Алесь Вараб'ёў: Пра Беларусь расказваю з нуля

Алесь Вараб'ёў

Пра ўражаньні ад сыстэмы навучаньня, адрознай ад беларускай, і пра асабісты ўнёсак у папулярызацыю Беларусі.
Тэндэнцыя апошняга часу сьведчыць, што значная колькасьць беларускіх навучэнцаў скіроўвае позірк у замежжа. Хтосьці быў адлічаны з ВНУ за палітычную актыўнасьць, нехта адпачатку вырашыў, што адукацыя на Захадзе лепшая за тую, што даюць на радзіме. Выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Алесь Вараб’ёў — адзін з рэдкіх беларусаў у Нідэрляндах. Вучыцца ў горадзе Маастрыхт на 2-м курсе каледжу, які ўваходзіць у міжнародную сетку United World College.

— Алесь, неяк чуў ад тваіх бацькоў: «Наша дзіцё яшчэ не нарадзілася, а мы ўжо ведалі, што яно будзе вучыцца ў Коласаўскім ліцэі». Далейшыя пэрспэктывы спрагназаваць было цяжэй. Задаволены, як усё склалася?

— Я вельмі задаволены, што цяпер вучуся ў каледжы, і асабліва тым, што гэты каледж у Эўропе, бо былі і іншыя варыянты. А яшчэ больш задаволены тым, што давялося пабачыць столькі розных людзей — там людзі літаральна з усяго сьвету. То бок — унікальная магчымасьць і даведацца шмат цікавых гісторый, і самому штосьці расказаць. Прынамсі, зараз у мяне досыць шмат знаёмых жадаюць прыехаць у Беларусь. І гэта прыемна, бо яшчэ ад ліцэю, калі мы езьдзілі ў Польшчу ці Літву, геаграфія ўвесь час пашыраецца.

На міжнароднай студэнцкай канфэрэнцыі ў Гаазе



— Ты ў Маастрыхскім каледжы, можна сказаць, першым «запускам» — вучэльня толькі пачала працаваць. Якая там увогуле скіраванасьць?

— Спэцыялізацыі там як такой няма. Выбіраецца шэсьць прадметаў: тры на вышэйшым узроўні, тры — на стандартным. Але гэтая сыстэма каледжаў грунтуецца на сыстэме вышэйшай адукацыі, прынятай у ЗША і ў некаторых эўрапейскіх унівэрсытэтах, калі даволі агульная спэцыялізацыя звужаецца і звужаецца ажно да заканчэньня ўнівэрсытэту. Толькі тады выходзіш зь нечым канкрэтным. Як для мяне, то на вышэйшым узроўні з гуманітарных навук гэта мовы, гісторыя і хімія. Ну, і далей — розныя другасныя рэчы, уключна з музыкай. На жаль, не было на вышэйшым узроўні, толькі на стандартным.

— Наколькі шырока прадстаўлены сьвет у Маастрыхскім каледжы? Адкуль твае новыя сябры?

— Са мной вучыцца моладзь краінаў дзесьці з 80-ці. То бок весела. Лепшыя сябры — белы паўднёваафрыканец, хлопец з Іраку, які, дарэчы, вельмі хоча прыехаць у Беларусь, і хлопец зь Лібіі. Ён яшчэ ўлетку хацеў зьезьдзіць у Беларусь, але бацька не дазволіў. Людзі самыя розныя, з розных сацыяльных пластоў. Ёсьць тыя, у каго абсалютна грошай няма, іх фундуюць эўрапейскія дзяржавы ці яны недзе шукаюць сродкі — гэта прыклад майго ірацкага сябра. А вось у выпадку зь сябрам лібійскім, то ягоны дзядзька зараз стаў прэм’ер-міністрам пры новай уладзе. Быў прэм’ерам і раней, пры Кадафі, але адхілены з-за супярэчнасьцяў. Таксама ў каледжы, але ня ў нашым, а ў Босьніі, вучыцца ўнук Кім Чэн Іра. А ёсьць тыя, у каго грошай зусім няма. Яны паходзяць зь бедных сем’яў і стыпэндыю ў 150 эўра, што па галяндзкіх коштах зусім нават няшмат, адсылаюць у свае краіны. Асабліва студэнты з Афрыкі, якія такім чынам падтрымліваюць сваіх родных.

З новымі сябрамі на галяндзкай прыродзе



— Усё навучаньне — па-ангельску?

— Так, па-ангельску. За выключэньнем таго, калі ты, прыкладам, бярэш яшчэ родную мову. Многія карыстаюцца такой магчымасьцю. Можна было б узяць беларускую мову таксама, праз скайп займацца зь нейкім выкладчыкам зь Беларусі. Тады гэта будзе адзіны прадмет на іншай мове. Але я беларускую ня браў, у мяне атрымліваецца ангельская і гішпанская як другая мова.

— Што ведаюць студэнты, выкладчыкі пра Беларусь? Успрымаюць як самастойную краіну?

— Цяпер ужо — так, ведаюць. Раней пра Беларусь амаль ня ведалі і мае аповеды пачыналіся практычна з нуля. Таму ніякіх гатовых стэрэатыпаў кшталту «прымацаваньня» да Расеі ці яшчэ чагосьці — такога проста не было. А зараз шмат хто ня толькі ведае, а вельмі жадае прыехаць у Беларусь. Буду намагацца ім дапамагчы.

