Чаму Аляксандар Лукашэнка спыніў намеры ўраду праводзіць больш рынкавую эканамічную палітыку? Ці спадзяецца афіцыйны Менск зноў на дапамогу Расеі і ці бескарысьлівая гэтая дапамога? Чаму беларускі кіраўнік баіцца эканамічных рэформаў?
На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.
— Аляксандар Лукашэнка фактычна забараніў ураду праводзіць рынкавыя перамены і нават прыгразіў адстаўкай тым чыноўнікам, што ставяць пад сумнеў дагэтулешнюю эканамічную палітыку. Пэўны час гэтая палітыка мела посьпех, але скончылася ў 2011 годзе 100-працэнтнай інфляцыяй і трохразовай дэвальвацыяй… Дзеля чаго яе працягваць?
— Кожны прыём, спосаб, мэтад — абмежаваны сам у сабе, у сваіх магчымасьцях. Я магу вымераць нешта на пальцах — пакуль мне трэба рабіць нешта прымітыўнае. Але потым ужо спатрэбяцца дакладныя вымяральныя прыборы. Таксама і тут. Можна было пэўны час выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс. Але калі ён ужо вычарпаны і больш нічога не дае, то колькі ні цісьні на гэты лімон, ліманаду зь яго ўжо ня зробіш.
— Тыя эканамічныя посьпехі, якія былі ў Беларусі, былі дасягнутыя ня толькі адміністратыўным рэсурсам, але і дапамогай Расеі, якая вылівалася ў мільярды даляраў штогод. Можа, зараз Лукашэнка разьлічвае зноў на гэтую падтрымку і некаторыя апошнія навіны нібыта гавораць якраз пра гэта?
Рабіць рэформы — гэта дастаткова балюча, як усялякае лячэньне. І той, хто лечыцца, павінен быць гатовы цярпець. А зараз людзі скажуць — «дзеля каго цярпець?»
— Ведаеце, мяне фармулёўка пра расейскі альтруізм, пра іхнюю дабрыню ўвесь час зьдзіўляе. Даўно ўжо — гадоў тысяч дзесяць, як скончыўся першабытны лад — ніхто нікому нічога бясплатна не дае. Расея нешта выгадвала, нешта купляла за свае датацыі, нешта атрымлівала ўзамен.
Значыць, зараз Лукашэнка зноў нешта паабяцаў, калі яны зноў даюць грошы. І нам, грамадзтву, цалкам незразумелыя ўмовы гэтых пакуль толькі абяцаных крэдытаў і зьніжак па газе. Давайце дажывем да 1 студзеня і ўбачым, што ў нас ёсьць на лічыльніку і што Расея ўзяла ў выніку ад нас.
— Ці ня ёсьць у жаданьні Лукашэнкі адмовіцца ад тых мінімальных рынкавых крокаў, што прапаноўваў урад, сярод іншага і боязь, што эканамічная лібэралізацыя можа з часам прывесьці і да большых палітычных свабодаў?
— Як майстар маніпуляваньня масамі Лукашэнка зразумеў, што ўспрымальнасьць беларусаў да зьменаў на сёньня вычарпаная. Гэта як доктар, які ня хоча чапаць хворага — маўляў, няхай сам неяк дажывае. Бо рабіць рэформы — гэта дастаткова балюча, як усялякае лячэньне. І той, хто лечыцца, павінен быць гатовы цярпець. А зараз людзі скажуць — «дзеля каго цярпець?»