«Стомленае і адчужанае пакаленьне»

НІСЭПД выдаў кнігу, прысьвечаную сацыяльна-палітычнаму партрэту беларускай моладзі — «Моладзь і грамадзянская супольнасьць у Беларусі: новае пакаленьне». Насуперак чаканьням, партрэт аказаўся ня вельмі аптымістычным — напрыклад, каля 70 працэнтаў беларускай моладзі пры магчымасьці гатовыя пераехаць у іншую краіну.

Прэзэнтацыя новага выданьня НІСЭПД адбылася ў будынку літоўскай амбасады ў Менску. Гэта ўжо другая кніга, выдадзеная на моладзевую тэму знаным сацыялягічным інстытутам, зарэгістраваным цяпер у Літве. Першая выйшла 12 гадоў таму, і сацыёлягі цяпер маюць магчымасьць параўноўваць дадзеныя дасьледаваньняў, праведзеных за гэты час, а таксама прааналізаваць зьмены ў сьветапоглядзе аднаго пакаленьня.

Асноўную выснову кнігі выказаў прафэсар Алег Манаеў — большая частка беларускай моладзі не падзяляе каштоўнасьці існуючай у Беларусі сацыяльна-палітычнай сыстэмы, але — паводле розных матываў і ў рознай ступені — выконвае задаваныя гэтай сыстэмай правілы.

Сацыёляг Аляксандар Сасноў прызнаўся, што падчас аналізу сацыялягічных дадзеных у яго зьявіўся пэўны пэсымізм. Калі раней здавалася,што за зьменай пакаленьня ці не аўтаматычна адбудуцца зьмены ў грамадзтве, то цяпер відавочна, што гэта не зусім так.
Паводле вынікаў дасьледаваньня высьветлілася, што зьмены будуць, але ня так хутка, як хацелася б

Сасноў: «Паводле вынікаў дасьледаваньня высьветлілася, што зьмены будуць, але ня так хутка, як хацелася б. Зьмены ў масавай сьвядомасьці праходзяць дастаткова паступова. Генэзіс такі — спачатку маладыя становяцца больш радыкальнымі, лібэральнымі, але з узростам гэта пачынае заціхаць, ажно да таго, што чалавек займае пазыцыю, супрацьлеглую той, што займаў у маладосьці. Зразумела, гэта ня ўсе, але многія праходзяць такую эвалюцыю».

Аляксандар Сасноў патлумачыў, што з узростам беларусы ўсё больш спадзяюцца на патэрналісцкую ролю дзяржавы, на яе дапамогу і менш давяраюць дэмакратыі й рынкавай эканоміцы. Яшчэ адна лічба, якая можа шакаваць многіх — паводле апытаньня , праведзенага сёлета ў сакавіку, каля 70 працэнтаў беларускай моладзі адказалі станоўча на пытаньне «Ці хацелі б вы пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства, калі б у вас была такая магчымасьць?»

У адным з артыкулаў кнігі Вольга Карач, лідэр кампаніі «Наш дом», назвала цяперашняе маладое пакаленьне «стомленым і адчужаным».

Паводле сацыёлягаў, нягледзячы на тое, што пераважная большасьць маладых людзей не прымаюць сёньняшнюю сацыяльна-палітычную сыстэму, толькі некалькі працэнтаў моладзі выбіраюць шлях барацьбы зь ёй. Прадстаўніца такой моладзі, намесьніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка, прысутнічала на прэзэнтацыі. У інтэрвію Свабодзе яна патлумачыла, што робіць Малады Фронт ва ўмовах абыякавасьці большасьці маладога пакаленьня.

Палажанка: «За 17 гадоў кіраваньня Лукашэнкі вырасла цэлае новае пакаленьне, якое ня тое што апалітычнае — яно проста абыякавае да ўсяго, пакаленьне спажыўцоў. І наша задача — вырваць моладзь з гэтага абыякавага стану, з гэтай шэрай масы, справакаваць яе на думку. Таму некаторыя акцыі „Маладога Фронту“ зьяўляюцца дзёрзкімі, выклікам. Мы робім усё магчымае, каб справакаваць моладзь выйсьці са свайго ўтульнага сховішча, якое на сёньня шкодзіць краіне».