гадоў, калі ён жыў у Злучаных Штатах, наколькі я ведаю, ён дапамог пэўнаму ажыўленьню беларускага жыцьця ў Чыкага. Сяды-тады вестачкі ці ягоныя працы даходзілі і да Беларусі».
Спадар Нікіфаровіч зьехаў у ЗША ў 1993 годзе. Там ён працягваў літаратуразнаўчую працу, уклаў зборнік драматургіі беларускай эміграцыі «Урачыстасьць у садзе», які выйшаў у Менску ў 2007-м. Апошнім зь сяброў, хто пабачыўся зь ім за акіянам, стаў кампазытар Сяргей Картэс. Яго ўразіла, як добра Ванкарэм Нікіфаровіч спасьціг культуру новага месца жыхарства.
«Ён крок за крокам усё распавядаў, што і дзе такое адметнае там было… Вось так жа ён ведаў заўсёды ўсё, і так добра ведаў беларускую культуру. Яго ўсе вельмі цанілі за гэта. Я ведаю, што і Рыгор Барадулін вельмі яго любіў таксама, і пра яго ён пісаў вельмі шмат. Гэта вялікая страта для нас усіх і для беларускай культуры».