Дык хто ўсё ж такі забіў Вільгельма Кубэ?

Анатоль Валахановіч

Пачынаючы з 11 лістапада ў тыднёвіку «Новы час» штопятніцы будзе друкавацца дэтэктыў гісторыка і пісьменьніка Анатоля Валахановіча «Забойства Вільгельма Кубэ».

Аўтар кнігі гісторык Анатоль Валахановіч вывучыў дакумэнтальныя крыніцы ў архівах пяці краінаў — Беларусі, Расеі, Украіны, Нямеччыны і Польшчы, сьведчаньні і ўспаміны ўдзельнікаў тых падзей:

«Пасьля вывучэньня ўсіх гэтых крыніцаў я пераканаўся: усё было зусім ня так, як нам гэта аднабакова прадстаўлялі раней. Не партызаны забілі Кубэ, не НКУС ні БССР, ні СССР — забіла Галоўнае выведнае ўпраўленьне Генэральнага штабу Чырвонай Арміі.

А Цанава і Берыя хацелі паказаць, што яны маюць дачыненьне да гэтай апэрацыі. І самае цікавае — Сталін выклікаў Панамарэнку і запытаўся, што там здарылася, а Панамарэнка нічога ня ведаў. Яму ніхто не даклаў з камандзіраў партызанскіх брыгад, аб’яднаньняў, атрадаў.
Калі я вывучыў усё гэта, узяўся за галаву: як жа нам дзесяцігодзьдзямі дурылі галаву!

Алена Мазанік ніколі не была партызанкай. Падпольшчыцай была Марыя Восіпава, якая была сувязной, трымала сувязь з партызанамі. Калі я вывучыў усё гэта, узяўся за галаву: як жа нам дзесяцігодзьдзямі дурылі галаву!»

Хто замовіў Кубэ? Каму была выгадная ягоная сьмерць? Чый плян гэтай спэцапэрацыі — НКУС ці гестапа — быў рэалізаваны? Чаму выканаўцаў напачатку ледзьве не расстралялі, а потым узнагародзілі зоркамі герояў? Як склаўся лёс жонкі і дзяцей Кубэ пасля вайны?

Дасьледававаньне Анатоля Валахановіча «Забойства Вільгельма Кубэ» — гэта першы ў Беларусі дакумэнтальна-гістарычны дэтэктыў, а таксама першае ўсебаковае і глыбокае гісторыка-дакумэнтальнае расьследаваньне аднаго з найбольш скандальных і дагэтуль заблытаных забойстваў, што абрасло мітамі і легендамі.