Анатоль Вярцінскі: “Ня першую зіму воўк зімуе – перазімуем і мы”

Анатоль Вярцінскі

Рыхтуючыся да гутаркі з Анатолем Вярцінскім, я вырашыў усё ж зазірнуць у розныя даведнікі і спраўдзіць для сябе дату ягоных народзінаў. І даведнікі пацьвердзілі: 18 лістапада — юбілей. Але як даць паэту 80, калі ён і ў хадзе, і ў творчасьці, і ў палеміцы любога маладзёна за пояс запіхне? Ён — часты госьць на розных літаратурных імпрэзах, на старонках «Літаратурнай Беларусі» і «Дзеяслова», ды і на наша радыё заўсёды дарогу памятае. Вось і ў перадюбілейныя дні паэт бяз доўгіх угавораў завітаў у «Вольную студыю».

— Спадар Анатоль, віншуючы ў друку зь юбілеем свайго равесьніка Ніла Гілевіча, вы заўважылі, што няма старасьці тады, калі ты аддаў свой час і свае сілы справе, якая не старэе. Іначай кажучы, паводле вашаё лёгікі, узрост — рэч суб’ектыўная, зьвязаная з маральным самаадчуваньнем. А як адчувае сябе на сёньняшні дзень сам Анатоль Вярцінскі?

— Калі адназначна — не найлепшым чынам. Старасьці не існуе тады, калі справы, якім аддаў усе свае сілы, якім служыў верай і праўдай, ідуць добра, пасьпяхова, згодна з тваімі спадзяваньнямі. І тады ў цябе ёсьць упэўненасьць у заўтрашнім дні — дні твайго жыцьця, жыцьця тваіх блізкіх, тваёй краіны. У такім разе і надаецца табе порцыя-другая эліксіру маладосьці.

— Эліксір маладосьці заўважна прысутнічае ў многіх вашых вершах. Напрыклад: «Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць, каб сьветла-залатую яго ніць віць і далей — любоўю, праўдай дзейнай…». А ці адбываецца наяве гэтае летуценнае тварэньне — тварэньне нашага беларускага жыцьця?

— На жаль, даводзіцца гаварыць пра страчаныя ілюзіі. Сваю першую паэму, па-маладому натхнёную «Песьню пра хлеб», я прысьвячаў роднай вёсцы. А яна адыходзіць, памірае — пад гучныя заявы «о возрождении села». Шмат у мяне зьвязана ў творчых і маральных адносінах з пісьменьніцкай газэтай «ЛіМ», рэдакцыя якой знаходзіцца ў некалькіх кроках ад Плошчы Перамогі. Ад таго «ЛіМу» сёньня засталася, па сутнасьці, толькі адна
Літары і словы ў Канстытуцыі засталіся, а дух выпарыўся …

назва… З матчынай мовай крэўна зьвязаны выбар прафэсійнага занятку, гэты самы творчы дар. У Вярхоўным Савеце галасаваў за наданьне ёй, роднай мове, статусу адзінай дзяржаўнай мовы краіны. І яна нават станавілася такой. А сёньня ізноў у загоне, па-ранейшаму дыскрымінуецца. Галасаваў у тым жа Вярхоўным Савеце за новую Канстытуцыю, дзе чорным па белым запісана, што «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава», і што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ». Залатыя словы. А што маем у сапраўднасьці? Літары і словы ў Канстытуцыі засталіся, а дух выпарыўся. Як тут не старэць, скажы?

— Але ж вы маеце пэўную загартоўку, набыты яшчэ за савецкім часам адпаведны імунітэт. У канцы 60-х гадоў з самых высокіх трыбунаў вас асуджалі за кнігу «Чалавечы знак». А ў 1975 годзе ваша паэма «Заазер’е» выйшла ў Нью-Ёрку з антысавецкай прадмовай украінскага паэта Леаніда Палтавы. А гэта ўжо была сур’ёзная крамола. Як улады разьбіраліся з аўтарам?

— Як разьбіраліся? Выклікалі на самы верх і строга пыталіся, чаму я напісаў такі дрэнны твор, што яго т а м друкуюць.

— Нядаўна ў архіве Ларысы Геніюш я знайшоў копію яе ліста Алесю Белакозу за 1971 год, дзе паэтка выказвае гатовасьць бараніць Анатоля Вярцінскага ад усіх нападнікаў. Вы ведалі, што ў вас ёсьць гэткі абаронца?

— Да Алеся Белакоза ў слынныя Гудзевічы я неаднойчы езьдзіў у госьці, а вось наконт ліста Ларысы Антонаўны нічога, на жаль, ня ведаў. Яна, відаць, мела на ўвазе нападкі на мяне за паэму «Даруйце!» і той факт, што ў мяне даволі працяглы час не выходзіла новая кніга. Ну, а што датычыць загартоўкі, то ты маеш рацыю. Як любіў казаць мой бацька, ня першую зіму воўк зімуе. Перазімуем і мы«.

