Цна. Курапаты ва ўспамінах старажылаў

Вёска Цна сёньня ўшчыльную прымыкае да Менскай кальцавой аўтадарогі. Яе старыя хаты схаваліся за шэрагамі дарагіх трохпавярховых катэджаў. Толькі калі стаіш на самай старой вуліцы Цны, заўважаеш, што яна нібы ўпіраецца ў Курапацкі лес.
Сьцяна гэтага змрочнага лесу замыкае сабой пэрспэктыву вуліцы Ёдкаўскай. Я завітаў у Цну, не спадзеючыся засьпець тых, хто нешта памятае пра Курапаты 30-х гадоў. Зусім старая і нямоглая кабета Лідзія Іванаўна спрабавала нешта ўзгадаць. Але бяз плёну.


— Многа тады людзей загінула нявінных.


Лідзія, а вы, калі былі маленькія, хадзілі гуляць у той лес? Курапацкі?


— Не. І не пускалі. Мама.


Пра тое, што там людзей стралялі, пра гэта было невядома?


— Нам гэта не ўкладалі ў вушы. Але пагаворка была. І гаварылі, што там нашы, свае пастралялі людзей...


Больш дэталяў усплыло з расповеду Тацяны Канстанцінаўны Шаханавай. Невысокай, насьцярожанай бабулькі.



— Вы ведалі пра лес Курапацкі, што там стралялі людзей?


Ведалі. Ведалі. Стрэлы даносіліся. І там дарога. Як толькі вечар, едуць машыны. Расстрэльвалі нявінных людзей. Там нават была агароджа пад нябёсы. Мы як у ягады хадзілі, бачылі гэтую агароджу.


— А бацькі вас пускалі ў Курапацкі лес? У ягады?


Дык мы не адны хадзілі. З дарослымі. У ягады.


— І кожны дзень машыны езьдзілі?


Звычайна ўвечары.


— А гэта былі грузавікі?


Грузавыя. Але раней машыны не былі такія велізарныя...


Я ўжо быў адчаяўся знайсьці больш гаваркіх сьведак. Але на самым канцы гэтай доўгай вуліцы, адкуль рукой падаць да цнянскага пляжу, пазнаёміўся з Вольгай Цімафееўнай Бароўскай. Карэннай цнянкай, народжанай у 1927-м. Якая памятае і палац шляхціцаў Ёдкаў, на якіх працавалі яе продкі, і трыццатыя гады, калі пачалася калектывізацыя. А за ёю і тэрор. Успамінаць тыя гады старой Вользе, відаць па ўсім, цяжка і балюча. Бо яна, можа, апошняя сьведка Курапацкай трагедыі.



— У 29-м пачалі арганізоўваць калгасы. І ў нас былі такія два, каторыя пайшлі ў гэтае НКВД. Партупеі скураныя, шыкоўныя касьцюмы. Пайшлі і сталі дзейнічаць. Я вучылася ў другім класе. У нас быў Арсень Паўлавіч Груша, царства яму нябеснае. Гэта ня тое слова! Што гэта быў за настаўнік, гэта не пераказаць. Вельмі быў добры чалавек. У адну ноч забралі Грушу, забралі Канановіча. Забралі Воранава. Мы ведалі, хто. А што зробіш? Нічога ж ня зробіш.


Мяне ўражвае ў 30-х гадах, што ўсе маўчалі.

Я ўвалілася ў канаву. Як было страшна. Ня тое слова. Выводзяць з машын. Ужо яма была выкапаная. І пачынаюць страляць

