АГП бязь Дзьмітрыева

Андрэй Дзьмітрыеў

Менская гарадзкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі выключыла з партыі з фармулёўкай «за нанясеньне палітычнай шкоды АГП» кіраўніка міжнароднай камісіі і сябра Нацыянальнай рады партыі Андрэя Дзьмітрыева.Некаторыя паплечнікі Андрэя Дзьмітрыева могуць сысьці пасьля ягонага выключэньня, аднак у АГП заяўляюць, што расколу ў партыі гэта ня выкліча.
Палітычнай шкодай, нанесенай АГП, аднапартыйцы прызналі той факт, што Андрэй Дзьмітрыеў кіраваў выбарчым штабам лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева; заяву Дзьмітрыева па БТ пасьля разгону Плошчы, у якой ён апраўдваў дзеяньні міліцыі ў часе інцыдэнту на вуліцы Калектарнай у Менску; а таксама тое, што Дзьмітрыеў агучыў свае пляны аб стварэньні левацэнтрысцкай партыі, што ідзе насуперак з ідэалёгіяй АГП.

У лідэра АГП Анатоля Лябедзькі камэнтар пакуль узяць немагчыма. Ягоны намесьнік Леў Марголін зазначае, што менская гарадзкая арганізацыя дзейнічала ў рамках статута:

Леў Марголін

«А маё асабістае стаўленьне палягае ў тым, што Дзьмітрыеў ужо даўно страціў усялякую сувязь з партыяй, і таму гэта было чаканае рашэньне».

Леў Марголін мяркуе, што ў АГП так доўга думалі над гэтым пытаньнем, бо спрабавалі вызначыцца: кампанія «Гавары праўду», у якой працуе Дзьмітрыеў, — гэта палітычная ці грамадзкая арганізацыя? Вырашылі, што ўсё ж палітычная. Леў Марголін зазначае, што Дзьмітрыеў сапраўды выказваўся пра стварэньне левацэнтрысцкай партыі, але гэта была не публічная заява, а агучваньне ідэі падчас сустрэчы апазыцыйных лідэраў.

«Ён працаваў перш за ўсё з такімі ж сябрамі партыі, якія на любы папрок наконт таго, што яны займаюцца дзейнасьцю ў дзьвюх арганізацыях, кажуць: ну, Дзьмітрыеў таксама ж сябра партыі. Можа, зараз, калі Дзьмітрыеў ужо ня будзе сябрам партыі, шмат каму давядзецца таксама задумацца, што трэба нешта выбіраць адно».

Тым ня меней Леў Марголін мяркуе, што расколу ў партыі гэта ня выкліча.

Сам Андрэй Дзьмітрыеў у камэнтары БелаПАН назваў сваё выключэньне «партыйнай чысткай»:

«Магчыма, такі крок зроблены ў рамках падрыхтоўкі да зьезду АГП і дзеля напаміну пра сябе. Партыйныя чысткі заўсёды былі элемэнтам адцягваньня ўвагі ад сапраўдных праблем».

Андрэй Дзьмітрыеў пры гэтым зазначыў, што АГП дала яму добры досьвед і шмат сяброў, падзякаваў партыі і сказаў, што наперадзе ў яго шмат працы ў кампаніі «Гавары праўду». Хутчэй за ўсё, абскарджваць сваё выключэньне спадар Дзьмітрыеў ня будзе:

«Я зьбіраюся займацца палітыкай, а ня ўнутранымі „міжсабойчыкамі“. А займацца палітыкай — гэта займацца працай зь людзьмі, а не партыйнымі разборкамі».

Паплечнік Андрэя Дзьмітрыева па кампаніі «Гавары праўду», былы кіраўнік моладзевай арганізацыі АГП Міхаіл Пашкевіч называе ўчарашняе выключэньне Дзьмітрыева «палітычна непісьменным», бо яму прыгадалі падзеі, якія мелі месца больш як год таму, і нават не запрасілі на паседжаньне:

Міхаіл Пашкевіч

«Я думаю наконт свайго выхаду з партыі ў адказ. Адзінае, што я ня буду сьпяшацца. Я ўсё яшчэ перадумаю, пагляджу, параюся і прыму рашэньне».

Міхаіл Пашкевіч сьцьвярджае, што лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў свой час падтрымаў удзел актывістаў партыі ў кампаніі «Гавары праўду».

«Я проста ня ведаю, навошта гэта зрабілі зараз? Гэтак палітычна зацягнуць... Я ня ведаю, мажліва, яны баяцца, як зараз модна казаць, рэйдэрскага захопу партыі, бо неўзабаве пройдзе новы зьезд партыі, і загадзя пачалася такая чыстка шэрагаў».

Міхал Пашкевіч перакананы, што ніякага расколу ці «рэйдэрскага захопу» ў АГП насамрэч ня будзе.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі зазначае, што ўнутранае жыцьцё апазыцыі, як і ўлады ў Беларусі, непразрыстае:

Аляксандар Класкоўскі

«Я не бяруся быць нейкім трацейскім судзьдзём у гэтым канфлікце, аднак калі прааналізаваць прычыны большасьці канфліктаў у апазыцыйным асяродзьдзі, то яны палягаюць не ў ідэйных рознагалосьсях, а ў такім маргінальным стане апазыцыі, калі пачынаецца банальная канкурэнцыя за рэсурсы. І менавіта тут палягаюць нейкія водападзелы, і менавіта тут тояцца зярняты большай часткі канфліктаў».