Адзінокі боль вялікай Дукоры


Такое я бачыў хіба ў вандроўках па кінутых чарнобыльскіх вёсках. Хоць тое, што ў Дукоры творыцца нешта ня тое, адчуў зь першых хвілінаў.

У паселішчы, якое расьцягнулася на 7 км і дзе, паводле перапісу ў 1993-м, пражывала за паўтары тысячы насельнікаў, мне трэба было знайсьці вядомага на ўсю Пухавіччыну краязнаўцу, стваральніка ўнікальнага раённага дзяржаўнага музэю, што месьціцца ў рэстаўраванай панскай сядзібе, а таксама апазыцыйнага палітыка, спадара Васіля Сьвістуна. Інтэлігентнага выгляду бабулька, у якой запытаўся, як да яго прайсьці, параіла ісьці 3 км не зварочваючы і, уважліва зірнуўшы, зьдзівіла мяне пажаданьнем «посьпехаў у пошуку адрасата». Сэнс яе слоў зразумеў праз паўгадзіны, калі ў ніводнай (!) зь цесна прыціснутых паабапал дарогі хацін не пачуў і ня ўбачыў прыкметаў жыцьця. Аж пакуль з аднаго з двароў ня выбеглі дзьве козачкі з казьлянём, а ўсьлед за імі — апрануты ў хабэ мужчына. Аляксей — так яго звалі — патлумачыў:

Аляксей: «Там мо аж праз 5–7 хат нехта ёсьць — і тое наездамі прыяжджаюць…»

І тут жа панаракаў на коз:

Аляксей: «Сволачы рэдкія — упартыя, як казёл, і таму зь іх, як з казла малака. Зжэрлі капусту: яны ж грызь-грызь з кожнай — і ўсю градку вынішчылі. І малака па паўтара літра, але ім для гэтага шмат чаго панішчыць трэба…»


Аляксей пазначыў арыенцір — мой будучы герой жыве акурат насупраць зачыненай ды закалочанай крамы. Па дарозе ўдалося яшчэ пагутарыць з адзінокай бабулькай, што выйшла пасядзець на лаўцы — 80-гадовай спадарыняй Галінай.

Карэспандэнт: «Ня страшна вам у пустэльнай вёсцы?

Спадарыня Галіна: «Нармальна, нам усё харашо! Усе павыміралі, зьехалі на працу ў Менск — бабулі-пэнсіянэркі засталіся. Пэнсіі мне на адну хапае пакуль…»

Нарэшце я ў сьціплай хаціне 85-гадовага спадара Сьвістуна. Сэрвант, стары «Гарызонт», прагнутая канапа, зь якой цяжкавата падымаецца сівы гаспадар — апошнім часам хворы на ногі, дый ціск, маўляў, даймае. Але пасьля, калі завёўся ад размовы, у Васіля Мікітавіча зайгралі маладыя агеньчыкі ў вачах. Я ж напачатку толькі і змог запытацца:

Карэспандэнт: «Куды дзелася Дукора?»

Сьвістун: «У Менску, Пінску, Мазыры — дзе хто куды змог! (Сьмяецца.) Няма заробку, хоць зьявіўся першы аграгарадок у раёне 5 год таму — „Агра-Дукора“. Што пабудавана да аграгарадка? Два домікі — і ўсё! Сюды прыехала адна сям’я з Казахстану, другая — з Магілёўскай вобласьці. З Казахстану — гаспадыня даярка, дзьве дачкі, муж трактарыст. Але так атрымалася, што добрага трактара ў калгасе не было — яму далі трактарок выскрабаць гной на фэрме за 400 рублёў. У даярак тры дойкі, а палове на чацьвёртую ўстаюць, возяць за 5 км адсюль…»

Пазьней я пастукаў у адзін з дамкоў. Адчыніла гаспадыня. Але размова выйшла кароткая.

Спадарыня: «Домікі не прэзыдэнцкія, а калгасныя, не па пляне будаваліся — тут праводзілі побач газ. Лепш у той дом падыдзіце — я вам нічога не скажу!»

Карэспандэнт: «Баіцеся?»

Спадарыня: «Я чалавек прыежджы, мне ня трэба праблемаў. Я з Казахстану, а яна таксама даярка — зь Беларусі…»

У другім доміку ўсё было больш гасьцінна. Пульхнаватая і сьмяшлівая спадарыня Зоя Мялава запрасіла ў хату.


Карэспандэнт: «Зоя, калі ўсялялася, якія праблемы былі ў хаце?»

Мялава: «Паклеілі ўсё самі. Узімку, калі вецер, холадна — цяпло з газу…»

Карэспандэнт: «Дарагавата зараз будзе…»

Мялава: «Зараз так, але нічога!»