Зь ліцэйскай сяброўкай Зосяй Набок падчас вакацый у Менску



— Пра Лукашэнку хоць штосьці чулі?

— Сапраўды, пра гэты пуп амаль ніхто ня ведае... Што да Лукашэнкі, то магу сказаць — ужо ведаюць... Паказальна, што калі ў нас тэракт у мэтро здарыўся і я на наступны дзень прыйшоў на заняткі, выкладчыца па хіміі першым мяне выклікала і запытала: ці стэлефанаваўся я са сваімі роднымі? Я, шчыра кажучы, проста не чакаў, што яна гэтую навіну адразу ж перанесла на свайго вучня. Выкладчыкі ў нас насамрэч вельмі добрыя і зь цягам часу стараюцца пра нас даведацца больш. Мае выкладчыкі — з Эквадору, Канады, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Кеніі і, само сабой, з Галяндыі. Усе мае шэсьць выкладчыкаў.

Лепшы сябра – паўднёваафрыканец Тэдзі Буйз



— Ці ўдаецца заявіць пра Беларусь, апроч як у кантактах па-за заняткамі?

— Так, найперш праз арганізацыю «Міжнародная амністыя», бо Маастрыхскі ўнівэрсытэт якраз курыруе групу «Амністыі» ў нашым горадзе. Там быў стэнд, на якім яны паказвалі свае праграмы на год. І я прапанаваў свае паслугі: маўляў, паходжу зь Беларусі, калі будзеце нешта ладзіць, буду вельмі рады паўдзельнічаць, дапамагчы. Урэшце падзея зарганізавалася, яна была ў асноўным у падтрымку палітвязьняў. Мы напісалі пэтыцыю, якая дасылалася прадстаўнікам у парлямэнце ад нашай правінцыі, а яны ўжо пасьля гэтага маглі перанакіраваць зварот у Эўрапарлямэнт. З такім разьлікам усё і рабілася. Падчас гэтага мерапрыемства я сустрэў чалавека пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гэтаксама, як і я, вучыцца, паступіў год таму. Але не ў каледж, а ўва ўнівэрсытэт Маастрыхта, на магістратуру. Мы зь ім добра пасябравалі, пасьля яшчэ некалькі разоў сустракаліся. І ён сказаў, што ведае яшчэ аднаго беларуса. То бок у горадзе сама меней тры беларусы ёсьць.

— Не сакрэт, што Галяндыя — краіна досыць адкрытых нораваў, шмат розных спакусаў. Хоць кажуць, што зараз усё стала больш жорстка...

— Больш жорсткія нормы сталі якраз у нашым горадзе. Маастрыхт на мяжы: 2 кілямэтры да Бэльгіі, 20 кілямэтраў — да Нямеччыны. І ўсе турысты прыяжджаюць з адной прычыны, агульнавядомай. Таму зрабілі больш строгія нормы, асабліва калі няма галяндзкай рэгістрацыі ці віду на жыхарства. У нас віды на жыхарства ёсьць, так што праблемаў няма. Але краіна хоць насамрэч адкрытая, да гэтага там строга ставяцца, ня толькі ў каледжы, а проста на вуліцы. Усё досыць разумна зроблена з разьлікам на тое, што людзі ў прынцыпе ўсьведамляюць сваю адказнасьць. На вуліцах ніхто не буяніць, чалавека ў нецьвярозым стане даволі рэдка сустрэнеш, нашмат радзей, чым у Беларусі. І такая сыстэма працуе, гэта своеасаблівы кампраміс: давайце, як у іх называецца, талерантна будзем паводзіць сябе ў адмысловых месцах ці дома, але ня будзем парушаць законы. То бок — ціха сябе паводзіць дзеля камфорту астатніх. І гэты прынцып вельмі добра працуе.

Падчас акцыі салідарнасьці ў Маастрыхце



— Ты досыць сур’ёзна займаесься музыкай, ролікі з гітарнымі імправізацыямі маюць шмат праглядаў у YouTube. Дзе запісваесься і як гэтае захапленьне ўплывае на навучальны працэс?

— Трэба зазначыць, што ў нас па-за згаданымі шасьцю прадметамі існуе такая рэч, як KAS. Калі па першых літарах, то гэта «крэатыўнасьць», «актыўнасьць», «сэрвіс». То бок — валянтэрская праца, заняткі спортам, а што да крэатыўнасьці, то гэта ці музыка, ці тэатар, ці мастацтва. Бо ў любым разе трэба канцэрты ладзіць, недзе выступаць, таму адразу зьвяртаюцца да «крэатыўных», калі патрэбная пэўная дапамога... А запісы раблю ў музычнай краме. Яны мяне ўжо даволі добра ведаюць, я даю невялічкую спасылачку, што зьнята ў краме Маастрыхту пры іх падтрымцы. І яны да гэтага ставяцца станоўча. У Галяндыі насамрэч вельмі адкрытыя людзі. Я быў зьдзіўлены літаральна зь першага дня, калі мы выйшлі на вуліцу і нейкі дзядзька, пабачыўшы, што мы ня ведаем, куды ткнуцца, сам падышоў і прапанаваў дапамогу. А потым жыва цікавіўся, хто і зь якой краіны. Увогуле вельмі адкрыта да нас паставіліся. Людзі вельмі прыязныя.

http://www.youtube.com/embed/p0GO_dMBxuc


Your browser doesn’t support HTML5

Алесь Вараб'ёў: Пра Беларусь расказваю з нуля