Эканамічны крызіс і скандал у вярхах

Ці прайшла Беларусь ніжнюю кропку эканамічнага крызісу? Ці сьведчыць пра крызіс вярхоў канфлікт паміж урадам і адміністрацыяй прэзыдэнта і крытыка Лукашэнкам ураду? У чым прырода гэтага канфлікту – гэта канфлікт ідэалёгій ці барацьба за статусы? Па гэтых пытаньнях у “Праскім акцэнце” вядуць спрэчку эканамісты Міхась Залескі і Сяргей Чалы, а таксама мэдыякансультант, былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі.

Дракахруст: Як вы ацэньваеце бягучы стан беларускай эканомікі? Існуе меркаваньне, што зь вялікім спазьненьнем, на значна больш нізкім узроўні, чым да крызісу, яе ўсё ж такі стабілізавалі: даляр у абменьніках зьявіўся, курс рубля зьніжаецца, але больш павольна, чым увесну-ўлетку, адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таксама павялічваецца больш павольна, чым раней, у ліпені-жніўні яно было нават станоўчым. Дык, можа, ніз крызісу пройдзены і бачнае сьвятло ў канцы тунэлю?

Залескі: Можна глядзець на гэта па-рознаму. Эканоміка ёсьць і ў Самалі. І там таксама ёсьць тунэль у канцы сьвету. Я б сказаў, што стабілізацыя пэўная адбылася, але гэта стабілізацыя на ўзроўні рэанімацыі.

Дракахруст: А чаму на ўзроўні рэанімацыі? Можа, самы востры пэрыяд ужо пройдзены?

Залескі: Вернемся на зямлю. Летась закупачная бульба была па 1200, а цяпер па 800. Цікава, як яны будуць садзіць і сеяць у наступным годзе, гэтыя аграрыі. Вось які кліент у нас жывы.

Дракахруст: Сяргей, а як вы ацэньваеце бягучую сытуацыю: гэта стабілізацыя, выхад з крызісу, зразумела, балючы, ці гэта працяг падзеньня?

Сяргей Чалы

Чалы: Вострая фаза крызісу безумоўна завяршылася. Усе тыя фактары, якія вы, Юры, назвалі, пра тое сьведчаць. У выніку мы ўбачылі, што большасьць нашых праблем была выклікана адзіным макраэканамічным парамэтрам – няправільна ўсталяваным курсам рубля. Фактычная дэвальвацыя, якая потым была афіцыйна прызнаная ўладамі, зьліквідавала асноўныя дысбалянсы ў нашай эканоміцы. Апошняе, што засталося – гэта высокая інфляцыя, якая зьяўляецца наступствам гэтай самай дэвальвацыі.

Тое, што зараз адбылося – гэта вяртаньне ў рэчаіснасьць, эканоміка прыйшла дакладна
Тое, што зараз адбылося - гэта вяртаньне ў рэчаіснасьць

ў той стан, у якім яна мусіла быць бяз гэтых штучных высілкаў, да тых даходаў насельніцтва, якія яна была здольная генэраваць – гэта ў сярэднім каля 250 даляраў.

Дракахруст: Міхась, у свой час усе сьмяяліся зь відэароліка, дзе намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур нападпітку кажа бізнэсоўцу, які скардзіцца на крызіс: «Дружышча, ты жывеш не па сродках». Дык са словаў Сяргея вынікае, што галоўная праблема была менавіта ў гэтым. І яе зараз выправілі. Вы згодны?

Залескі: Дык што – у нас зараз зьнікнуць гэтыя запазычанасьці ў 30 мільярдаў даляраў, расквітнеюць аграгарадкі і ўся зьвязаная зь імі сыстэма, зьявяцца магутныя крыніцы падвышэньня канкурэнтаздольнасьці? Мне здаецца, не зьявяцца. Таму што нічога структурна не зьмянілася.

Чалы: Дэвальвацыя і была галоўным фактарам падвышэньня канкурэнтаздольнасьці. І мы ўбачылі бясплённасьць усіх гэтых праграм імпартазамяшчэньня, стымуляваньня экспарту, праектаў вырашэньня праблемы складзкіх запасаў.
Усё пытаньне было ў цане замежнай валюты

Усё пытаньне было ў цане замежнай валюты. Вы ж бачылі, што стымуляваньне экспарту адбылося рынкавым спосабам, у нас нават праблемы на ўнутраным рынку ўзьніклі, прадавалася ўсё, што раней ляжала на складах. Што тычыцца зьнешняга доўгу, то 30 мільярдаў – гэта сукупны доўг, зь іх дзяржаўнага 12 мільярдаў. Ён быў назапашаны як раз за гэтыя гады, з 2006 году, калі да гэтай мадэлі штучнага стымуляваньня ўнутранага попыту мы перайшлі.

