Вялікая Брытанія лічыць крымінальны перасьлед Алеся Бяляцкага палітычна матываваным, заявіла амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Размары Томас. Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас таксама назваў крымінальную справу Бяляцкага палітычна матываванай.
"Мы не разумеем, чаму трэба абыходзіцца падобным чынам з такім выбітным праваабаронцам, як Алесь Бяляцкі", - сказала яна. Паводле дыплямата, Эўразьвяз "будзе абмяркоўваць свае далейшыя дзеяньні" у сувязі з прысудам.
Пры гэтым Розмары Томас адзначыла, што ня можа камэнтаваць інфармацыю, якую раней распаўсюдзіла бэльгійскае інтэрнэт-выданьне EUobserver пра магчымасьць пашырэньня сьпісу неўязных беларускіх службоўцаў пасьля абвяшчэньня абвінаваўчага прысуду Бяляцкаму.
Алесь Бяляцкі - віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" - асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. Аргумэнты Бяляцкага аб тым, што сродкі, якія пералічваюцца на яго банкаўскія рахункі ў Літве і Польшчы, не зьяўляліся яго асабістым прыбыткам, суд палічыў неабгрунтаванымі.