Калі жыцьцё не задалося, калі адна неспадзяванка зьмяняе сабой другую, ці, наадварот, калі ўсё настолькі добра, што галава кругам ідзе — самы час выправіцца ў вандроўку. Ды ехаць так далёка, каб усе твае праблемы ці ўсе твае посьпехі ты сам ня мог узгадаць як нешта рэальнае. Каб навокал размаўлялі на экзатычных мовах, каб зоры на небе былі непадобныя да нашых, каб там, дзе тут бачная Вялікая Мядзьведзіца, лунаў самотна прыгожы Паўдзённы Крыж. Каб самай вялікай у сьвеце праблемай было знайсьці гэстхаўз з гарачай вадой ды без тараканаў ды яшчарак. Рэкамэндуем: Віетнам. Краіна, дзе можна правесьці месяц і не сустрэць ня толькі суайчыньніка, але нават і чалавека, які хоць некалі бачыў твайго суайчыньніка.
«Мінск для віетнамцаў — не сталіца сувэрэннай Беларусі, а назва матацыкла. Некалі, пры саветах, гэты матацыкл быў галоўным транспартным сродкам віетаў. Цяпер яны пераселі на «Хонды» ды «Ямахі», «Мінск» можна пабачыць хіба што ў аматараў, кшталту сябраў францускага клюбу аматараў матацыклаў «Мінск» у Віетнаме (!). З адным з такіх давялося пагутарыць. «Я — з краіны, дзе рабілі гэтыя байкі — з гонарам сказаў я таму. — І, — вымушаны папярэдзіць — яны ня надта надзейныя. Вось «Ява» — іншая справа... Француз веры ня даў. На другі дзень пабачыў яго побач з байкам. Хлопец быў у стане вялікага задуменьня: у матацыкла быў адарваны стартэр.
Бухта Халонг. Самае, бадай, прыгожае месца ў Віетнаме. 2 тысячы астравоў, раскіданых на невялікай плошчы Танкінскай затокі. Некалькі тыдняў таму гэтае месца трапіла ў сьпіс 7 натуральных цудаў сьвету.
Марскія гáды. Што выяўлена на першай картцы — не ведаю дагэтуль (зьнята ў рэстаране на востраве Кат Ба у Паўночна-Кітайскім моры). Зьвярніце ўвагу на памер крэвэтак на апошняй фотцы (талерка звычайных памераў). Каштуе такая вячэра на vостраве Фукуок у Сіямскай затоцы каля 5 долараў.
Востраў Нам Кат. Я такога ня бачыў нідзе і ніколі. Каб патрапіць туды, трэба прайсьці каля пяці кілямэтраў акіянам на «джонцы» ад найбліжэйшай прыстані на востраве Кат Ба. Ноч у бунгала без ацяпленьня і кандыцыянэра каштуе каля 15 даляраў. Цяпер там ужо пачалася зіма і сэзон закрыты. Прывабнасьць Віетнаму — у тым, што ў любую пару года можна знайсьці сабе ўтульнае месца для жыцьця: калі на поўначы краіны холадна — на поўдні цёпла і сонечна. Калі на поўдні пачынаецца «мокры сэзон», на поўначы — парадайз як у рэкляме «Баўнці».
Папулярнае мясцовае дзівоцьце — сэм, настоены на зьмеях. Не каштавалі і вам ня раім: дрэнна для кармы. У прывакзальнай кавярні ў Сапе ў такой колбе зьмешчана каралеўская кобра, якая, па словах мясцовых паляўнічых, важыла 16 кіляграмаў. Колба з той кобрай — палова чалавечага росту. Схапілі зьмяюку некалькі год таму за 16 кілямэтраў ад Сапы. Паглядзеўшы на яе, хочацца скочыць на першы аўтобус і даць драпака ў Ханой, дзе зьмеяў няма, толькі тараканы, пацукі, геконы і (самае горшае) — турысты.
Горад Сапа, разьмешчаны на вышыні 1600 м — прыстанішча ня толькі раскошных гатэляў ды швэйцарскіх па ўзроўню абслугоўваньня (не па коштах!) кавярняў. У навакольных вёсках жывуць прадстаўнікі традыцыйных этнічных груп, якія з задавальненьнем прадэманструюць свой побыт, прададуць даматканыя ручнікі, торбачкі, дываны ды запросяць на home hospitality. На жаль, пасьля таго, як аб этнасах Сапы распавёў падарожны даведнік Lonely Planet, усё тут занадта камэрцыялізавалася. Дзяўчаткі (на фота) замест таго, каб вучыцца ў школе, прапануюць турыстам на вуліцах набыць сувэніры. Аднак пры гэтым яны захоўваюць сваю ідэнтычнасьць, традыцыі, строі — карацей, нам, беларусам, ня так проста зразумець: дрэнная такая камэрцыялізацыя спрадвечнай спадчыны (зь яе захаваньнем ды папулярызацыяй), ці — не.
У Віетнаме некаторыя турысты зьядаюць па два сьняданкі, два «ланчы» ды дзьве вячэры. Бо вельмі ж смачна (ды танна — талерка супу «Фо», якой можна накарміць двух камбайнёраў падчас уборачнай, каштуе 2 даляры). Аднак некаторыя віетнамскія стравы выглядаюць ня надта прывабна.