З траўня гэтага году у нас нават крыху станоўчае зьнешнегандлёвае сальда. І я ня бачу падставаў, каб гэты доўг нарошчваўся далей. Так, ёсьць праблема піку яго выплат, які прыпадае на 2013-2014 год.

Урад гэтую праблему ўсьведамляе, яны плянуюць у бліжэйшыя гады зьнешнегандлёвы прафіцыт і наяўнасьць іншых крыніцаў. каб прафінансаваць выплаты па доўгу.

Аказалася, што справа не ў ідэалягічных канструкцыях, трэба было проста адпусьціць валютны курс. І праблема зьнешняй крэдытаздольнасьці аднаўляецца без удзелу ўладаў.

Залескі: Я хачу спытацца – а колькі разоў на год трэба праводзіць дэвальвацыю, каб захоўваць нашу канкурэнтаздольнасьць і надалей?

Чалы: Ніякай дэвальвацыі больш праводзіць ня трэба. Плаваючы курс будзе па вызначэньні балянсаваць патокі аплаты за імпарт і паступленьняў за экспарт. Тыя зьмены, што ў нас былі – з прыкладна 6 тысяч на канец траўня да 9 тысяч цяпер, як раз і кампэнсуюць розьніцу паміж унутранай інфляцыяй і інфляцыяй у нашых гандлёвых партнэраў, стала падтрымліваючы канкурэнтаздольнасьць. Пакуль улады ня маюць рэсурсаў, каб падтрымліваць фіксаваны курс, плаваючы курс будзе падтрымліваць канкурэнтаздольнасьць увесь час.

Залескі: Іншымі словамі, трэба разумець, што ў наступным годзе ў нас сярэдні заробак будзе 90 даляраў, як у Таджыкістане?

Чалы: Не, абсалютна. Сярэдні заробак у рэальным вымярэньні ў наступным годзе нават крыху вырасьце. Заўсёды вымушаная дэвальвацыя, якая здараецца такім катастрафічным спосабам, адбываецца зь пералётам. Рубель цяпер перадэвальваваны, і даходы насельніцтва
Рубель цяпер перадэвальваваны, і даходы насельніцтва аказаліся ніжэйшыя за раўнаважны ўзровень

аказаліся ніжэйшыя за раўнаважны ўзровень. За паўгода, максымум за год, адбудзецца выраўноўваньне. Я ня бачу падставаў, каб у даляравым выяўленьні заробкі падалі.

Дракахруст: Міхась, вы ўвесь час задаяце пытаньні. А вы можаце наўпрост сказаць, што Сяргей рацыі ня мае, а насамрэч будзе інакш?

Залескі: Я магу сказаць што заўгодна. Але насамрэч нічога не зьменіцца ў ідэях Сяргея Ткачова і ягонага баявога шэфа Аляксандра Рыгоравіча. А ідэі палягаюць у бясспрэчным выкананьні задач, пастаўленых антыканстытуцыйным органам – усебеларускім народным сходам. А гэтыя задачы загадваюць нарошваць дабрабыт насельніцтва. Без структурнай перабудовы нацыянальнай эканомікі.

Дракахруст: Міхась, Сяргей сказаў, што цяпер 260 даляраў сярэдні заробак.

Залескі: А я сказаў, што ў наступным годзе будзе 100.

Дракахруст: Гэта ваш прагноз ці жарт?

Залескі: Гэта мая упэўненасьць. На 11 лістапада 2012 году ў нас сярэдні заробак па краіне будзе 100 даляраў.

Дракахруст: І аргумэнт Сяргея вас не пераконвае? Тут можна прыгадаць расейскі дэфолт 1998 году. Напачатку гэта выглядала як катастрофа, але потым расейская эканоміка рванула ўверх. І заробкі спачатку ўпалі, а потым вырасьлі.

Міхась Залескі

Залескі: Яны напачатку ўпалі ў 4 разы. Вось калі яны ў нас упадуць у 4 разы, то гэта і будзе той цьвёрды грунт, ад якога можна адштурхнуцца.

