Цэны на бэнзін: адзінаццатае падаражаньне – не апошняе

Адзінаццаць разоў ад пачатку году ў Беларусі даражэла аўтамабільнае паліва. Апошняе падаражаньне — адразу на 10% — адбылося праз некалькі дзён пасьля заяваў віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса аб тым, што напачатку сьнежня рост коштаў на бэнзін і салярку не плянуецца.

У ноч на 3 сьнежня бэнзін «Нармаль-80» падаражэў на 500 рублёў за літар, Аі-92 і Аі-95, а таксама дызпаліва — на 550 рублёў. Ад пачатку году за адзінаццаць разоў 80-ы бэнзін вырас у 2,4 разы, 92-гі — удвая, 95-ты — у 1,8 разы, салярка — у 2,5 разы. Адметна, што апошняму па часе падаражаньню папярэднічаў выступ аднаго з кіраўнікоў ураду Сяргея Румаса перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Чыноўнік запэўніў, што ад 1 сьнежня кошты ня зьменяцца. Удакладненьне пра такую верагоднасьць 2 сьнежня Румас праігнараваў, а 3-га падаражаньне было пададзена як факт:

«Што тычыцца канкрэтных зьменаў коштаў на паліва ў сьнежні, то „Белнафтахім“ унёс такія прапановы, урад іх разглядае, ніякае рашэньне пакуль не прынятае. Так што з 1 сьнежня цэны не павялічацца».

Аўтааматараў падобная няпэўнасьць з коштамі абурае. Большая частка насельніцтва ў выніку трохразовай дэвальвацыі нацыянальнай валюты істотна страціла ў прыбытках і любая карэкціроўка цэнаў у бок іх росту вядзе да яшчэ большага зьбядненьня:

«Ну якая можа быць рэакцыя? Дрэнная, канечне ж. Яны што, не разумеюць, што пры цяперашніх заробках такія цэны проста сьмяротныя для большасьці людзей? Колькі яшчэ трэба падымаць кошты, каб нарэшце ўбачыць: усё, хопіць, далей проста няма куды».

«Бэнзін — гэта вельмі важная тэма для кожнага. Бо з часоў, калі ён каштаваў удвая таньней, можна лёгка падлічыць і параўнаць — колькі паліва можна было купіць яшчэ напачатку году і цяпер? Пры тых жа заробках, як вы разумееце».

«Шчыра кажучы, няма ўжо сілаў змагацца з гэтымі коштамі. Такое адчуваньне, што нас упарта хочуць перасадзіць з машынаў на грамадзкі транспарт. Спэцыфіка маёй працы такая, што я без машыны не магу. Аднак цяпер усё часьцей даводзіцца прыкідваць, ці варта зрабіць лішнюю паездку».

«Калі гаварыць пра падвышэньне коштаў, трэба сыходзіць з такой пазыцыі: у чыіх інтарэсах прымаецца рашэньне падняць кошты, каму гэта выгодна, для каго цікава, а для каго не зусім? Дык вось, відавочна, што калі камусьці ўсё гэта і выгадна, то не звычайным спажыўцам. Значыць, такім чынам улады ратуюць толькі сябе. І тут, мяркую, накладаюцца яшчэ як мінімум два кантэксты. Гэта Мытны саюз, закладнікамі якога ў пляне ўніфікацыі ўсяго і ўся мы становімся, і крызыс, у які нас улады самі і загналі».


новая цана папярэдняя цана
Бэнзын Нармаль-80 5400 4900
Бэнзын АІ-92 5700 5150
Бэнзын АІ-95 6100 5550
Дызэльнае паліва 6300 5750


Між тым, экспэрты не сумняюцца, што кошты на паліва будуць падвышацца яшчэ не адзін раз. Чыноўнікі даюць зразумець, што задача на пэрспэктыву — выйсьці на цэнавыя паказьнікі, прынамсі Расеі, дзе літар самага папулярнага бэнзіну Аі-92 вагаецца ў межах 90 цэнтаў. Пры такім раскладзе, кажа фінансавы аналітык Андрэй Карпунін, можна чакаць, што ў Беларусі кошт на 92-гі мусіць усталявацца ў межах 7500-8000 рублёў за літар:

Андрэй Карпунін

«Не адзін раз яшчэ падаражэе бэнзін, таму што калі літар 92-га ў Падмаскоўі каштуе 27 расейскіх рублёў, пералічваем па нашым адзіным курсе і выходзім на які кошт? Найменей 7500 рублёў. І мы павіныя цудоўна разумець, што гэтыя 7500 павінны ўсталявацца менавіта ў адведзены пэрыяд ліквідацыі дыспарытэту коштаў — то бок, да канца году».

Цяперашні дыспарытэт цэнаў, як заяўляе віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, спрыяе масаваму вывазу паліва зь Беларусі з мэтай яго перапродажу. І заплюшчваць вочы на гэта ўрад не зьбіраецца:

«Улічваючы тое, што мы не знаходзімся ў замкнёнай эканоміцы, штодзённа мытныя органы фіксуюць шматлікія чэргі на мяжы і вываз паліва як у баках грузавікоў, так і ў бэнзабаках асабістага транспарту. Усё гэта адбываецца толькі з адной прычыны — захоўваецца значная розьніца ў кошце паліва. Таму рэцэпт тут, напэўна, адзін — паступовае прывядзеньне коштаў да ўзроўню, які робіць масавы вываз паліва проста нямэтазгодным».

Рэзка падвысіць кошты на паліва не дазваляе пагроза сацыяльнага выбуху. Чыноўнікі добра памятаюць адразу 30-працэнтнае падвышэньне цэнаў на паліва сёлета ў чэрвені, вынікам якога стала масавая акцыя «Стоп-бэнзін». Па падліках ініцыятараў пратэсту на колах, больш за паўтары тысячы аўтамабіляў на некалькі гадзінаў блякавалі цэнтар Менска і ўладам нічога не засталося, як адкруціць кошты ў сярэднім на 15%. У інтэрнэце ўжо зьявіліся заклікі аналягічным чынам адказаць на чарговае падвышэньне, аднак падкрэсьліваецца, што сцэнар акцыі будуць фармаваць самі патэнцыйныя ўдзельнікі.