З Гарадзеншчыны будаўнікі перабіраюцца на працу ў Расею

На Гарадзеншчыне многія будаўнікі працуюць няпоўны рабочы дзень, зьмяншаецца колькасьць будаўнічых прадпрыемстваў. Спэцыялісты, шукаючы заробку, масава зьяжджаюць у суседнія краіны.

Паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у сфэры будаўніцтва цяпер складае трохі больш за два мільёны рублёў. Спэцыялісты называюць гэта асноўнай прычынай таго, што з Гарадзеншчыны зьяжджаць будаўнікі. Да прыкладу, дзяржаўнае прадпрыемства "Гроднажылбуд" працуе цяпер няпоўны працоўны дзень. Старшыня прафкаму Галіна Трафімовіч тлумачыць гэта аб'ектыўнымі абставінамі.

"Сёньня мы ня можам павялічыць заробак, таму скарацілі працоўны дзень…"

Трафімовіч: "На сёньняшні дзень у нас такая сытуацыя, што мы працуем скарочаны працоўны дзень, каб захаваць працоўныя месцы. Натуральна, што адток людзей ёсьць, але не настолькі, каб пра гэта гаварыць. Што ёсьць, тое і ёсьць, пакуль катастрофы ня бачна. Сёньня мы ня можам дазволіць сабе павялічыць заработную плату — гэта таксама відавочна".

Будаўнік з 20-гадовым стажам спадар Аляксандар распавядае, як некалькі тыдняў таму з Горадні арганізавана зьехалі некалькі брыгадаў.

Адначасова звольніліся 60 чалавек

Спадар: "60 чалавек адначасова падняліся, напісалі заявы і зьехалі, нават не забіралі працоўныя кніжкі. А яны ж спэцыялісты, будуюць маналітныя дамы. Селі раніцай у маскоўскі цягнік і зьехалі. І паколькі не вярнуліся, відавочна, праца ў іх там ёсьць. Гэта людзі з "Гроднааблбуду" так зрабілі".

Уладальнік прыватнай будаўнічай фірмы спадар Валянцін, разважаючы пра стан будаўнічай галіны, заўважае, што пэрспэктывы наагул не відаць.

Спадар: "Ведаеце, у мяне была фірма з 100 чалавек, цяпер толькі 12, і я ледзь-ледзь трымаюся. Прычым, я людзей не скарачаў, не было працы і заробку, таму і сыходзілі самі. Цяпер для гэтых 12 чалавек да Новага году праца ёсьць, а далей — ніякай пэрспэктывы".

"У панядзелак зноў людзі ў Расею ад'яжджаюць…"

Гарадзенец Віталь звольніўся з "Гроднажылбуду" і паехаў працаваць у Менск у пошуках большага заробку, але там яго не знайшоў: атрымліваў 2 мільёны ў месяц. Зараз яго разам з калегамі запрасілі працаваць у Расею, у панядзелак хлопцы ад’яжджаюць. Вось што кажа на гэты конт Віталь:

Спадар: "Меней як 1200—1300 даляраў там ня будзе. Да ўсяго, даюць жыльлё, ды яшчэ кормяць. Ну, а што тут: мільён дзевяцьсот, два мільёны — то што гэта? Ці можна тут сям’і за гэтыя грошы пражыць…"