У нас спрабуюць хвост сабаку адразаць за 10 прыёмаў. Пры тым ніхто нічога не зьбіраецца мяняць у эканоміцы, у арганізацыі вытворчасьці.
На 11 лістапада 2012 году ў нас сярэдні заробак па краіне будзе 100 даляраў

Я ўжо задаваў пытаньне – на чым будзе грунтавацца наша канкурэнтаздольнасьць. Быў адказ - на дэвальвацыі. І нам міністэрства эканомікі абяцае 22 тысячы беларускіх рублёў за даляр. Хіба яны кажуць ня тое самае, што і я?

Чалы: Не, яны кажуць зусім ня гэта. Няма праблемы – наша прадукцыя не прадаецца. Гэта пытаньне цаны. І дэвальвацыя яго вырашыла. Тое, што макраэканамічная раўнавага адноўленая - гэта відавочна.

У свой час МВФ лічыў, што курс рубля завышаны на 25%. За год адбылася трохразовая дэвальвацыя. А інфляцыя – двухразовая. Так што рэальны курс абрынуўся недзе на 45%, што ніжэй за рэальную велічыню.

Паводле мадэлі МВФ узровень заробкаў, які эканоміка можа вытрымліваць без дысбалянсаў – 250-350 даляраў. Мы зараз апынуліся на ніжняй мяжы.

Што тычыцца прагнозу курсу 22 тысячы за даляр – то гэта тыповае перакручваньне. Там было 4 сцэнары. Паводле базавага прагнозу там было 9700 на канец году. 22 тысячы – гэта была адмысловая страшылка для таго самага Сяргея Ткачова, які настойваў на выкарыстаньні эмісійных мэханізмаў для падвышэньня даходаў насельніцтва. Пасьля гэтага намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка паказаў яму слайд – вось што будзе з эканомікай, калі гэта рабіць.

Дракахруст: А зараз – да тэмы, наўпрост зьвязанай з эканамічным становішчам, да вострага публічнага канфлікту, які разгарэўся на гэтым тыдні на самым версе ўладнай піраміды. На пасяджэньні Саўміну адбылася сутычка паміж прэм'ерам Міхаілам Мясьніковічам і прыгаданым дарадцам прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Сяргеем Ткачовым. На другі дзень, у чацьвер кіраўнік дзяржавы фактычна салідарызаваўся са сваім дарадцам, даўшы водпаведзь ураду. Вось некаторыя цытаты з выступу Лукашэнкі:

Мяне ў апошні час усё больш і больш насьцярожвае праца нашага ўраду. Я не хачу даваць нейкіх ацэнак, скажу толькі адно, што вы значна саступаеце ранейшаму ўраду.

Апошнія прапановы (ня ведаю, хто зьяўляецца іх ідэолягам) ідуць насуперак тым рашэньням, якія вызначыў Усебеларускі народны сход. А гэта ўжо недапушчальна.

Трэба пачынаць працаваць не ў кабінэтах, а непасрэдна на зямлі, прадпрыемствах – з працоўнымі і сялянамі, тады вы зразумееце, што такое рынак, як жыве сёньня селянін, рабочы, ды ўжо і вялікая частка інтэлігенцыі. Хутка мы будзем сапраўды хадзіць у крамы, як у музэі. Мы ня будзем, але большая частка насельніцтва будзе туды прыходзіць, каб паглядзець на рынкавую эканоміку Мясьніковіча – Румаса.

Калі вы ня згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас перавядзем на жыцьцёвыя асновы, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёньня небагатая частка насельніцтва – а ў нас гэта большасьць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах. Вось тады вы, мабыць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сытуацыі павінны дзейнічаць. У мяне ўсё больш і больш зьяўляецца ў галаве такая шалёная думка.


На ваш погляд, у чым прычына канфлікту: гэта сутыкненьне розных эканамічных ідэалёгій, розных падыходаў, ці сутыкненьне статусаў – Мясьніковіч даў зразумець, што не дазволіць адміністрацыі прэзыдэнта сабой камандаваць?

Канфлікт наверсе беларускай улады мы папрасілі пракамэнтаваць былога кіраўніка Беларускай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Вось ягоны адказ на гэтае пытаньне.

