Горадня: ад цэнзуры паменее кліентаў у інтэрнэт-кавярнях

Увядзеньне ў дзеяньне ўказу № 60 «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт», на думку гарадзенцаў, можа застрашыць тых, хто шукае ў сеціве альтэрнатыўную інфармацыю.
У Горадні бальшыня інтэрнэт-кавярняў належыць дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам». Калі я заводзіў размову зь іхнімі супрацоўнікамі пра ўказ № 60, адказаць па сутнасьці мне нічога не маглі, у лепшым выпадку накіроўвалі да начальства.

А вось уласьнік прыватнай кавярні, які прадае паслугі інтэрнэту, спадар Аляксандар, сказаў, што афіцыйна ўказ № 60 да іх наагул ніхто не даводзіў:

«Пра гэтую пастанову я даведаўся толькі сёньня, і то выпадкова ад аднаго з сваіх кліентаў. Мы ніяк да яго не рыхтаваліся, і што будзе далей, я папросту ня ведаю».

Праўда, спадар кажа, што такія пастановы кліентаў яму не дададуць:

«Думаю, што з гэтай пастановай страцім вялікую колькасьць кліентаў. Бо з абмежаваньнем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў паменее і кліентаў».

У адной з інтэрнэт-кавярняў «Белтэлекаму» я спрабаваў высьветліць, якія сайты падпадаюць пад забарону згодна з указам № 60. Але адказу так і не атрымаў.

Спадар: «Ведаеце, такі сьпіс ёсьць, але афіцыйна мы яшчэ яго не атрымлівалі. Таму мы афіцыйна ня ведаем, якія сайты і хто будзе фільтраваць».

Карыстальнікі інтэрнэту па-рознаму ставяцца да чарговай спробы цэнзураваць сеціва. Спадар Сяргей кажа, што ён ня надта актыўны карыстальнік інтэрнэту, але цэнзуру ўжо даўно адчуў на працы, дзе доступ да шмат якіх замежных сайтаў перакрыты:

«Увесь сьвет жыве ў свабодным рэчышчы без абмежаваньня правоў чалавека. А тут усё абмяжоўваецца, замест таго каб тое, што ствараецца чалавекам, успрымаць, а не абмяжоўваць. Зрэшты, вы знайдзіце хоць адну краіну, дзе б даляры куплялі па пашпарце і адсочвалі, хто і колькі іх купляе і яшчэ навошта».

Сталы карыстальнік інтэрнэту спадар Аляксей перакананы, што дзяржава гэтымі абмежаваньнямі нічога не даб’ецца. Суразмоўца лічыць, што гэтыя захады скіраваныя хутчэй на тое, каб застрашыць, але насамрэч яны не перашкодзяць карыстальнікам знайсьці патрэбную інфармацыю:

«Гэта як у тым старым савецкім анэкдоце: пераключаеш на адзін канал, а там „Лебядзінае возера“, на другі — тое самае, пераключыў на трэці, а там таварыш маёр: „Я табе напераключаю…“ Гэта кшталту таго, як сказаць: нельга, і ўсё…»