Карэспандэнт: «Беларусы і на цьвіках так кажуць…»

Мялава: (сьмяецца) «Ну, вады няма ў хаце, ані туалета, ані ванны. Каб якія пасадкі былі — дык цяплей, калі вецер. Але пакуль усё вырасьце, падымецца!»

Карэспандэнт: «Сьвінчо не загоніш у гумно, што як сабачая будка?»

Мялава: «Заганяем жа! Безь сьвіньні цяпер нельга — там і куры. Лазьню пабудавалі сваю — бяз лазьні нельга…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Што з заробкам на фэрме?»

Мялава: «Сёлета, як і ў мінулым годзе, бруднымі — мільён дзьвесьце, чыстымі і мільён не выходзіць. Вылічваюць падатковыя, прафсаюзныя, пэнсійныя. Утрох дзяцей, але ўжо пры сваіх грошах. Муж трактарыстам — цяпер гной раскідае. Узімку ня будзе заробку — 300 рублёў. А зараз паўтара мільёна атрымаў — дык гэта ад цямна да цямна і без выходных — у яго 30 выхадаў!»

Працягваем размову са спадаром Сьвістуном.


Карэспандэнт: «А з чаго заняпад здарыўся?»

Сьвістун: «Зь перабудовы кадравая чахарда пайшла. Было што красьці — пакралі. Ціха ўсё робіцца тут. Дарогу заасфальтавалі раней — аграгарадок абсалютна нічога ня даў! У цэнтры калгасную кантору двухпавярховую пабудавалі пры Савецкім Саюзе, Дом культуры, крамы пры Саюзе, царкву ў перабудову, парк тады таксама. Канюшня была на 100 коней — ніводнага няма, кароўнік стаіць пусты. Тут толькі сьвінафэрма — пры саюзе было 3600 галоў, сёньня 100 няма. І 400 рублёў памянёныя атрымліваюць — людзі сыходзяць. Вы паглядзіце — за хатай вышэй за мой рост бур’ян. Гаспадары жывуць у Менску — для іх гэта лецішчы, а сельсавет ня ў стане прымусіць прыбраць. Насупраць мяне крама зачыненая. Народ разьбегся, таваразвароту няма, мясцовага чалавека на працу таксама…»

Зноў-такі пазьней спыніў чалавека на ровары. Пажылы мужчына з клункам на багажніку ахвотна спыніўся пагутарыць. Гэта быў 64-гадовы спадар Мікалай Майсееў.
У цэнтры пляшку гарэлкі ўзяў — назад еду

Майсееў: «У цэнтры пляшку гарэлкі ўзяў — назад еду. Я сам чарнобылец — зь Веткі, 20 гадоў тут пражыў, жонка памерла — рак. Пазнаёміўся з жанчынай — пераехаў у Турэц, за 5 км. Машына прывозіць прадукты ў панядзелак і ў чацьвер. Я працую тут, у Дукорцы, цялятнікам — у сярэднім 600 выходзіць. Жонка разам са мной — мільён дзьвесьце на дваіх. Я хату ў крэдыт купіў — тры гады плаціць па 500 тысяч у месяц…»

Карэспандэнт: «А які сэнс з Турца ў Дукорку пераяжджаць?»

Майсееў: «Сын жыве ў Мар’інай Горцы, дачка ў Сьмілавічах — бліжэй, карацей да шашы…»

Карэспандэнт: «Пацягнеш?»

Майсееў: «Як атрымаецца…»

Патлумачу, адкуль узялася назва — Дукорка. Дукора ў савецкія часы стала вясковым мэгаполісам з трох суседніх вёсак, якія зьядналіся — уласна Дукора, Харовічы і памянёная Дукорка. Апошнім усплёскам мясцовага супраціву «ўладнаму бязьмежжу» быў надрукаваны ў незалежным друку адкрыты ліст і заява ў пракуратуру колішняга юрысконсульта «Агра-Дукоры» Сяргея Шостака. Ён выкрыў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Турка ды старшыні СВК «Дукора» Дамарада, якія яшчэ ў 2005-м, цытую, «фактычна падаравалі прадпрымальніку Немагаю сажалку плошчай 11 га. Матэрыяльныя страты гаспадаркі склалі 116 млн рублёў».

І яшчэ, паводле заявы — «Дамы-катэджы — суцэльная халтура, людзі зьяжджаюцца для атрыманьня жыльля з усёй краіны. Карэнных дукорцаў амаль не засталося. Цякучасьць кадраў агаляе безгаспадарчасьць кіраўніцтва. Напрыклад, галоўны заатэхнік мяняецца кожны год з апошніх чатырох. Пры будаўніцтве аграмястэчка ня выкананыя дзяржстандарты. Цеплатраса ўсю зіму знаходзіцца ў раскапаным стане».