Аляксандар Зімоўскі

Зімоўскі: Я мяркую, што эканамічныя погляды Міхаіла Ўладзімеравіча Мясьніковіча і Сяргея Паўлавіча Ткачова ня надта разыходзяцца. Проста ідзе барацьба не за набыцьцё паўнамоцтваў, а за сьпіхваньне адказнасьці.
Ідзе барацьба не за набыцьцё паўнамоцтваў, а за сьпіхваньне адказнасьці

Ніхто ня хоча набраць больш паўнамоцтваў, а потым за іх адказваць. Наадварот, ідзе барацьба за тое, каб перакласьці адказнасьць на ўрад ці на эканамічны блёк адміністрацыі прэзыдэнта. Ён з сыходам Кабякова вельмі аслабеў, там застаўся адзін Ткачоў як асоба, якая рэальна бачыць сытуацыю, хаця і своеасабліва. І падтрымаць яго няма каму. Калі б яны з Кабяковым разам былі на Саўміне, магчыма, гэтая сытуацыя б і ня ўзьнікла.

Дракахруст: Міхась, Сяргей, а якое вашае меркаваньне – гэта канфлікт ідэалёгій ці канфлікт пасадаў?

Залескі: Гэта канфлікт асобаў. Не ідэалёгіяў і не пасадаў. Гэта канфлікт пры двары, два прыдворныя спрачаюцца. Мы можам аналізаваць іх камуністычнае мінулае і іх капіталістычную будучыню, але гэта прыдворныя. У нас ужо няма іншых статусаў. Я ня думаю, што акрамя апаратных гульняў прыдворнага кшталту тут ёсьць нешта іншае. Аднолькава яны сапраўды думаюць, з адной камуністычнай партыі выйшлі, і самае галоўнае цяпер – гэта пазьбегнуць той пагарды масаў, якая чакае ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтым цырку.

Чалы: Я абсалютна нязгодны зь Міхасём. Я упэўнены, што гэта канфлікт нават не ідэалёгій, а сьветапоглядаў.
Ва ўрадзе нарэшце склалася кагорта рэфарматараў

Усе, хто хоць крыху ведае Мясьніковіча, разумеюць, што ён нармальны адэкватны рыначнік. Тое, што адбылося 8 лістапада на пасяджэньні Саўміну – гэта даволі рэдкая для нас падзея, калі прэм'ер адкрыта выступіў у абарону сваіх падначаленых, якія ў сапраўды цяжкой сытуацыі падрыхтавалі адзіна магчымы плян, які дазваляе стварыць базу калі не для разьвіцьця, то для выжываньня эканомікі. Іншых выйсьцяў у нас няма, у нас вельмі жорсткія гранічныя ўмовы, у нас няма ні зьнешніх ні ўнутраных крыніцаў росту.

Усё, што мы можам зрабіць зараз – гэта стабілізаваць сытуацыю, каб потым заняцца сапраўды структурнай перабудовай, якая таксама, дарэчы, прадугледжаная гэтым плянам, уключна з прыватызацыяй 2600 прадпрыемстваў і звальненьнем 160 тысяч работнікаў.

Фактычна можна сказаць, што ў нас ва ўрадзе нарэшце склалася кагорта рэфарматараў, гэта маладыя людзі, якім у раёне 40 гадоў: гэта міністар Снапкоў, гэта намесьнік міністра Ярашэнка, гэта віцэ-прэм'ер Румас, гэта намесьнік кіраўніка нацбанку Надольны. Яны гавораць на адной мове, яны выдатна разумеюць сытуацыю. І Мясьніковіч стаў на іх бок. Усё, чым мог запярэчыць Ткачоў на гэтым пасяджэньні – чаму такая высокая інфляцыя і чаму такія нізкія тэмпы росту. Ён, магчыма, кепска разумее, што гэта ўзаемавыключныя мэты. І яму некалькі разоў было сказана: выдатна, калі ласка, зробім усё, што трэба, скажыце толькі адно – дзе ўзяць на гэта грошы. Адказу на гэтае пытаньне не было.

На ўсебеларускім сходзе можна прыдумаць што заўгодна – 70% росту за 5 гадоў, 1000 даляраў заробак да канца пяцігодкі – але ёсьць рэчы, якія немагчыма зрабіць. Немагчыма, напрыклад, прымусіць чалавека лётаць.

Тыя дакумэнты, якія падрыхтаваныя – бюджэт, асноўныя накірункі грашова-крэдытнай палітыкі і парамэтры прагнозу на наступны год – гэта адзіныя магчымыя ў цяперашняй сытуацыі адэкватныя дзеяньні. Зразумела, што для дыназаўраў кшталту Ткачова, якія ня ведаюць нічога, акрамя савецкай эканомікі і вышэйшай партыйнай школы, гэта цёмны лес. І было зразумела, што ён, атрымаўшы водпаведзь ад Мясьніковіча, пабег і паскардзіўся прэзыдэнту. І па тым, што потым казаў прэзыдэнт, было зразумела, якія тэзісы там былі: што мы не выконваем абяцаньняў і што прапаноўваецца рынак, а мы ж павінны нешта рэгуляваць рукамі. Але калі Ткачоў такі разумны, то чаму ён не кіраўнік ураду?

