Беларускі рубель пахавалі. Цяпер зноў гатовы перайсьці на расейскі

Аляксандар Лукашэнка больш не трымаецца за фінансавы сувэрэнітэт і гатовы разглядаць расейскі рубель у якасьці адзінага плацёжнага сродку ў межах чарговага супольнага праекту з Расеяй і Казахстанам – эўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Экспэрты лічаць, што ўлады Беларусі, абясцэніўшы нацыянальныя грошы, ня маюць іншага выйсьця, як шукаць паратунку ў больш надзейнай валюце.

Пасьля перамоваў з прэзыдэнтамі Расеі і Казахстану Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за апошнія гады заявіў пра магчымасьць пераходу (пакуль у міждзяржаўных разьліках) на расейскі рубель. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію каналу "Расея 24":

"Давайце пяройдзем у нашых разьліках на нацыянальную валюту. Давайце на расейскі рубель. Чаму мы, разьлічваючыся з вамі за энэрганосьбіты, за сыравіну, за іншае, што мы ў вас набываем, купляем даляры, потым вязём, плацім іх вам і г.д… Давайце пяройдзем на расейскую валюту. Ваш прэзыдэнт адназначна гэта падтрымаў, прэзыдэнт Назарбаеў таксама. А затым чаму б ня ўвесьці разьліковую адзінку, як вы яе назвалі, — экю? Так мы праз гэта можам прыйсьці, як прыйшлі праз Мытны саюз да Адзінай эканамічнай прасторы, можа, вырулім і на расейскі рубель. Калі ён будзе для ўсіх цікавы. А ў яго вельмі шмат складнікаў для таго, каб уяўляць усім інтарэс".

Многія экспэрты і раней прагназавалі: завёшы сваёй сумнеўнай фінансавай палітыкай краіну ў тупік, улады пачнуць шукаць варыянты мінімізацыі залежнасьці ад "непрадказальнага" беларускага рубля. Сярод найбольш відавочных шляхоў – вяртаньне да ідэі расейскага рубля ў якасьці адзінай разьліковай валюты. Афіцыйная прапаганда ўжо не тыражуе запэўніваньні Лукашэнкі наконт таго, што ён ня будзе "паўзьці ў Крэмль на каленях", што б ні здарылася. Між тым, на думку незалежнага палітыка, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, пэрспэктыва ўвядзеньня ці неўвядзеньня расейскага рубля ня мае вялікага значэньня:

Аляксандар Ярашук

"Я ня стаўлюся сур'ёзна да гэтай пэрспэктывы з адной простай прычыны. Калі заводзяць нейкія размовы, што Лукашэнка – гэта гарант нашай незалежнасьці, што ён усё будзе рабіць, каб гэтую незалежнасьць зьберагчы, пойдзе на ўсё дзеля высокай мэты, і нават што тычыцца магчымасьці ўвядзеньня расейскай валюты, то і пры гэтым палітычна дзяржава застанецца незалежнай, – усё гэта, з майго пункту гледжаньня, глупства. Для мяне відавочна, што рэжым уступіў у сваю завяршальную, канчатковую фазу агоніі, таму ўсе такога кшталту захады ня будуць мець ніякага прынцыповага значэньня. Іншая справа, што і з расейскім рублём, і без расейскага рубля гэтая агонія будзе доўжыцца яшчэ досыць працяглы час, можа, нават некалькі гадоў. А які ўжо будзе сыход, якая будзе разьвязка – хутчэй за ўсё, на жаль, драматычнай будзе разьвязка, чаго вельмі не хацелася б, але відавочна тое, што ўлада таксама свой выбар зрабіла".

У дэклярацыі аб Эўразійскай эканамічнай інтэграцыі сьцьвярджацца, што далейшае збліжэньне трох дзяржаў адпавядае іх нацыянальным інтарэсам, спрыяе вырашэньню агульных задач на падвышэньне дабрабыту і якасьці жыцьця грамадзянаў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьцю, мадэрнізацыі і ўзмацненьню канкурэнтаздольнасьці ў рамках глябальнай эканомікі.

Аднак экспэрт у галіне міжнароднай эканомікі Станіслаў Гусак лічыць, што эканамічны складнік у чарговай інтэграцыйнай структуры мінімальны. На яго думку, Расея яшчэ больш прывязвае да сябе тэрыторыі, якія хоча выкарыстоўваць у якасьці інтэлектуальных донараў і "службы сэрвісу":

Станіслаў Гусак

"Я так думаю: пакуль будзе існаваць Масковія, на пра якія чэсныя дамоўленасьці гаварыць не выпадае. Бо Масковія заўсёды была накіраваная на тое, каб рабіць памежныя дзяржавы сваімі калёніямі. Так яна працуе і зараз. І тут ніякія эканамічныя, інтэграцыйныя выкладкі не праходзяць, калі пытаньне стаіць пра існаваньне імпэрыі. Перш за ўсё, гэта новыя тэрыторыі, новыя захопленыя народы. На жаль, Беларусь атрымае такую сытуацыю, што, па-першае, адсюль будзе адпампоўвацца ўвесь інтэлект, які будзе нараджацца і вырастаць, па-другое, зрабіць з гэтых рэгіёнаў народы, якія будуць папросту абслугоўваць Расею. Мне здаецца, сёньня гэта чытаецца настолькі проста, што па-іншаму я палітыку Расеі ўжо і не ўяўляю. А ўсё іншае, што яны там расказваюць – пра тое, як "касьмічныя караблі барозьняць Вялікі тэатар" – ужо слухаць надакучыла".

Апанэнты Аляксандра Лукашэнкі лічаць: ствараючы ўсё новыя інтэграцыйныя схемы на постсавецкай прасторы, Беларусь яшчэ больш аддаляецца ад магчымасьці сапраўднай эўрапейскай інтэграцыі, якая адкрыла б для краіны нашмат больш стратэгічныя зьнешнія рынкі.