Чаму ў Беларусь ня хочуць інвэставаць?

Беларускім уладам сёлета ўдалося выканаць плян па прыцягненьні замежных інвэстыцыяў толькі на 20 адсоткаў. Пра гэта паведаміў Аляксандар Гур’янаў, сустаршыня рабочай групы па фармаваньні спрыяльнага інвэстыцыйнага іміджу Беларусі за мяжой. У чым прычына нізкай інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі?

Намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур’янаў прызнаў: праблемы на валютным рынку прымусілі некаторых замежных інвэстараў згарнуць сваю дзейнасьць. Тым часам на беларускі рынак прыйшлі 300 новых кампаніяў. У выніку За першыя дзесяць месяцаў 2011 году наўпроставыя замежныя інвэстыцыі склалі 1,3 мільярда даляраў, альбо 20% ад гадавога заданьня.

Аляксандар Гур’янаў: «З аднаго боку, гэтая лічба не такая ўжо маленькая. Гэта наўпроставыя, чыстыя, партфэльныя інвэстыцыі. І з улікам вываду капіталу зь Беларусі. Гэта — чысты балянс. Канечне, яна складае 20% ад гадавога заданьня. Але мы ставілі вялікае заданьне, і гэта быў вельмі амбітны плян».

Намесьнік міністра дадаў, што да Новага году «працэнт выкананьня пляну будзе больш сур’ёзны» за кошт продажу дзяржаўнай уласнасьці.

Эканаміст Леў Марголін: «У нас намалююць любую лічбу, калі гэта патрэбна. Да 1,3 мільярда дададуць 2,5 мільярда за „Белтрансгаз“. Разам — 3,8 мільярда. А гэта ўжо не 20% ад гадавога заданьня, а ўсе 60%».

«Гэта ня тыя інвэстыцыі, якія хацелася б бачыць у нашай краіне. Хацелася б бачыць новыя прадпрыемствы, новыя тэхналёгіі. А прадаваць тое, што зьвязана з прыроднымі рэсурсамі, нафтахіміяй, газам… Для гэтага вялікага розуму ня трэба».

Адсутнасьць вялікіх замежных інвэстыцый Леў Марголін зьвязвае і з унутранай сытуацыяй у Беларусі:
У краіну, дзе ўсе рашэньні, у тым ліку і ў эканамічнай сфэры, прымае адзін чалавек, сур’ёзныя інвэстары ня пойдуць

«Я ўжо ня буду гаварыць пра тое, што ўсе ведаюць — палітвязьняў, Алеся Бяляцкага. Я скажу толькі пра тое, што ў краіну, дзе ўсе рашэньні, у тым ліку і ў эканамічнай сфэры, прымае адзін чалавек, сур’ёзныя інвэстары ня пойдуць.

Вядома, што ў Беларусі даволі сур’ёзны ўклад інвэстараў у банкаўскі капітал. Але, наколькі мне здаецца, ён за год патаньнеў на 40%. Гэта значыць, калі інвэстар лічыў, што тут у яго ўкладзена, напрыклад, 20 мільёнаў даляраў, то да канца году іх засталося толькі 12 мільёнаў».

А як выглядае прыцягальнасьць Беларусі за мяжой, напрыклад, у бліжэйшых суседзяў — літоўцаў? На гэтае пытаньне «Свабоды» кіраўнік кампаніі «Партнэр у бізнэсе» Паўлюс Сянюта адказвае так:

«У вас ёсьць тавар — Беларусь. І вы, зразумела, спрабуеце паказаць яго як мага лепш, а значыць, і выгадней прадаць. Але ж, ведаеце, я не хачу пакрыўдзіць Беларусь, аднак калі тавар, як кажуць, ня вельмі, то рабіце што хочаце, а вынік вядомы. Хіба ж ня так?»

Я спытаў спадара Сянюту: чаму ж тады літоўскія бізнэсоўцы актыўна дзейнічаюць на беларускім рынку?

«А дзе ім рабіць бізнэс? Літоўскі бізнэс ужо звыкся з думкай, што Беларусь — непрагназавальная краіна. Але ж там можна неяк жыць. І калі няма альтэрнатывы, напрыклад, у іншым рэгіёне вялікая канкурэнцыя, то наш бізнэс ідзе ў Беларусь. Так, нашы бізнэсоўцы разумеюць палітычную сытуацыю ў вашай краіне. І гэта жахлівы мінус для Беларусі».