Выбары, на якіх прайгралі ўсе

Віктар Івашкевіч, Рыгор Кастусёў, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Міхась Пашкевіч, Анатоль Лябедзька.

У гадавіну правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Менску, у офісе партыі БНФ прайшоў круглы стол «Год пасьля Плошчы: палітычныя ацэнкі ўдзельнікаў». Дыскусію правялі прадстаўнікі шасьці дэмакратычных партыяў і рухаў — удзельнікаў перадвыбарчага пагадненьня.
Лідэр «Руху за Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч у цэлым ахарактарызаваў кампанію 2010 года як трагічную. Хаця адзначыў, што былі і пэўныя пазытывы:

«Самае галоўнае ў палітыцы — вынік. А што мы маем у выніку? Што народ прайграў — маем менш шанцаў на эўрапейскую інтэграцыю, на цывілізаванае жыцьцё. Улада прайграла. Апазыцыя прайграла. Масква на 90% выйграла».

Усе ўдзельнікі дыскусіі адзначалі, што сама перадвыбарчая кампанія, калі на палітычную арэну выйшлі 9 дэмакратычных кандыдатаў, праходзіла даволі цікава і жвава, яна разварушыла грамадзтва. Але падзеі 19 сьнежня, асабліва брутальны разгон мірнай дэманстрацыі і наступствы перакрэсьлілі ўсё пазытыўнае.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Што датычыць падзеяў пасьля кампаніі — гэта была ня проста параза, гэта быў наш правал. Ну і тое, што было пасьля 19-га — гэта быў разгром, маральны, псыхалягічны, палітычны. Хаця, калі пакласьці ўсё на шалі вагаў, то можна знайсьці і плюсы, і мінусы».

Сяргей Калякін і Аляксандар Мілінкевіч

Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

«На жаль, сілавы разгром з боку ўлады ў многім пахаваў і тыя дасягненьні дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў. Пасьля 19 сьнежня пераможцаў няма. У кампаніі 2010 года не перамагла ні ўлада — і гэта галоўнае — ні ўлада, ні апазыцыя».
Ці быў усё ж такі сцэнар Плошчы? Лідэр партыі БХД, экс-кандыдат Віталь Рымашэўскі распавёў, што ягоныя паплечнікі прапанавалі прыняць плян Плошчы, але безвынікова:

«Асноўны аргумэнт быў такі: калі мы яго прымем, то пра яго даведаюцца ўлады, і таму ніякіх плянаў прымаць ня трэба. І зрэшты, мы дамовіліся, што туды прыйдзем і пра ўсе дзеяньні будзем дамаўляцца супольна. Мы ведалі, за што мы несьлі адказнасьць: за дастаўку людзей да плошчы — мы зьбіраліся асобна каля чыгуначнага вакзалу, мы сфармавалі невялікую, але ўсё ж такі групу аховы парадку, мы не абвяшчалі свайго асабістага пляну, ведаючы, што гэта можа выклікаць нэгатыўную рэакцыю з боку іншых штабоў. І тады можа зьявіцца два, тры чатыры пляны».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Я асабіста ня ведаў плянаў іншых. І за тое, што ня ведаў, адседзеў амаль 4 месяцы. Каб я ведаў, відаць, я сядзеў бы да сёньняшняга дня. Гэта ня гумар. Пра гэта ведала КДБ — вельмі добра было проінфармавана, значна лепш, чым партнэры па кааліцыі.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў:

«Я плянаў іншых ня ведаў, як і Лябедзька. Але была дамоўленасьць нейкім чынам камунікаваць на плошчы. Адкажу так: на жаль, ня ўсе дамоўленасьці, якія былі ўзгодненыя, былі вытрыманымі на плошчы».

Міхал Пашкевіч

Кампанію «Гавары праўду!» прадстаўляў на круглым стале Міхаіл Пашкевіч — лідэры былі занятыя на іншых мерапрыемствах. Ён сьцьвярджае, што плян быў:

«Плошчу мусіў распачаць трэці канцэрт, які быў падчас кампаніі на плошчы Свабоды і каля чыгуначнага вакзалу. Гэта быў лягічны працяг падвойных выступаў Някляева і Саньнікава. Гэта тое, што мусіла адбыцца. Наконт іншых плянаў — мы ўсе разумеем, што здарылася на вуліцы Калектарнай. І тое, што не даехала гукаўзмацняльная апаратура, гэта ўжо мала што вырашала».

Прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Віктар Івашкевіч таксама сьцьвярджае:

«Плян быў. Пазыцыя іншых была вядомая. І мы плянавалі з улікам веданьня пазыцый другіх. Не было ясна ў дэталях пляну ўлады. Шчыра кажучы, у чым была памылка — рыхтаваліся адседзець, можа, паўгода, а прыходзіцца больш».
Шчыра кажучы, у чым была памылка — рыхтаваліся адседзець, можа, паўгода, а прыходзіцца больш.

На круглы стол прыйшло даволі шмат журналістаў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый. І дзьве актывісткі, якія пацярпелі падчас разгону, а потым арганізавалі акцыю салідарнасьці і арганізавалі збор дапамогі, задалі пытаньне: ці сорамна лідэрам апазыцыі за тое, што здарылася на плошчы?

Віталь Рымашэўскі: «Маральную адказнасьць нясу я пэрсанальна. Юрыдычную адказнасьць павінны несьці ўлады, якія зьдзяйсьнялі злачынствы, зьбівалі людзей. А маральную — я, таму што як адзін з кандыдатаў не адбыўся як кандыдат у прэзыдэнты, як палітык.

Аляксандар Мілінкевіч: «Я лічу, што мы ўсе нясем адказнасьць, і тыя, хто арганізоўваў плошчу — дарэчы, я таксама, калі выступаў побач з Кастусёвым, гаварыў, што бяз плошчы не перамагаюць дыктатуру. Мне сорамна, таму што я — частка апазыцыі і ўплываю таксама на яе рашэньні, што не было адзінага кандыдата. І мая віна ў гэтым ёсьць. Мне сорамна, што было 9 стратэгій на плошчы. І мне сорамна, што мы не змаглі».

І яшчэ адно агульнае меркаваньне выказалі лідэры: вынікі выбараў 2010 года падводзіць заўчасна, пакуль не вызваленыя ўсе палітзьняволеныя.