Дракахруст: Часта, як гэта зараз зрабіў Сяргей, канфлікт падаецца як спрэчка паміж людзьмі непісьменнымі і пісьменнымі. Але магчыма справа крыху ня ў гэтым, а ў тым, што розныя палітыкі і чыноўнікі адстойваюць розныя інтарэсы. Сяргей кажа – альтэрнатывы няма. Але яна заўсёды ёсьць. І ў дадзеным выпадку яе ўвасабляюць ня толькі Ткачоў, але і Лукашэнка. Як пісаў Маркс, за кожнай эканамічнай тэорыяй стаяць пэўныя інтарэсы. І ня толькі царадворцаў ці цароў, але і пэўных групаў грамадзтва.

Зімоўскі: Вы маеце рацыю. Размова ідзе не пра ўратаваньне любой цаной эканомікі, а пра ўратаваньне палітычнага рэнамэ. Кепска выглядаць перад выбаршчыкамі, якія падтрымалі цябе год таму, нікому ня хочацца.
Тут дылема: ці ўратаваць сярэднюю клясу ці прынесьці яе ў ахвяру сацыяльнаму спакою

Пра выкананьне перадвыбарчых абяцаньняў мова не ідзе, тут хаця б захаваць тое, што ёсьць. Улічваючы гутаперчавае цярпеньне беларускага народу і яго здольнасьць да эканамічнай адаптацыі, цяпер нічога такога страшнага ў эканоміцы не адбываецца.

Страты закранулі толькі сярэднюю клясу. Што тычыцца пралетарыяту і калгаснага сялянства, па іх крызіс ударыў нямоцна з прычыны сувязяў гораду і вёскі, натуральнага абмену прадуктамі і г.д. Тут дылема: ці ўратаваць сярэднюю клясу ці прынесьці яе ў ахвяру сацыяльнаму спакою. Барацьба ідзе вакол гэтага.

Чалы: Тут сапраўды ёсьць прамы інтарэс прэзыдэнта, патрэба пазьбегнуць адказнасьці за тое, што здарылася. Правільна сказаў Мясьніковіч – гэта вынік плянаваньня ад жаданага апошніх 10-15 гадоў. Для жаданьняў нашых палітыкаў рэсурсаў няма. Гадамі рэсурсы на падтрыманьне таго ўзроўню жыцьця, які ў нас быў, заўсёды здабываў прэзыдэнт. Цяпер у яго гэта не атрымліваецца. Тым часам Мясьніковіч, двойчы сустрэўшыся з Пуціным, атрымаў, па меншай меры на словах, інтэграцыйную зьніжку з цаны на газ.

Залескі: Усе пэрсанажы, якія ўдзельнічалі ў гэтым канфлікце, сядзелі на так званым усебеларускім народным сходзе. А некаторыя нават дакумэнты рыхтавалі для гэтага самага сходу. І ўсе гэтыя «рыначнікі» падпісаліся пад рашэньнямі гэтага сходу. Зараз яны ўсе апраставалосіліся. А інтарэсы гэтых груп ня варта перабольшваць – у кожную зь іх уваходзіць чалавек па 40, ня болей. На народ ім начхаць – як адным, так і другім.

Дракахруст: Вось яшчэ адна цытата з Лукашэнкі: «Я цярплю гэта да 1 студзеня, а потым у вас застанецца тэрмін да 1 траўня, ну, да 9-га, да Дня Перамогі, і насельніцтва зусім па-іншаму павінна ацэньваць палітыку ў дзяржаве. Мы ўсё робім
На народ ім начхаць – як адным, так і другім

для людзей, а не дзеля нейкіх рыначных выкрутас. Зьбірайце ў кулак грошы і дзейнічайце. Час такі. А вы ўсё на рынак разьлічваеце».

Дык усё ж вывалачка, зробленая ўраду, не азначае, што варта чакаць адстаўкі ўраду, прэм'ера ці асобных міністраў і віцэ-прэм'ераў? Урад зроблены «хлопчыкам для біцьця»?

