Вярхоўная Рада Украіны адклала разгляд законапраекту аб дэкрыміналізацыі

Вярхоўная Рада Украіны ў пятніцу адклала разгляд у другім (апошнім) чытаньні законапраекту аб дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў. З крымінальнага кодэксу прапануецца выключыць, у прыватнасьці, артыкул, па якім была асуджаная экс-прэм'ер Украіны Юлія Цімашэнка.

Як паведаміў сьпікер Вярхоўнай Рады Уладзімер Літвін, абмеркаваньне было адкладзена па прадстаўленьні апазыцыйных фракцый «Бацькаўшчына» і «Наша Украіна - Народная самаабарона», паколькі яны не ўпэўненыя, што законапраект набярэ дастатковую колькасьць галасоў.

Прыхільнікі апазыцыі ў пятніцу ля будынку Вярхоўнай Рады зладзілі акцыю з патрабаваньнем адмяніць артыкул, па якім Пячэрскі суд Кіева 11 кастрычніка прысудзіў Цімашэнку да сямі гадоў пазбаўленьня волі.