У Пінску на 67-годзе жыцьця памёр эколяг, краязнавец, фатограф і журналіст Аляксей Дуброўскі. Аляксея Дуброўскага ўзгадваюць, як чалавека дэмакратычных поглядаў, захавальніка нацыянальнай спадчыны.
Аляксей Дуброўскі нарадзіўся каля Барысава, закончыў біялягічны факультэт БДУ ў Менску, працаваў у Нацыянальным парку «Белавеская пушча». Але апынуўшыся ў Пінску, — большую частку свайго жыцьця і дзейнасьці прысьвяціў Палесьсю. У тым ліку, у складзе дэпутацкага корпусу Пінскага гарсавету, узгадвае ягоны колішні калега-дэпутат, мастак Аляксей Шатохін:
«Падчас дэпутацтва ён ніколі не хаваў сваёй пазыцыі. Гэта была пазыцыя адраджэнцкая, і ён быў сябрам апазыцыі ў Пінскім гарсавеце. У прыняцьці пытаньняў, ініцыяваных апазыцыяй, ягоная дапамога была вельмі вялікай. Дарэчы, ён сваю пазыцыю і свае погляды не зьмяніў і пасьля таго, як дэпутацкі корпус завяршыў свае паўнамоцтвы і надышло тое, што мы зараз называем рэжымам. Шмат таксама працаваў у прыродаахоўчай галіне. Так, аднойчы мы ехалі па дарозе на Столін і ён з радасьцю паказваў гаёк пасярод поля, які яму ўдалося адстаяць, калі ён яшчэ працаваў інжынэрам па экалёгіі. Бо вядома, што мэліярацыя нарабіла на Палесьсі».
Аляксей Дуброўскі — знаны краязнаўца Палесься. Ягонаму аўтарству належаць дзясяткі артыкулаў на тэму гісторыі і культуры краю, распрацаваныя турыстычныя маршруты, выдадзены кнігі і фотаальбомы аб прыродазнаўстве Палесься. Гаворыць выдавец і грамадзкі актывіст Уладзімер Зянько:
«Ён увесь час распрацоўваў турыстычныя маршруты і прыродазнаўчай, і краязнаўчай тэматыкі. Ён вельмі любіў вывучаць тую разнастайнасьць птушак, якія штовесну прыляталі на Палесьсе. Ён адкрыў такія архаічныя вёскі, як Кудрычы, Качановічы, Плошчава. Дзякуючы спадару Дуброўскаму, на Палесьсі пабывала гэтулькі замежнікаў, колькі ніколі раней не было».
Разам зь іншымі грамадзкімі актывістамі ў Пінску Аляксей Дуброўскі займаўся стварэньнем суполак Беларускага народнага фронту. Супрацоўнічаў зь незалежным друкам, у тым ліку, з рэдакцыяй зачыненай пінскімі ўладамі газэты «Мясцовы час». Гаворыць былы рэдактар выданьня і сябра Аляксея Дуброўскага, журналіст Віктар Ярашук:
«Гэта быў чалавек, які вельмі любіў Палесьсе, нашу Беларусь. Гэта быў цікавейшы чалавек, краязнаўца — як ён шмат ведаў! Побач зь ім самому хацелася больш ведаць і расьці, расьці і расьці. Ён быў найцікавейшым суразмоўцам, вельмі надзейным чалавекам. Калі Аляксей нешта абяцаў, то гэта было сто адсоткаў, што ён гэта зробіць. Дзякуючы такім людзям, ёсьць наша Бацькаўшчына, нашая радзіма Беларусь. Я думаю, што той, хто ведаў Аляксея, ніколі яго не забудзе».
Аляксей Дуброўскі будзе пахаваны на гарадзкіх могілках Пінску.