Справа Бяляцкага развальваецца?

Сёньня ў крымінальным працэсе над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім быў абвешчаны перапынак да 16 лістапада. Гэта было зроблена на хадайніцтва пракурора Валерыя Сайкоўскага, які папрасіў час, каб падрыхтаваць Бяляцкаму новае абвінавачаньне. Раней Бяляцкага вінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Паводле гэтага абвінавачаньня яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Цягам сёньняшняга судовага паседжаньня пракурор Валеры Сайкоўскі задаваў Алесю Бяляцкаму шмат пытаньняў наконт дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама — ці спрабаваў ён заснаваць новую арганізацыю альбо самастойна зарэгістравацца як праваабаронца. Бяляцкі тлумачыў, што «Вясна» прайшла ўсе інстанцыі ў Беларусі і за мяжой, дамагаючыся рэгістрацыі, і што Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў ліквідацыю арганізацыі незаконнай і неадпаведнай міжнародным дамовам, якія падпісала Беларусь, ды абавязаў беларускія ўлады зарэгістраваць «Вясну». Але тыя праігнаравалі рашэньне камітэту ААН.

Перад абедам, калі ўсе матэрыялы справы былі дасьледаваныя, калі суд далучыў да матэрыялаў справы дакумэнты аб наданьні Бяляцкаму званьня ганаровага грамадзяніна гораду Генуі «за стойкасьць у адстойваньні правоў чалавека», дыплёмы міжнародных праваабарончых прэміяў і калі ўжо чакалася абвяшчэньне дэбатаў, пракурор нечакана папрасіў перапынак да 16 лістапада — каб сфармуляваць новае абвінавачаньне. Спадар Сайкоўскі папярэдзіў, што яно будзе «істотна адрозьнівацца ад папярэдняга», не дадаўшы ніякіх дэталяў.

Большасьць праваабаронцаў, якія сочаць за працэсам, не выключаюць, што новае абвінавачаньне будзе зьвязанае з артыкулам, які карае за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пытаньне толькі ў тым, ці будзе новае абвінавачаньне будавацца толькі на артыкуле 193, ці ён пойдзе ў дадатак да цяперашняга абвінавачаньня ва ўхіленьні ад падаткаў. Магчымыя абодва варыянты, кажа адзін з кіраўнікоў «Вясны» Ўладзімер Лабковіч:

«Закон пакідае ім права цалкам адмовіцца ад абвінавачваньня па артыкуле 243 — утойваньне даходу ў асабліва буйным памеры, і прад’явіць абвінавачаньне ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, прызнаць усю гэтую дапамогу гуманітарнай і спаганяць гэтую суму ў адміністратыўным парадку, а ў крымінальным — распачаць перасьлед ужо за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І ў гэтым выпадку гэты працэс нават фармальна перастане быць працэсам Бяляцкага, стане цалкам працэсам „Вясны“. Мы як асобы, якія ўваходзяць у кіраўніцтва „Вясны“, разам з Алесем можам таксама трапіць пад крымінальную адказнасьць».

Юрыст Гары Паганяйла кажа, што пасьля прад’яўленьня новага абвінавачаньня падсуднаму і абароне спатрэбіцца яшчэ час на азнаямленьне зь ім, таму 16 лістапада можа быць зноў абвешчаны перапынак дзён на пяць. Потым будзе адноўлена судовае сьледзтва. Сёньняшні крок пракурора сьведчыць пра развал справы Бяляцкага, кажа спадар Паганяйла, бо рэальных доказаў на працэсе прадстаўлена не было:
Магчыма, ўлады прынялі рашэньне разабрацца з намі раз і назаўсёды. Паглядзім

«Я не выключаю, што прадстаўнік абвінавачваньня, разумеючы, што дастатковых доказаў віны Бяляцкага ва ўтойваньні даходаў ад падаткаў няма, але дакладна фіксуецца на працэсе дзейнасьць арганізацыі, раней ліквідаванай паводле рашэньня Вярхоўнага суду, можа прад’явіць абвінавачаньне па артыкуле 193».

Гэта меней цяжкае абвінавачаньне, — кажа спадар Паганяйла. Яно прадугледжвае пакараньне да 2 гадоў зьняволеньня.

Паплечнік Бяляцкага Валянцін Стэфановіч не выключае і больш жорсткага разьвіцьця падзей:

«Калі напрыклад, будзе дадаткова зьмененае абвінавачаньне і дадасца артыкул пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, гэта будзе ўзмацненьне абвінавачаньня ў дачыненьні да Алеся і плюс магчымасьць для перасьледу іншых сябраў „Вясны“, у прыватнасьці — мяне ці Лабковіча. Таму што мы не хавалі і не хаваем цяпер сваю дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі... Магчыма, ўлады прынялі рашэньне разабрацца з намі раз і назаўсёды. Паглядзім».

Былы адвакат Павал Сапелка таксама не выключае больш жорсткага падыходу пракурора:

«Як правіла, калі гаворка йдзе пра нейкае зьмякчэньне лёсу абвінавачанага, то пракурор гэта робіць непасрэдна ў дэбатах, таму што падсуднаму ня трэба знаёміцца з новым абвінавачаньнем. Хаця калі ўлічыць такія інавацыйныя падыходы пракурора да вядзеньня справы, як яго прапанову зарэгістравацца ў якасьці індывідуальнага праваабаронцы, то я магу дапусьціць любы вынік ягонага хадайніцтва».