Алеся Бяляцкага перавялі ў Жодзіна

Алесь Бяляцкі

Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы, сёньня перавялі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

24 лістапада Першамайскі суд Менску прысудзіў старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму 4,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле рашэньня суду Бяляцкі таксама мусіць сплаціць 721 мільён рублёў стратаў і 36 мільёнаў рублёў дзяржаўнай пошліны.

Падставай для крымінальнага перасьледу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, якую перадалі беларускім уладам Міністэрства юстыцыі Літвы і Генпракуратура Польшчы.

У сваім апошнім слове на працэсе Алесь Бяляцкі адзначыў, што адчувае сябе абсалютна невінаватым, і выказаў цьвёрдае перакананьне, што крымінальная справа «ад пачатку да канца мае палітычны падтэкст, і выступленьне адваката і маё апошняе слова, на жаль, нагадваюць голас чалавека, які крычыць у пустыні і якому вельмі цяжка дакрычацца».

1 сьнежня адвакат зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Зьміцер Лаеўскі накіраваў у Менскі гарадзкі суд касацыйную скаргу на прысуд свайму падабароннаму.