Мікалаю Статкевічу і Марыне Адамовіч перашкаджаюць пабрацца шлюбам

Грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча распавяла пра перашкоды, якія чыніць адміністрацыя Шклоўскай калёніі. Маці Андрэя Саньнікава занепакоеная станам здароўя сына. Вольга Бандарэнка распавяла пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Дзьмітрый Бандарэнка ў мэдычнай частцы калёніі. Эдуарду Лобаву адмовілі ў нагляднай скарзе. На скаргу аб зьнікненьні лістоў Зьмітра Дашкевіча прыйшоў кароткі адказ.

Мікола Статкевіч


Андрэй Саньнікаў

Зьміцер Дашкевіч


Эдуард Лобаў


Зьміцер Бандарэнка

Грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча атрымала са Шклоўскай калёніі адказ на сваю скаргу адносна незаконных, як яна лічыць, патрабаваньняў да вязьня з боку адміністрацыі калёніі. Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч заявілі пра намер пабрацца шлюбам. Дзеля гэтага Марыне Адамовіч трэба, каб у калёніі заверылі подпіс Мікалая Статкевіча. Але такі дакумэнт жанчыне не далі, а ў адказе на скаргу напісалі, што яна абавязана прадставіць доказ скасаваньня былога шлюбу Мікалая Статкевіча.

"Функцыя калёніі мусіць быць простай. Вось ёсьць Статкевіч, ёсьць ягоны пашпарт, ёсьць ягоная заява на рэгістрацыю шлюбу. Яны мусяць заверыць подпіс Статкевіча і ўсё, астатняе – гэта справа органа рэгістрацыі шлюбу. Там я мушу прадставіць пашпарт ці ксэракопію пашпарту Міколы, дакумэнты аб тым, што скасаваны мой ці ягоны папярэднія шлюбы. І гэта ужо ЗАГС вырашае, ці патрэбны ад мяне яшчэ якія дакумэнты."

Таксама Марына Адамовіч атрымала адказ на скаргу аб ўмовах утрыманьня Мікалая Статкевіча ў калёніі. "З адказу вынікае, што ніхто не вінаваты ў тым, што Мікалай працаваў без спэцадзеньня, што там не забясьпечылі тэхніку бясьпекі, з-за чаго ён зламаў рабро і пашкодзіў руку", — кажа Марына Адамовіч.

Ад Мікалая Статкевіча цягам тыдня лістоў не было.

Непакоіцца пра тое, што болей за тыдзень няма лістоў ад сына Ала Уладзімераўна Саньнікава. Ад адвакат маці палітвязьня ведае, што ў яго пагоршыўся стан здароўя.

"Толькі ад адваката нешта ведаю, што лечаць яго, што ў яго міжрэберная нэўралгія, суставы баляць".

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава трымаюць ў бабруйскай калёніі.

Маці вязьня Івацэвіцкай калёніі Эдуарда Лобава атрымала ад яго ліст. "Піша, што ўсё спакойна, пакуль пра напісаньне прашэньня аб памілаваньні зноў не кажуць", – кажа Марына Лобава. Адвакат паведамі маці палітвязьня пра адказ з Менскага гарадзкога суду – ім адмоўлена ў нагляднай скарзе на прысуд.

"Аргумэнтуюць тым, што пацярпелыя далі паказаньні і сьведкі пацьвердзілі гэтыя паказаньні, хаця насамрэч словы нібыта пацярпелых ніяк сьведкі не пацьвердзілі. Бо сьведкі прыйшлі на месца здарэньня пазьней і нічога не бачылі. Пра гэта і казалася ў скарзе".

Марына Лобава заявіла, што яны будуць падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Нагадаю, актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня у хуліганстве 18 сьнежня 2010 году. Паводле сьледзтва ён разам з лідэрам "Маладога фронту" Зьмітром Дашкевічам зьбілі мінакоў у Менску. Актывісты казалі на судзе пра правакацыю спэцслужбаў напярэдадні выбараў.

Марына Лобава атрымала адказ на свае скаргі адносна таго, што зьніклі лісты, якія ёй дасылаў з Віцебскай турмы Зьміцер Дашкевіч. "Па сутнасьці скаргі ў адказе нічога няма, толькі паведамленьне, што мая скарга атрыманая", — паведаміла Марына Лобава. Нагадаю, паводле зьвестак, не дайшлі да адрасатаў болей за 50 лістоў, якія Зьміцер Дашкевіч адправіў з Віцебскай турмы, куды патрапіў на шляху з Горацкай калёніі ў Глыбоцкую.

Зьміцер Бандарэнка другі тыдзень знаходзіцца ў мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі. "Я запыталася ў яго ў лісьце, там цёпла ці халодна, бо пра гэта мне нічога невядома. Раней пра умовы ў мэдчастцы ведала, што трымаюць яго ў адзіночнай палаце, шмат чытае і зрэдку можа глядзець тэлевізар", — паведаміла Вольга Бандарэнка.