Раённы пракурор таксама выявіў парушэньні закону і параіў Шостаку зьвярнуцца ў суд. Але кіраўнік СВК Дамарад пасьпеў звольніць яго па скарачэньні кадраў. Сытуацыю адсочваў і сакратар Пухавіцкага райкаму тагачаснай ПКБ Васіль Сьвістун. Вось яго вэрсія:


Сьвістун: «Шостак — заежджы расеец, прыехаў у часе перабудовы, ён калючы быў хлопец. Працаваў у канторы, празь яго праходзіла ўся дакумэнтацыя. Мала-памалу счапіўся са старшынёй, той яго выгнаў, тады ён „кальнуўся“ на ўсё, што ведаў…»

Карэспандэнт: «Яго выбух і тое, што казаў, — справядліва было?»

Сьвістун: «Справядліва, але даказаць ня ў стане быў — не далі…»

Карэспандэнт: «Зараз я зьвяртаюся да вас як да палітыка. Гарадок „Агра-Дукора“ — наколькі заканамерны яго крах?»

Сьвістун: «Сыстэма такая, што пры ёй немагчыма весьці гаспадарку. Яна дазваляе красьці. І мясцовыя кіраўнікі падпарадкаваныя ёй. А віна Лукашэнкі — занадта захапляецца паказухай, а яна нерэальная. Апазыцыю „адмарозкамі“ і як нас толькі не называе, што непрыгожа зь яго боку. Сапраўдныя ж эканамісты, прафэсіяналы ад яго сышлі і ня пойдуць да яго…»

* * *
Распытваю Васіля Мікітавіча, у якога краязнаўчы стаж 30 год, пра тое, як удалося ў савецкія часы стварыць і афіцыйна зарэгістраваць музэй у асобна ўзятай Дукоры. Між іншым, і тады гэты выпадак называлі ўнікальным на абшарах усяго СССР.

Сьвістун: «Вучні памочнікамі былі — мы ў 1964-м першую экспазыцыю музэю афіцыйна далі. Калі шукалі матэрыял, даведаліся, што ў 1966-м школе Дукорскай 100 год, як адчынілася. Нам цесна было. І за дзяржаўны кошт адрамантавалі двухпавярховы сядзібны домік на 196 квадратных мэтраў. У 1968-м мы патрапілі на ВДНГ і занялі першае месца, у 1969-м экспанаваліся ў Манрэалі, пасьля чаго музэю адразу надалі званьне „народнага“. Мінкультуры вынесла пастанову ствараць краязнаўчы дзяржаўны музэй Пухавіцкага раёну — адкрылі тут 3 студзеня 1973 году, мяне зрабілі дырэктарам. Працаваў да 1983-га, атрымаў інфаркт, сышоў на пэнсію і пайшоў музэй з рук у рукі да перабудовы. І яна ўжо паклала на лапаткі, бо паводле тагачасных правіл дарэвалюцыйны пэрыяд мог займаць ня больш за 40%, 60% — савецкі. Больш як 100 мэтраў савецкай экспазыцыі — о, камуністаў паказвалі! І хлоп, закрылі!»

Апошнімі месяцамі ў Васіля Мікітавіча ўзьнікла надзея на аднаўленьне гістарычных мясьцін. Хоць застаюцца асьцярогі, якімі таксама падзяліўся.


Сьвістун: «Сядзібу ніхто не падтрымліваў. Хлопец тут задумаў нешта накшталт Дудутак зрабіць. Прасіў мяне стаць кансультантам, але стары, адзінокі — жонка памерла ў мяне. Але дапамог яму праект гістарычнага комплексу ствараць. Я ўхваляю, што ён робіць, хоць ня згодны, што на камэрцыйнай аснове, але час такі. Дык трапілася адна карэспандэнтка зь „Менскай праўды“ — напісала прыгожа, але „нягодныя партызаны ўзарвалі такі палац!“ Дастаткова было, каб мне жалезны ланцуг на сэрца надзець. Бо яна ні слова не напісала, што стаяла ў сядзібе камэндатура СС ды СД, якая займалася агентурнай працай, таму і ўзарвалі. У нас расстралялі немцы 624 чалавекі па Дукоры, 130 дамоў было — 98 спалілі. Пра гэта ані слова. Дык вось баюся, каб гэта не паўтарылася. У Дукору немцы прыйшлі 1 ліпеня. 5-га прыйшоў сакратар райкаму Пакроўскі і стварыў першую падпольную групоўку. 8 жніўня быў створаны першы ў вобласьці партызанскі атрад. Я ў 41-м браў непасрэдны ўдзел у гэтай працы…»
У нас расстралялі немцы 624 чалавекі па Дукоры, 130 дамоў было — 98 спалілі. Пра гэта ані слова

