Лукашэнка прызначыў міністра у склад ЦВК

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка 13 сьнежня падпісаў указ аб прызначэньні сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.

У склад камісіі па квоце прэзыдэнта ўвайшлі Лідзія Ярмошына, Мікалай Лазавік, Васіль Бушчык, Вадзім Іпатаў, Марына Рахманава і Алег Сьліжэўскі. У складзе ЦВК яны былі і раней. Усе яны ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

Акрамя таго, на падставе ўказа № 575 Лідзія Ярмошына прызначаная старшынёй Цэнтрвыбаркаму.

Сёньня ж Алег Сьліжэўскі прызначаны міністрам юстыцыі. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, няма такога закона, які б забараняў міністру быць сябрам ЦВК.

«У нас былі намесьнікі, а тут і міністар апынуўся. Толькі нагрузка на пасадзе міністра можа быць занадта вялікай, каб пасьпяхова працаваць яшчэ і сябрам ЦВК. Але гэта, як будзе спраўляцца. Малады — справіцца, пацягне. Паглядзім, як будзе далей».

Да канца году ў склад ЦВК яшчэ будзе прызначана квота Савета Рэспублікі.