— Каму было рот раскрыць? У нас быў з гэтай сям’і, пра каго я вам гавару, што... былі ў гэтай справе. Іхны брат жаніўся з удавою. У яе быў сын. Яго звалі Варэнік. Гэты Варэнік быў такі блатны, што не давядзі Бог. Кішэнны злодзей. І што вы думаеце? Ён старэйшы за нас быў. І так бывала. Па вёсцы носіцца. «Дзеўкі, хочаце ў ягады? Пайшлі. Я вас завяду». Ну, мы і пайшлі. Гэта быў 38-мы год. Пайшлі мы ў гэтыя ягады. У Курапатах быў ужо плот трохмэтровы. Зрабілі лазейку туды. А там і праўда, ніхто не хадзіў туды. Дык ягады — вось, буйныя. Гэты Варэнік сядзе на сук. «Дзеўкі, па першым кубку ўсё мне ў жбанок. А тады сабе зьбірайце». Ну мы назьбіралі яму. Я так зьбірала, зьбірала. «Дзеўкі, шухер!» І тут усе як шуганулі. Я заблыталася. А тут ужо машыны адна за адной. Вы ведаеце, што атрымалася? Я ўвалілася ў канаву. Як было страшна. Ня тое слова. Выводзяць з машын. Ужо яма была выкапаная. І пачынаюць страляць. Просяцца. Жанчыны. Рвуць валасы. «Людцы, за што? Госпадзе, за што нас?» Людзі плакалі, ровам раўлі. Шпок, шпок. І сыпяцца, валяцца. Адзін, другі. Вы ведаеце што? Яны паехалі. Я ракам выпаўзла, знайшла гэтую нару. І праз жыта. Калосьсе па вачах біла. А я ляцела, ужо ня помніла, як. Я і жбанок згубіла зь ягадамі, і ўсё на сьвеце. І да рэчкі дабегла, абмылася.


З вашага расказу я зразумеў, што гэта адбывалася ня толькі ўвечары.


— І ноччу, і раніцай. Нават днём. «Чорныя вораны». Я нават памятаю гэтыя машыны. Яны ў мяне ў вачах стаяць. «Эмачкі» яны зваліся. Крытыя палутаркі з замкамі. Спачатку ішлі «эмачкі», затым машыны зь людзьмі і затым яшчэ тры «эмачкі». І паслухайце яшчэ. Атрымалася такое, што пастралялі і кепска засыпалі. І адзін чалавечак выжыў. Наш Праковіч Коля ішоў, глядзіць — мужык акрываўлены сядзіць. Але дзе ён дзеўся... Бачна было, што ён вылез зь пяску. Ці застаўся ён жывы, невядома. Дык гэты Коля за галаву браўся. «Чаму мы не аказалі яму дапамогі?» Але страшна было. Я пары з-за зубоў не магла пусьціць, што я бачыла.


Да таварыша Сталіна ў маёй суразмоўцы стаўленьне нэўтральнае. А як можа быць інакш? Калі дзіцячы сьвет абмежаваны Курапацкім лесам, а ахвяры і каты жывуць з табой на адной вуліцы. І любімы настаўнік Арсень Груша, і шараговец НКВД Рыгор Бацян, які выхваляўся сваімі «подзьвігамі». Як высьветлілася, гэты Бацян — дзядзька маёй папярэдняй суразмоўніцы, Тацяны.


— Тацяна вам сказала. А яе дзядзькі ўдзельнічалі ў гэтай справе. Адзін невядома дзе падзеўся, а другі падох. Пахавалі тут на могілках. Дык напісана было «Батян Григорий». А калі Пазьняк зашавяліўся, сьцерлі гэта ўсё і крыж паставілі. Каму вы ставіце крыж?


Вольга Бароўская — адна з гераінь вялікага дасьледаваньня Зянона Пазьняка пра Курапаты. Па сутнасьці, яна нічога новага мне не дадала. Хіба толькі свае эмоцыі.


— Бацька мой стораж быў. Бывала, прыйдзе — «Маці, устань, паслухай, як людзі крычаць». Варта толькі бацьку загаварыць, мы тады ўсе... «У хату!» Бацька баяўся, каб мы не распаўсюджвалі гэта. Як гарох пражыцца на патэльні, так вось там — шпок, шпок, шпок. Мая цётка неяк жала жыта. І прывезьлі днём. Дык гэтыя бабы кінулі жаць, за галовы браліся. Кінуліся ў гэтыя снапы. Не маглі слухаць гэтай карціны.


Па вуліцы, якая ўпіраецца ў Курапацкі лес, са школы ідзе ўсьмешлівая дзяўчынка. Яна пастаянна ходзіць праз гэты дзіўны лес з крыжамі, слухае музыку праз мабільнік, і нішто не псуе ёй маладога настрою. Напэўна, так і павінна быць...



— Вашыя аднагодкі ведаюць што-небудзь пра Курапаты?


— Я, напрыклад, многа ня ведаю. Ведаю, што гэта месца, дзе людзей забівалі. Вы такое пытаньне задалі, нават сорамна. Я жыву тут. Мае аднагодкі таксама не цікавяцца гэтым...

http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&start=400&num=200&t=h&vpsrc=6&ll=53.973001,27.5986&spn=0.017669,0.045233&z=14&iwloc=0004b33094f6c92ffa3c1&output=embed
Падарожжы Свабоды