Залескі: Тут прагназаваць немагчыма, бо ў нас склалася фэадальная сыстэма. Як сэньёр захоча, так і будзе. Ён можа заўтра віцэ-прэзыдэнтам Мясьніковіча прызначыць, а Ткачова ў калгас адправіць. Гэта залежыць не ад эканамічнага становішча, а выключна ад таго, што падумае камандзір дзяржавы. Вынікае з гэтага толькі адно: грошы скончыліся, больш не пазычаюць, хваліцца няма чым і трэба рыхтавацца да плаўнага перамяшчэньня ў іншыя прасторы, а як гэта рабіць – ніхто ня ведае.

Дракахруст: Вось гэты канфлікт, асабліва з тым вынікам, які ён меў – што выклік, кінуты прэм'ерам фактычна прэзыдэнту, скончыўся проста яшчэ адным выпрабавальным тэрмінам – ці ня ёсьць гэта крызіс вярхоў, палова ленінскай формулы - «вярхі ня могуць кіраваць па-ранейшаму»?

Зімоўскі: Пра крызіс вярхоў пакуль гаварыць ня будзем. Дзяржапарат арыентуецца не на Мясьніковіча, а на Лукашэнку. Ён ніякіх уцямных сыгналаў ад Мясьніковіча не атрымліваў. Можа і атрымліваў, але 10 гадоў таму. Ніколі ў

Дзяржапарат арыентуецца не на Мясьніковіча, а на Лукашэнку

Беларусі, прынамсі за апошнія 5 гадоў, не было такога, каб думалі, у якія дзьверы грукаць – да Сідорскага ці да прэзыдэнта.

У сувязі з тым, што Мясьніковіч паказаў сябе больш-менш лібэральным чалавекам з пункту гледжаньня рынкавай эканомікі, наўрад ці да яго выстраіцца чарга жадаючых перавесьці краіну на рынкавыя рэйкі ці нават, што вакол яго аб'яднаюцца чыноўнікі, якія прагрэсіўна мысьляць. Было сказана, што ўрад – гэта эканамічны штаб прэзыдэнта. У апошнія месяцы працы ўраду Сідорскага эканамічныя паўнамоцтвы ўраду плаўна перацяклі ў адміністрацыю цалкам. Адміністрацыі страчваць гэтыя функцыі ня хочацца. Навошта? А Мясьніковічу, атрымліваецца, давядзецца за іх адказваць. Ён як вопытны апаратчык таксама гэтага ня хоча. Тым часам нізы занятыя пошукам харчаваньня, ім цяпер не да палітыкі.

Чалы: Мясьніковіч заўсёды меў вялікую вагу ў вачах намэнклятуры. І за яго пазыцыяй стаіць каманда, спэцыялісты і эканамічная лёгіка. Вы ж разумееце, што ён даўно пэнсіянэр, зрабіць зь ім нічога немагчыма. Можна, зразумела, пасадзіць, але, здаецца, няма за што. Для мяне было дзіўна, чаму ён згадзіўся быць прэм'ерам, бо было зразумела, што гэта будзе прэм'ер крызіснага пэрыяду. Мясьніковіч даўно вырашыў усе свае праблемы і ў гэтым сэнсе ён некіраваны.

Звольніць яго можна хоць заўтра. Але каго вы паставіце і ці будзе з гэтага нешта іншае? Іншы чалавек будзе ведаць як зрабіць цуд, на які прэзыдэнт разьлічвае? Ды не, зразумела. Нават на міністраў зь вялікай цяжкасьцю атрымліваецца
Пра гэтых людзей можна не клапаціцца – у іх усё цудоўна і надалей будзе цудоўна

знаходзіць кандыдатуры і ледзь не з выкручваньнем рук. А на прэм'ера тым больш. Так што я думаю, што гэты канфлікт – агонія антырынкавай пазыцыі наверсе. Я ўпэўнены, што апошняе слова ў гэтым канфлікце яшчэ не прагучала і тыя дакумэнты, якія былі падрыхтаваныя, у нязьменным выглядзе будуць унесеныя ў адміністрацыю. І каманда рэфарматараў будзе адстойваць свае пазыцыі, яны паставілі свае кар'еры на рэалізацыю гэтых плянаў.

Залескі: Ды не, там наверсе ўсё нармальна. Ніхто не зьбіраецца хадзіць у краму – вы ж чулі. Пра гэтых людзей можна не клапаціцца – у іх усё цудоўна і надалей будзе цудоўна. А тое, што выйшла навонкі – дык акрамя такіх камэнтатараў, як мы, ніхто ў краіне гэта не заўважыў. Асабліва калі казаць пра намэнклятуру, дык гэта наагул нікога не цікавіць, хто там што сказаў.