На паляваньне на кальмараў (востраў Фукуок) трэба выходзіць увечары, бо кальмар — істота начная. Асноўная ежа кальмараў — крэвэткі. Таму паляўнічы выходзіць у мора, бярэ вуду з воблерам у форме крэвэткі, пагружае лесу аж да моманту, пакуль воблер не дакранецца да дна, пасьля таго страўлівае на мэтар уверх, каб воблер лунаў па-над дном — як раз там, дзе кальмары палююць на крэвэтак. На Фукуоку здабываюць пяць відаў кальмараў. На першым фота — цукровы (шкляны) кальмар, на другім — так званы hand squid (кальмар-рука).
Горад Хюэ, старажытная рэзыдэнцыя Нгуенаў — імпэратарскай дынастыі, якая кіравала Віетнамам зь сярэднявечча да XX стагодзьдзя. Горад на мапе выглядае дзіўна: адна траціна мапы — сучасныя кварталы, дамкі, гатэльчыкі, крамкі. А дзьве траціны (!) - вялізарны напаўзакінуты, часткова зруйнаваны, імпэратарскі палац, які ператвораны ў музэй. Унутры яго — «забаронены фіялетавы горад», дзе жыў непасрэдна манарх. Унутры таго гораду — яшчэ адна сакральная зона — «імпэратарская прастора», дзе Нгуены з канкубінамі бавілі час і куды не трапляў ніхто апроч еўнухаў ды набліжаных ахоўнікаў.
Загадкавая Парфумэрная рака, на беразе якой адбудаваны палац Нгуенаў. Паходжаньне назвы дагэтуль ня вытлумачанае.
Нізкарослы імпэратар Дзюк Нгуен, які жыў у XIX стагодзьдзі, быў паэтычнай натурай. Яшчэ пры жыцьці пабудаваў сабе велізарную магілу са штучным возерам, дамкамі для заняткаў паэзіяй (на фота), статуямі сланоў ды абэліскам зь пералікам уласных дасягненьняў. Аднак калі яму выпала ўрэшце памерці, высьветлілася, што хаваць яго ў гіганцкім мэмарыяле немагчыма — бо ўсе ўжо ведалі яго месцазнаходжаньне: злодзеі маглі разрабаваць скарбы, якія традыцыйна трэба класьці побач з каралеўскай труной. Дзе пахаваны Дзюк Нгуен — дагэтуль невядома. Мабыць, недзе тут — сярод соснаў ды магнолій, у патаемным куце, дзе ён любіў чытаць канкубінам вытрымкі з уласных паэтычных практыкаваньняў.
«Sleeper bus» — мясцовая асаблівасьць для вандровак на вялікія дыстанцыі. Аўтобусы вырабляюцца ў Карэі, і спаць у іх амаль гэтаксама камфортна, як у ложку. Калі, канешне, кіроўца не ўключае віетнамскую рамантычную музыку на поўную моц.
На першай фотцы — «водная вёска», у якой гадамі жывуць рыбакі. Тут лепш за ўсё купляць рыбу, крэвэтак ды марскіх вожыкаў. На іншых фотках — марскія вожыкі ў розных ступенях гатовасьці.
Будысцкі кляштар ля Хаяна (цэнтральны Віетнам) выглядаў закінутым. Манах Нан зьявіўся раптоўна і гасьцінна зацягнуў да сябе ў каморку (ложак, стол для чытаньня — што яшчэ трэба?). Ён наліў зялёнай гарбаты з тэрмаса. Ён зусім не гаварыў па-ангельску, аднак увесь час зь цёплай усьмешкай спрабаваў неяк камунікаваць. Энэргічна тлумачыў нешта, ківаючы на тэрмас і мне хочацца верыць, што казаў ён наступнае: я заўсёды чакаю гасьцей, заўсёды рады людзям, што да мяне прыходзяць, як Буда некалі прыйшоў у хату у выглядзе вандроўнага жабрака. Каб не пакідаць гасьцей чакаць пакуль закіпіць імбрычак, я заўсёды маю тэрмас з кіпнем. Пасьля гэтага ён пацягнуў паказваць храм, і за намі ўвязаўся сабака. «Што гэта за сьвяты?», — запытаўся я ў яго, паказаўшы на нейкага барадатага дзядзьку ў чырвоным, даволі пагрозьлівага віду. Аднак Нан зразумеў па-свойму: паказаў разьбіты кубачак, што стаяў на падлозе ля статуі, і патлумачыў жэстамі, што вось небарака, гэты кубачак разбамбіў, а кубачак ня просты — з ахвяраваньнямі таму сьвятому. І вось, цяпер Нан клеіць крышачку (на фота) скотчам, гэта — ягоная кара за тое, што нарабіў. Ён пацягнуў зноў піць гарбату і падліваў як толькі нехта рабіў глыток — каб ухапіцца за размову, не пушчаць госьця — гэтай гарбатай... Гаўкнуў сабака і Нан усхапіўся з выразам страху на твары — ён забыў сабаку ў храме! Разьвітваліся. Нан усё пісаў нешта на стале — пальцам, я не разумеў, бо на віетнамскай ведаю толькі тры словы. Урэшце Нан знайшоў паперу і занатаваў нейкія словы: я думаў, гэта нешта кшталту блаславеньня, некалькі добрых пажаданьняў, што дапамогуць вандроўніку на няпростым шляху. Паперку — асьцярожна ў заплечнік, як ікону, як кніжачку з пацерамі. Пасьля, у кавярні, — да віетнамца, што ведаў ангельскую: «Што тут напісана?» «Вы можаце фатаграфаваць усё, што жадаеце»...