"Ніхто б ня езьдзіў гандляваць палівам за мяжу, каб тут былі годныя заробкі"

Рашэньне ўладаў абмежаваць паездкі за мяжу на ўласным аўта выклікала абурэньне ў перавозчыкаў паліва на беларуска-польскай мяжы, якія такім чынам страцілі магчымасьці для дадатковага заробку. Шмат хто зь іх лічыць, што такое рашэньне ўладаў абмяжоўвае канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня.

У панядзелак з раніцы на пагранічным пераходзе "Брузгі – Кузьніца Беластоцкая" ня вельмі людна. Адзін з кіроўцаў тлумачыць, што так будзе толькі да абеду, а потым чарга разрасьцецца. Тым часам аўта ўсё пад'яжджаюць і пад'яжджаюць.

Сёньня кіроўцы абмяркоўваюць уведзеныя ўрадам новыя абмежаваньні на паездкі за мяжу. Улетку паездкі абмежавалі да аднаго разу на пяць дзён, а зараз прэм’ер Мясьніковіч паведаміў, што на ўласным аўта можна будзе ехаць за мяжу толькі раз на восем дзён.

Гэта азначае, што ў месяц можна будзе зрабіць замест 4–5 паездак толькі 3–4, а страхоўка на машыну як раней, так і цяпер каштуе больш за 70 даляраў на месяц.

Спадар: "Дурдом нейкі робяць, толку з гэтага. Людзям трэба жыць, і яны ўсё роўна будуць езьдзіць. З такім цэнамі, як у нас… Во, схадзіце апраніце зараз дзяцей на рынак…".

Другі спадар: "Ну і навошта яны ўводзяць гэтыя абмежаваньні?".

Спадарыня: "Дык увялі б 20 літраў паліва на адну паездку, і няхай бы людзі езьдзілі…"

Спадар: "Тут справа ня ў паліве, яны іншага хочуць…"

Спадарыня: "Тут наагул абмяжоўваюцца правы чалавека на паездку за мяжу. Дзе, скажыце, у якой краіне такое робіцца?"

Да нашае размовы далучаюцца іншыя людзі. Асноўны іхні аргумэнт супраць новага абмежаваньня зводзіцца да таго, што ніхто б ня езьдзіў з палівам за мяжу, каб мог атрымліваць годны заробак у Беларусі.

Спадарыня: "Вядома, мы ўсё адтуль прывозім для сям’і, бо тут цяжка жыць і працаваць. Хоць туды праехацца і нешта зарабіць, дык бачыце… Мы супраць гэтага новаўвядзеньня. І так плацім 70 даляраў за страхоўку ў месяц, нам гэтыя паездкі акупляцца ня будуць".

Карэспандэнт: "А які ў вас заробак, колькі атрымліваеце ў месяц?"

Спадарыня: "Мільён. А што можна на гэты мільён? Нічога нельга…".

Ейная сяброўка: "Калі ёсьць дзіця, нічога на гэты мільён ня купіш…".

Іншая спадарыня: "А мой сын робіць на працы і атрымлівае 500 тысяч. Ён мне тэлефануе і пытаецца – як пражыць за 500 тысяч? А хлопец адвучыўся і працуе зваршчыкам".

Пытаюся ў людзей, што яны зьбіраюцца далей рабіць. Суразмоўцы толькі апускаюць вочы, ня маючы адказу.

Спадар: "Ну вось тады ўлетку, калі ўводзілі адзін раз на пяць дзён, паўстала тут сьцяна, пратэставалі… Ну і што, павыклікалі па адным, штрафы падавалі і нават судзілі людзей…"