Той, хто зьехаў. Той, хто застаўся

Той, хто зьехаў зь Беларусі, – здраднік, чужак і вораг. Ён ня любіць Радзімы, яе спадчыны і культуры. Ён падлягае выкрыцьцю і забыцьцю.

Той, хто застаўся, – сапраўдны патрыёт, ён працуе дзеля Радзімы, калі патрабуе выкрыцьця і забыцьця таму, хто зьехаў.

Той, хто зьехаў, жыруе на замежных харчах, як тлусты нямецкі бюргер, што купаецца ў піве з сасіскамі, ён падлягае выкрыцьцю і забыцьцю.

Той, хто застаўся, – сапраўдны патрыёт, ён не афішуе сваіх даходаў і патрабуе выкрыцьця і забыцьця таму, хто зьехаў.

Таму, хто зьехаў, не павінна быць куды вяртацца. Ён падлягае выкрыцьцю і забыцьцю.

Таму, хто застаўся, няма як зьехаць. Ён мусіць патрабаваць выкрыцьця і забыцьця таму, хто зьехаў.

Яны ніколі не сустрэнуцца ў жыцьці.

Той, хто зьехаў, будзе пазьбягаць размоваў пра тое, якую цану ён заплаціў за тое, каб зьехаць.

Той, хто застаўся, будзе пазьбягаць размоваў пра тое, якую цану ён заплаціў за тое, каб застацца.

Той, хто зьехаў, ніколі не атрымае асалоды ад твораў таго, хто застаўся, і не прасякнецца яго патрыятызмам, бо ён здраднік, чужак і вораг.

Той, хто застаўся, ніколі не прачытае кніг таго, хто зьехаў. Бо яны напісаныя здраднікам, чужаком і ворагам.

Той, хто зьехаў, ня можа.

Той, хто застаўся, павінен.

Той, хто зьехаў.

Той, хто застаўся.

Той, хто зьехаў, ня мае й ня можа мець дараваньня.

Той, хто застаўся, сапраўдны патрыёт Беларусі.

Той, хто зьехаў, зьехаў таму, што той, хто застаўся, застаўся.

Той, хто застаўся, застаўся таму, каб патрабаваць выкрыцьця і забыцьця таму, хто зьехаў. Бо той – здраднік, чужак і вораг.