З былым палітвязьнем Сяргеем Казаковым не працягнулі кантракт

Сяргей Казакоў (у чорным) на адной з маўклівых акцый.

Уладзімеру Яроменку ва ўнівэрсытэце вынесьлі апошняе папярэджаньне. Алесю Кіркевічу не ўдалося паступіць у ЭГУ. Зьмітра Дразда не выпускаюць за мяжу. Як праходзіць рэабілітацыя былых палітвязьняў, якія адседзелі за падзеі 19 сьнежня?

Сяргей Казакоў пасьля зьняволеньня вярнуўся на сваю ранейшую працу, у фірму «Садавінаэкспарт», але пасьля 10-дзённага арышту за ўдзел у акцыі салідарнасьці яго звольнілі:

«Цяпер я не працую, кантракт на працы са мной не працягнулі. Паколькі я судзімы, трапляю пад нагляд, таму часам да мяне заходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Але сур’ёзных „наездаў“ пакуль няма. Настрой не зьмяніўся, буду працягваць працаваць».

Маладафронтаўца Ўладзімера Яроменка пасьля адседкі за падзеі 19 сьнежня аднавілі на вучобе ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. А пры канцы верасьня, у 20-ю гадавіну абвяшчэньня «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі, яны разам з Настай Палажанкай спрабавалі вывесіць сьцягі ў цэнтры Менску, але былі затрыманыя. Уладзімера Яроменка асудзілі тады на 12 сутак арышту:

«Выклікалі ў дэканат, мяне папярэдзілі, што калі будзе яшчэ адзін адміністрацыйны арышт — мяне выключаць. Але пакуль яшчэ я студэнт. Навучаюся, займаю актыўную грамадзянскую пазыцыю, зьяўляюся сябрам «Маладога фронту».

Уладзімер Яроменак


У другога маладафронтаўца, Алеся Кіркевіча, з вучобай пакуль ня выйшла:

«Буксуе, скажам так, эўрапейская бюракратыя. Была спроба паступіць у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, але там сказалі, што набор скончыўся летам. Не хацелі браць пад увагу ніякія абставіны. Потым фонд „Салідарнасьць“ таксама вёў зь імі перамовы, але безвынікова. Пакуль з вучобай вось так сумна атрымліваецца. Пакуль ня ведаю, на наступны год буду паступаць туды ці буду спрабаваць нешта іншае. Пакуль у падвешаным стане. Займаюся літаратурай і журналістыкай. Ну, і галоўным чынам усё ж такі „Маладым фронтам“, арганізацыяй, за якую сеў і ў якой працягваю дзейнасьць і цяпер».

Алесь Кіркевіч


Навукоўца Зьмітра Дразда не выпускаюць за мяжу, а яму трэба працаваць у віленскіх архівах, каб выдаць працяг дасьледаваньня «Землеўласнікі Мінскай губерніі 1861–1900 гадоў»:

«Хачу да Новага году пасьпець зрабіць другое выданьне кнігі. У Горадні працаваў цэлы тыдзень у архівах. Галоўная праблема зараз — спрабаваў выехаць у Літву, а мяне ня выпусьцілі. Узяў даведку ў пашпартным стале, выявілася, што я па-ранейшаму падазраваны па крымінальнай справе. То бок калі мяне арыштавалі 7 лютага — унесьлі ў „чорныя сьпісы“ невыязных, і з тае пары я ў гэтых сьпісах. Суд быў, я ўжо адседзеў, на волю выйшаў, а па паперах я лічуся яшчэ падазраваным».


Зьміцер Дрозд (справа) вітаецца з Васілём Парфянковым.


А вось Паўлу Вінаградаву выехаць за мяжу ўдалося. У ліпені ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» Павал пабраўся шлюбам са Сьвятланай Гарохавік, і тады замест мядовага месяца ў маладых было толькі доўгатэрміновае спатканьне цягам трох сутак. А зараз яны накіраваліся ў сапраўднае вясельнае падарожжа ў Італію, у Палерма, дзе жыве маці Паўла.


Павал Вінаградаў