Карэспандэнт: «Празь сядзібу, якую вы хочаце аднаўляць, прайшлі і Манюшкі, і Агінскія, і Ашторпы…»

Сьвістун: «Так, яна пераходзіла з рук у рукі — у асноўным перапрадавалася. Ашторпаў два пакаленьні найбольш валодалі. У першым генэрал-інтэндант часоў швэдзкай вайны Расеі. Уся сядзіба перайшла да яго — павёў вельмі моцна гаспадарку. А сын вёў разгульнае жыцьцё — як у Пушкіна, „давал три бала ежегодно и промотался наконец“. Да яго ў Дукоры было шмат татар, займаліся гароднінай і скураной справай — вяроўкі вілі. Ён ці заціснуў іх, ці зьняважыў — татары сышлі ў Сьмілавічы. Пасьля Дукору „акупавалі“ яўрэі…»

У 30-я гады мінулага стагодзьдзя ў Дукоры ўзьнік нават габрэйскі калгас, але…

Сьвістун: «Два гады пабыў ён, распаўся — ня той гешэфт , ня ўмеюць яны рабіць на зямлі…»

Мо самая значная, як кажа, па закліку і болю сэрца, краязнаўчая праца спадара Сьвістуна — дасьледаваньне ды стварэньне мартыралёгу ахвяраў габрэйскага гэта ў Дукоры. Яно ўзьнікла ў 1941-м, адразу пасьля прыходу немцаў.

Сьвістун: «Некаторыя зьехалі на Ўсход, але такіх вельмі мала — старшыня сельсавету Левін Абрам узяў палутарку, міліцыянта і дунуў. Немцы далі загад рабіць гета. Абгарадзілі плотам некалькі вуліц — Кастрычніцкую, Садовую, Першамайскую. Не выпускалі іх нікуды. І 10 кастрычніка 41-га прыехала спэцкаманда. Стала калідорам — выходзь! Вывелі калёну за рэчку, а там кулямёты стаялі — расстралялі прыкладна 400 чалавек. Трапілі некалькі менскіх габрэяў — думалі ўратавацца, аж іх раней, чым у Менску, расстралялі. Помню, перад тым як расстралялі, ля Пакроўскага сабралася чалавек 20 маладых мужчын-яўрэяў. Кажа, чаму б вам у партызаны не пайсьці? А горш, кажуць, ня будзе? Усё! Калі ім сьмерць лепш, чым ваяваць! Фаталізм яўрэйскі — нешта незразумелае. Іх вывелі расстрэльваць — там ззаду кусты. Нашых палова б разьбеглася, а яны стаялі. Адзін за 80 па прозьвішчы Кусель — ён ірвануў зь дзьвюма дзяўчаткамі 6 і 4 год. Прыбеглі ў вёску, пражылі з тыдзень. Але рэхнуўся, відаць — узяў дзяцей за руку і ў камэндатуру. А там бярэ рыдлёўку, па галаве трэсь — пашкадавалі патронаў для 4-гадовай дзяўчынкі…»

З Васілём Мікітавічам гартаем надрукаваны ім машынапісны кандуіт на 107 старонак.


Сьвістун: «Да кожнага расстралянага зрабіў даведку — год і дзень нараджэньня, дзе і ў якіх умовах загінуў, кім працаваў. Калі пачалі пісаць кнігу » Памяць«, да мяне прыехала Іна Сямёнаўна, намесьніца па ідэалёгіі, даў ёй сьпісы. Але ў складальнікі кнігі „Памяць“ не ўключылі, не запрасілі…»

Карэспандэнт: «Васіль Мікітавіч, калі я да вас ішоў, заўважыў некалькі шыкоўных катэджаў яўна нетутэйшага гарту…»



Сьвістун (сьмяецца): «У ружовым доме нейкі міністар будуе сабе лецішча, зьлева казачнай формы — з МНС рэспубліканскага. Чаго лезуць у Дукору? Непадалёк ад гораду, асфальтавая дарога, газавая траса праходзіць, лес побач, рэчка Сьвіслач, штучныя сажалкі…»

Карэспандэнт: «Камо градзешы — як вы думаеце, што чакае Дукору?»

Сьвістун: «Упадак — ён будзе ісьці да перамены ладу…»

Карэспандэнт: «А гісторыя дае моц месцу?»

Сьвістун: «Давала — і крэпкую моц! А зараз гэта незаўважна, бо ля руля стаяць усе людзі, што прыехалі — ім да лямпачкі ўсё, ані родных, нікога тут няма — што ім Дукора? Дукора выстаіць! Што надзею дае? Дукора на скрыжаваньні бойкіх дарог, гістарычная адзнака на ёй ёсьць, і ў далейшым сабе пакажа…»
Падарожжы Свабоды