Улады гатовыя больш ня гнаць рост ВУПа?

Барыс Жаліба

Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што дэфіцыт замежнага гандлю па выніках году зьнізіцца амаль у два разы ў параўнаньні з мінулым годам. Наколькі рэалістычны гэты прагноз, як на экспарт паўплывала дэвальвацыя? Ці можна сказаць, што беларускія эканамічныя ўлады гатовы адмовіцца да росту ВУП дзеля больш якасных паказчыкаў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.
Цыганкоў: Мікалай Снапкоў лічыць, што дэфіцыт замежнага гандлю ў 2011 годзе зьнізіцца да 5-6 працэнтаў ад ВУП. Міністар відавочна абапіраецца на апошнія дадзеныя, паводле якіх за апошнія месцы назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі замежным гандлем. Ці гэтыя тэндэнцыі выкліканыя пераважна дэвальвацыяй ці тут можна назіраць больш стратэгічны і доўгатэрміновы трэнд?

Жаліба: За 8 месяцаў году адмоўнае сальда значна панізілася ў параўнаньні з тым самым пэрыядам мінулага году. Тут прычын некалькі, але галоўнае — экспарту паспрыяла рэкордная дэвальвацыя. Яна ж заціснула нашых імпартэраў, яны згортвалі сваю дзейнасьць, адпаведна зьніжаўся імпарт.

Вядома, рэкорднае нэгатыўнае сальда ў выніку павінна паменшыцца. Не да 5-6 працэнтаў ад ВУП, як кажа Снапкоў (гэта занадта аптымістычны прагноз), але да 6-7 працэнтаў — гэта цалкам рэальна.
Людзі, якія займаюцца прагнозамі, павінны засяродзіцца на іншых паказчыках — заробкі, падвышэньне рэальных даходаў насельніцтва, працягласьць жыцьця.

Цыганкоў: Міністар таксама зрабіў даволі цікавую заяву наконт таго, што ВУП — гэта вынік, а ня мэта. Гэта якасны паказьнік, а яго зьвязваюць толькі з аб’ёмам, сказаў Снапкоў. Ці можна сказаць, што ўпершыню за апошнія гады ўлады прыходзяць да думкі, што не абавязкова павялічваць ВУП любым коштам, а варта выходзіць на больш якасныя паказьнікі?

Жаліба: Я спадзяюся, што мінулы год чамусьці навучыў нашы ўлады. Быў і рост ВУП, і расла валютная выручка, але пры гэтым узровень жыцьця паменшыўся як мінімум у два разы. Пакуль што не апублікаваныя асноўныя кірункі грашова-крэдтынай палітыкі, але я спадзяюся, што нашы ўлады вырашацца пайсьці на гэты крок — апэраваць ня толькі валавымі паказчыкамі.

Людзі, якія займаюцца прагнозамі, павінны засяродзіцца на іншых паказчыках — заробкі, падвышэньне рэальных даходаў насельніцтва, працягласьць жыцьця і гэтак далей. Я спадзяюся, што крок у гэты бок будзе зроблены.