У 2012 годзе даляр можа каштаваць 80 беларускіх капеек

Сёньня ў Менску аналітычны цэнтар «Стратэгія» і навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса прадставілі эканамічныя вынікі 2011 году. Леанід Заіка і Яраслаў Раманчук таксама прэзэнтавалі сваю новую кнігу «Беларусь 20/20 у лябірынце эканамічнай ідэнтычнасьці».
Паводле незалежных эканамістаў, «2011 год стаў годам бессэнсоўных у стратэгічным пляне дзеяньняў па выратаваньню і рэанімацыі мадэлі цэнтралізаванай плянавай эканомікі». Год нічога ня даў дзеля стварэньня пазытыўнай матывацыі вытворцам, актывізацыі бізнэсу, мадэрнізацыі прадпрыемстваў.

Аднак журналістаў, якія сабраліся паслухаць навукоўцаў, больш цікавілі прагнозы на наступны, 2012 год. Дэнамінацыю беларускага рубля прагназуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«А што самае цікавае ў дэнамінацыі? Колькі нулёў закрэсьлім? Калі закрэсьліць тры нулі, адзін да тысячы, то гэта зноў спрацуе прымітыў. Кандовы, балотны, зялёна-чырвоны беларускі прымітыў. А вось калі зрабіць адзін да дзесяці тысяч, тады адзін амэрыканскі даляр будзе каштаваць 80 беларускіх капеек».

Леанід Заіка працягвае:

«Мы проста атрымліваем новую матрыцу цэн. Мне давялося іх глядзець, супастаўляць. Увогуле, гэта савецкія кошты. Заробак будзе 200 даляраў, калі правядзем на дзесяць тысяч дэнамінацыю. І цэны будуць таго ж роўню: гарэлка — два рублі, хлеб — 25-30 капеек і г.д. І тады ўзьнікае пытаньне: а што рабілі 30 гадоў — камуністы, Ткачоў, Лукашэнка, Мясьніковіч? Што адбывалася ў краіне? А адбывалася, калі можна так сказаць, маруднае бульканьне. І ніякіх прарываў у краіне не адбылося. Ніякіх абсалютна».


А кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук зрабіў прагноз на наступны год. Ён лічыць, што гэта будзе год «зацягваньня пасаў»:

«Я думаю, што будзе нэгатыўны рост валавога ўнутранага прадукту, падзеньне, рэцэсія. Інфляцыя будзе дзесьці каля 50%. Курс даляра цягам 2012 году будзе паступова расьці і скончыцца год дзесьці 13 тысячамі за 1 даляр. І будуць праблемы з банкамі, паколькі грошай, патрэбных для фінансаваньня розных дзяржаўных праграмаў, у тым ліку, будаўніцтва, ня будзе.

Так што год будзе вызначацца яшчэ большым зацягваньнем пасаў. І, безумоўна, эканоміяй».

Між тым, згодна з прагнозамі дзяржаўных эканамістаў, рост ВУП у Беларусі ў наступным годзе складзе 5%, ровень інфляцыі ня болей за 22%, кошт даляра — каля 9 тысяч рублёў.