Мястэчка пад Докшыцамі, дзе Дамейкі мелі вялікую прыгожую сядзібу і дзе жыла Ігнатава бабуля па матчынай лініі. Нават у сёньняшнім надзвычай занядбаным выглядзе былая сядзіба настройвае думкі на высокае. І магутная мураваная ўязная брама, што цудам ацалела за Саветамі, і зарослы пустазельлем, але поўны высакародзтва парк, і некалькі калёнаў портыка палаца, спаленага савецкімі партызанамі — усё выглядае як помнік шляхецкай, несавецкай Беларусі. Увесь комплекс глядзіцца настолькі гарманічна ў сваёй разбуранасьці, што ня трэба ніякай рэстаўрацыі.
Але якое дзіва сустрэць старую пані, якая памятае прозьвішча гаспадароў сядзібы! Дамейкі ж тут не жылі ў 20-м стагодзьдзі. Знаёмцеся — Браніслава Антаневіч. Народжаная ў рэвалюцыйным 1917-м, пані Браніслава захавала і яснасьць думкі, і шляхецкую паставу.
— Тут гэты памешчык у Сітцах, Дамейка быў. Душачка. Ён беднаму кароўку купіць. Па расказах. Бо гэта было ў 1800-х гадах. А тут ужо адміністратары былі. Апошні адміністратар — такі інтэлігентны чалавек. Ён у касьцёл прыяжджаў на пары коней.
— А самі гаспадары там не жылі?
— Не.
— Там быў багаты дом? Вы ня памятаеце? Парк?
— Парк зараз запушчаны. Там яшчэ слупы і цяпер стаяць. Некалі вісеў звон, дзе цяпер гэтыя слупы. Там на звоне было напісана па-польску. У перакладзе на беларускую: «Як звон зазвоніць, маліся. Вітам, Марыя».
Здавалася, пасьля ўсіх тых дзіўных гісторый пра верасень 1939-га году, якія я пачуў за апошнія гады, нічога новага пачуць ужо не давядзецца. Аднак — не. Вось вам чарговая гісторыя подласьці бальшавіцкіх уладаў.
— Як Савецкая ўлада прыйшла ў 39-м годзе, вельмі многія танцавалі. Той, хто не хацеў працаваць, хто ня думаў ні пра што. Малазямельныя. Яны чакалі гэтага часу невядома як чаго. Такія былі давольныя, танцавалі. А мой бацька папрацаваў на гэту зямлю. І толькі купіў, і страціў. Было многа падпольля. Было шмат незадаволеных польскай уладай. Тут быў такі актыў!
— Яны выступалі за камунізм ці за Беларусь?
— За камунізм. Не за Беларусь. Тут ячэйка была. Немцы прыйшлі, іх так зьбілі.
— Іх забілі?
— Не, адлупілі. Ніхто ніводнага не забіў.
— Як прыйшла Савецкая ўлада ў 39-м годзе, зьявіўся чалавек. Вось як вы сёньня. Я ж пра вас нічога ня ведаю. І стаў арганізоўваць нешта супраць Савецкай улады. Аказалася, шпіён. Правакатар. А пасьля прыйшлі і дванаццаць чалавек забралі. Як камень у ваду, ніхто пра іх і па сёньня ня ведае. І чалавек гэты зьнік. Нідзе яго ня стала. І гэтых людзей.
— Гэта ён прыйшоў выяўляць незадаволеных?
— Незадаволеных. А аказалася — правакатар. Дванаццаць чалавек як камень у ваду.
— Такога выпадку я нідзе ня чуў. Што былі такія апэрацыі.
— А хто ж разумеў пра тое НКВД у той час? Ніхто ж нічога ня ведаў. Быў чалавек, дзядзька майго мужа, пісьменны. Адзін і другі дзядзька. Аднаго вывезьлі за Байкал. Гэтага ў 39-м арыштавалі, у Беразьвеччы расстралялі.
Іван Грыгаровіч, каржакаваты моцны сітцавец — былы лекар-вэтэрынар. Ён мог бы і зараз працаваць па сваёй спэцыяльнасьці. Але ня пойдзе нізавошта.
— Як мы жывем? Вось я пражыў жыцьцё. Я спэцыяліст. Што я пакінуў? Я ў бацькавым доме жыву. Я свайго дома не пабудаваў. Дзецям, два сыны, нічога я не пакінуў у спадчыну. І памру ў нішчымніцы гэтай. Жалкую пэнсію далі. У мяне суседка, зусім непісьменная, зьехала ў Польшчу. Яна атрымлівае пэнсію, напэўна, 500 уе. Дык яна, перш чым да сястры прыехаць сюды, яна зьезьдзіць адпачне. На астравах была ў мінулым годзе. І прыедзе яшчэ сюды, пэнсіянэрка. А мы ўколваем з раніцы да вечара. Зараз пайду кароў даіць. І, глядзіш, нічога напрыканцы месяца не застаецца.
— А па вэтэрынарстве, калі параўнаць тое, што было за Саветамі і сёньня?
— Увогуле жах. Зараз усе пасыходзілі. Б’юць і самі ня ведаюць, за што. За грудзі бяруць і мордай у г... Зараз немагчыма працаваць.
— А што? Няма лекаў?
— Ты вінаваты ўва ўсім. Яны дохнуць, кармоў няма, людзей няма. За ўсё адказвае заатэхнік і вэтурач. Яны казлы адпушчэньня. Іх і судзяць, і штрафуюць, і караюць. І зараз патрабуюцца, патрабуюцца і патрабуюцца. Заатэхнікі і вэтурачы. Ніхто не працуе. Усе пасыходзілі, паразьбягаліся. Бо немагчыма працаваць.
— Калгасная гаспадарка калі-небудзь лясьнецца?
— Яна ўжо ляснуўшы. Яна штучна ўтрымліваецца. Як і даляр, які праваліўся. Даўно трэба было падняць закупачныя цэны. Таму што калгасы стратныя. Чорт яго ведае, куды гэтыя грошы ідуць.
— А што будзе ў наступным годзе?
— Жабрацтва будзе. Мы яшчэ сьмяемся, не адчулі. Тут у вёсцы яшчэ як-небудзь пераб’емся. А што ў горадзе будзеце рабіць? Што будуць рабіць старыя самотныя?
А скончым падарожжа мы ізноў у доме пані Антаневіч. Гісторыя, якую яна мне паведаміла, прымушае задумацца. Як самы страшны час старая Браніслава ўзгадвае кароткі пэрыяд безуладзьдзя ў 1944-м. Калі сышлі гітлераўцы, але яшчэ не прыйшлі бальшавікі. І вакол панавалі адны свае людзі.
— Хто адыходзіў, хто прыходзіў. То бальшавікі, то немцы. І не было ўлады тыдзень ці два. Ні той, ні той. Немцы сышлі, а саветы не прышлі.
— Які добры час.
— Вельмі кепскі. Бо ты ня ведаеш. Можа, сусед маску надзеў і прыйшоў да цябе. Начавалі ў жыце гэтыя дні. Бо ў жыце ніхто ня знойдзе.
— У гэты час маглі забіць?
— Забіць, не забіць. А я была дзяўчынай маладой. Згвалціць, і ўсё. Ня дай Бог. Якая б ні была ўлада, яе трэба паважаць. Якая б ні была ўлада, трэба быць чалавекам.