Пра агентаў і людзей

Віталь Цыганкоў

Павал Шарамет нядаўна ўзьняў заўсёды папулярную, бяспройгрышную і ўдзячную для журналіста тэму — пра агентаў КДБ сярод беларускай апазыцыі. На фоне апошніх скандалаў з новымі вярбоўкамі і прэсавай канфэрэнцыі актывістаў у Варшаве вечная тэма набыла новую актуальнасьць.

Паводле лёгікі Шарамета (якую, зрэшты, падзяляюць многія) — сапраўдны апазыцыянэр заўсёды будзе выступаць за зьмену злачыннай улады, а агент спэцслужбаў будзе толькі абараняць уладу. Лёгіка прыгожая, але, скажам мякка, небездакорная. Небездакорная тым, што
Любы палітык, які бачыць шлях зьвяржэньня рэжыму ня толькі ў варыянце "народны натоўп захоплівае рэзыдэнцыю", адразу трапляе пад падазрэньне ў "нячыстасьці". ...

такім простым як венік падыходам апрыёры ставіцца пад сумнеў любая памяркоўная і няпросталінейная пазыцыя. Любы палітык, які бачыць шлях зьвяржэньня рэжыму ня толькі ў варыянце "народны натоўп захоплівае рэзыдэнцыю", адразу трапляе пад падазрэньне ў "нячыстасьці". Калі нехта з той ці іншай прычыны не выказвае захапленьня ад эфэктыўнасьці і неабходнасьці масавых акцыяў, то — "зь ім увогуле ўсё ясна".

Аднак ці ня варта задумацца, што больш права на існаваньне мае іншая, адваротная, лёгіка? Якраз менавіта памяркоўны самастойны палітык можа бачыць ня толькі адзіную прамую і адзіную слушную дарогу — ён можа дазволіць сабе сумнявацца, выбіраць, ацэньваць сытуацыю і нават, о Божа, ісьці на кампрамісы. Раскоша, якой ня могуць дазволіць сабе агенты — бо яны павінны выглядаць адназначнымі, выяўляць непахіснасьць сваёй радыкальнасьці.

Гісторыя сьведчыць, што часта найбольш радыкальныя ідэі актыўна і
"Агент" не баіцца самых радыкальных лёзунгаў — ён ведае, што яму за гэта нічога ня будзе ...

гучна выказваюць якраз тыя, хто мае дазвол "зьверху" іх выказваць. Не пералічыць выпадкаў у гісторыі розных краінаў, калі менавіта самыя радыкальныя структуры былі інсьпіраваныя ўладамі і імі кантраляваліся. У дарэвалюцыйнай Расеі агенты ахранкі забівалі губэрнатараў, правакатары ўзначальвалі мітынгі. "Агент" не баіцца самых радыкальных лёзунгаў — ён ведае, што яму за гэта нічога ня будзе. Як журналіст я неаднаразова назіраў, як падбіраюць словы рэдактары газэт, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый, палітыкі ў сваіх выказваньнях ці інтэрвію. І я іх разумею.

Стоп, а зараз давайце падумаем, да якіх высноваў прывядзе мая нібыта пераканаўчая лёгіка? Ці ня кіне яна цень на самых бескампрамісных змагароў з рэжымам, якія не баяцца выказвацца, называць рэчы сваімі імёнамі, выступаюць за самы радыкальны спосаб вырашэньня беларускай праблемы?

Таму, на маю думку, адзіны прымальны варыянт — спыніць праявы агентаманіі, якія ўсё роўна ні да чога не прывядуць. Сапраўдных агентаў мы ня знойдзем і толькі кінем цень падазрэньня адзін на аднаго. Урэшце, можа, хтосьці і ставіць такую мэту?

Калі б у Беларусі была адкрытая публічная палітыка, той самы абсьмяяны ўсімі публічны дыялёг, круглы стол паміж уладай і апазыцыяй у рамках прававых працэдур, дык тут агентам КДБ не засталося б месца. Усё было б як на далоні, пад відэакамэрамі цяжэй схаваць сапраўдныя матывы.

Пакуль жа агентаманія ператвараецца ў трагікамэдыю беларускага разьліву. У Фэйсбуку людзі пачынаюць мерацца тым, колькі разоў іх вербавалі. Некаторыя дадумваюцца называць агентамі тых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія цяпер сядзяць за кратамі і якіх катуюць у засьценках — маўляў, іх адмыслова там катуюць, каб набіць ім рэйтынг, каб яны выйшлі і сталі лідэрамі апазыцыі.

А вось мяне ніколі не вербавалі. Аж крыўдна, я столькі разоў у галаве пракруціў свае магчымыя дзеяньні, а выкарыстаць падрыхтаваны экспромт няма нагоды. Чаму? Ня ведаю, варыянтаў адказу шмат — магчыма, я не падпадаю пад нейкія іхнія правілы, можа, быў страчаны час, магчыма, мае асабістыя характарыстыкі паказваюць ім, што да мяне лепш не падыходзіць. Урэшце, можа вакол мяне і так ужо хапае агентаў? А магчымы і яшчэ адзін варыянт — я ні на якае ліха ім не патрэбны.

Хоць гэта, апошняе, наўрад ці. Успамінаецца, як на адной прэсавай канфэрэнцыі недзе ў 1996 годзе, калі на такія падзеі яшчэ запрашалі незалежных журналістаў, я задаў даволі доўгае і, як мне здавалася, даволі рэзкае пытаньне Лукашэнку — нешта пра агрэсіўнасьць ягонай палітыкі. (Заўважу, што ўсе самыя жорсткія і крытычныя рэчы, якія ўвогуле можна сказаць пра Лукашэнку, я сказаў не ў 2010-м і нават не ў 1996-м, а ў 1994-95-м гадах, калі некаторыя самыя зацятыя цяперашнія крытыкі яшчэ працавалі ў ягонай камандзе.) Дык вось задаю я сваё пытаньне і бачу, як Лукашэнка гартае нейкія паперы, і пачынаю разумець, што гэта маё дасье. "Ну вось, Віталь, твае..." — пачаў Лукашэнка, хмыкнуў, падумаў — і, адклаўшы паперы, пачаў адказваць, у сваім стылі пераводзячы стрэлкі на агрэсіўнасьць маіх публікацый у газэце "Свабода".
Прызнаюся, вельмі хацелася пабачыць гэтыя паперкі, якія, напэўна, разбухлі за гэтыя гады...


Прызнаюся, вельмі хацелася пабачыць гэтыя паперкі, якія, напэўна, разбухлі за гэтыя гады. Пачытаць справаздачы, убачыць знаёмыя прозьвішчы, ацаніць стыль і глыбіню аналізу.

Прынамсі, ёсьць яшчэ адзін стымул набліжаць перамогу дэмакратыі.