Помнік Караткевічу ў Віцебску так і не адрамантавалі

Падчас нядаўняй сустрэчы з супрацоўнікам гарадзкога адзьдзела культуры Пятром Падгурскім неабыякавыя жыхары Віцебску зьвярталі ўвагу чыноўніка на тое, што помнік знакамітаму пісьменьніку вымагае рамонту. Але і да чарговых ўгодкаў земляка помнік так і не адрамантавалі.

26 лістапада да помніка Караткевічу прыйшлі тыя, хто хацеў адзначыць 81-ыя ўгодкі пісьменьніка. Ім давялося пераканацца, што стан помніка так і застаўся па-за ўвагай мясцовых чыноўнікаў – зь левага боку па-ранейшаму адвальваецца бляха, якая мусіць ахоўваць ад пашкоджаньняў галоўны канструкцыйны элемент – бюст пісьменьніка.

Помнік Уладзімеру Караткевічу быў пастаўлены ў Віцебску ў 1994 годзе, яго аўтар Іван Казак. Летась, калі адзначалася юбілейная дата – 80-я ўгодкі пісьменьніка, у Віцебску праходзілі разнастайныя імпрэзы, прысьвечаныя памяці Караткевіча. Селета ягоны дзень народзінаў прайшоў амаль не заўважна для гараджанаў – толькі аматары творчасьці Ўладзімера Караткевіча прыйшлі да помніка з кветкамі. І ўбачылі нярадасную карціну: помнік ня толькі не адрамантаваны, але яшчэ й не прыбраны: пустыя пляшкі ды іншае сьмецьце навокал сьведчаць пра тое, што сёлета пра ўгодкі пісьменьніка афіцыйныя структуры, верагодна, проста забыліся.