— Па Беларускім тэлебачаньні ледзь ні штодня ідуць сюжэты з розных гарадоў, куды ў тэрміновым парадку выехала група літаратараў з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. Пэўна, зьбіраюць матэрыялы для новай «Вайны і міру», якую запатрабаваў пакласьці на стол кіраўнік краіны. Як вы ставіцеся да такой зьявы, як сацыяльны заказ у мастацтве?

— Я не зусім разумею гэты заказ — стварыць грандыёзную эпапею, прысьвечаную яркаму герою моцнай і квітнеючай Беларусі. Тут я хачу
аўтар «Вайны і міру» ня толькі бязьлітасна выкрываў ваяўнічага, хворага на манію велічы імпэратара-дыктатара і паказваў народ як адзінага сапраўднага творцу гісторыі …

зьвярнуць увагу на два моманты. Па-першае, малаверагодна, што заказны наваяўлены твор, падобны ў нечым да талстоўскага, можа быць выдадзены ў дзяржаўным выдавецтве. Хутчэй за ўсё, ён будзе катэгарычна адхілены — па ідэйных меркаваньнях. Мы ж ведаем, што аўтар «Вайны і міру» ня толькі бязьлітасна выкрываў ваяўнічага, хворага на манію велічы імпэратара-дыктатара і паказваў народ як адзінага сапраўднага творцу гісторыі. Талстой увогуле, як мы памятаем з аднаго вядомага выказваньня, зьяўляўся «люстэркам расейскай рэвалюцыі» і быў выкрывальнікам «усіх і ўсялякіх масак».

— Я дадам — і з праваслаўнай царквой быў у нязгодзе. У вас пра гэта добра сказана ў адным зь вершаў.

— Так. «Талстога адлучаюць ад царквы, ад веры праваслаўнай адлучаюць. Анафэму Талстому абвяшчаюць цар сьвецкі і царкоўныя царкі…». Так што новаму варыянту «Вайны і міру» ў Беларусі ня суджана ўбачыць сьвет.
ці ня варта Аляксандру Лукашэнку (рызыка ж — справа высакародная) пераключыць увагу і сродкі на наш, «недзяржаўны, няправільны» Саюз пісьменьнікаў? …

Гэта па-першае. Па-другое, прэзыдэнт нядаўна прызнаўся, што любіць і цэніць кнігу і сумуе па беларускім творы-эпапеі, якую, аказваецца, не змаглі стварыць «дзяржаўныя» пісьменьнікі, нягледзячы на шчодрую падтрымку зь дзяржбюджэту. Калі гэта сапраўды так, то ці ня варта Аляксандру Лукашэнку (рызыка ж — справа высакародная) пераключыць увагу і сродкі на наш, «недзяржаўны, няправільны» Саюз пісьменьнікаў? Вярнуць яму, у прыватнасьці, ягоную законную ўласнасьць — Дом літаратара, перагледзець рашэньне аб зьмене статусу рэдакцый літаратурных выданьняў. Ну, і вядома ж, зьмяніць сёньняшнюю палітыку ў дачыненьні да беларускай мовы — мовы тытульнай нацыі, мовы, без якой ня можа стварацца сапраўдная нацыянальная літаратура. Упэўнены, што такія захады далі б добры плён, паспрыялі б і стварэньню эпічных палотнаў нашталт «Вайны і міру».

— Вы згадалі моўную палітыку ў нашай краіне, і мне згадаўся ваш верш «Здарэньне ў судны дзень, або Ніл Гілевіч як аргумэнт», дзе беларусы шукаюць, чым апраўдацца на самым высокім судзе. Ці існуе для вас пытаньне пра вернасьць мастака роднай мове? Вось я ўключаю БТ, а там драматург Аляксей Дудараў па-расейску гаворыць…

— Мы фактычна вярнуліся да думкі пра справы, якія не старэюць, служэньне якім прадаўжае нашу маладосьць — ва ўсякім разе маладосьць духоўную. Свае думкі пра вернасьць пісьменьніка роднай мове я выказаў у згаданым табой вершы. На тым высокім судзе Сын Божы не залічыў беларусаў у казловы статак дзякуючы таму, што ўбачыў жывы прыклад вернасьці матчынай мове, самаахвярнай мужнасьці ня здраджваць ёй… Ня мною прыдумана: жыцьцё кароткае — радзіма вечная. І ёсьць пэўная справядлівасьць у тым, каб з кімсьці дзяліцца калі ўжо не сваёй вечнасьцю, дык магчымасьцю не старэць, тым болей — раней часу.