Асуджаныя на скарачэньне жыцьця

Турма і здароўе: сухоты ў турмах

Сярод сёньняшніх тэмаў:

Сухоты ў турмах – ці хвалюе гэтая праблема людзей на волі?

«Асуджаючы чалавека на несвабоду, яго не асуджаюць на скарачэньне жыцьця», – лічыць колішняя дэпутатка палаты прадстаўнікоў

Пра турэмны хлеб, «каня» і лазьню або пра тое, як гэта выглядала 70 гадоў таму і як гэта выглядае цяпер. Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць


Свабода ў турмах, 30 кастрычніка 2011, частка 1

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 30 кастрычніка 2011, частка 1



Свабода ў турмах, 30 кастрычніка 2011, частка 2

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 30 кастрычніка 2011, частка 2



Зваротная сувязь


Наш сталы аўтар з Івацэвіцкай калёніі Сяргей паведаміў пра ўспышку сухотаў сярод сядзельцаў.

Сяргей напісаў, што ў выніку апошняй флюараграфіі зь іхнай калёніі этапавалі ў Воршу, у рэспубліканскі турэмны тубэркулёзны шпіталь не адзін дзясятак зьняволеных. А як вядома, кожны хворы на сухоты за час хваробы заражае сама меней 10–15 чалавек.

«Казаць пра сухоты маю ўсе падставы, – адзначае аўтар ліста. – Калісьці гэтую хваробу падчас флюараграфіі выявілі ў мяне. Я тады таксама быў этапаваны ў шпіталь у Воршу. Цяпер я ў так званым сухотным атрадзе, сядзельцы якога калісьці, гэтаксама як і я, лекаваліся ад сухотаў, а цяпер яны ў стане рэмісіі. Гэтымі днямі з нашага атраду этапавалі ў Воршу трох чалавек з адкрытай формай сухотаў. (...) У нас у атрадзе 150 чалавек. На ўсю гэтую колькасьць толькі 5 рукамыйніц, 4 парашы. Уявіце сабе, які тлум бывае ў нашым невялікім вузенькім калідорчыку падчас пад’ёму.

Найбольш хвалюе, што сярод асуджаных, у якіх знайшлі сухоты, пераважная большасьць – з так званых здаровых атрадаў. Самае небясьпечнае тое, што хваробу знайшлі і ў 17 атрадзе. Гэта тыя людзі, якія працуюць на кухні – мыюць посуд, гатуюць ежу. Гэта небясьпека ня толькі для асуджаных калёніі (а нас не адна тысяча), турэмнага пэрсаналу, але і для ўсіх нашых сямейнікаў. Шмат хто з нас мае кантакты з воляй. Да нас на спатканьні рэгулярна прыяжджаюць сямейнікі. Дома шмат каго чакаюць дзеці. Нарэшце, нямала людзей пэрыядычна вызваляюцца, і пагроза заражэньня астатняга насельніцтва краіны ўзьнікае з самых першых хвілінаў».


Асуджаны спасылаецца на дзейныя правілы Міністэрства аховы здароўя, згодна зь якімі зьняволеныя, якія наўпрост кантактавалі з сухотнікамі, павінны ў мэтах прафіляктыкі атрымліваць дыетычнае харчаваньне і адпаведныя мэдыкамэнты.

«Сярод прадуктаў харчаваньня абавязковыя – «малако сьвежае з-пад каровы» (так напісана ў рэкамэндацыях), якога мы ня бачым, сьвежая гародніна, якой мы таксама не атрымліваем, яшчэ мяса, па 150 г штодня. Замест яго ў апошнія месяцы нам выдаюць вараную каўбасу (колькі там мяса насамрэч, ня ведае ніхто). Цяпер у сувязі з успышкай хваробы выглядае, што дыетхарчаваньне трэба выдаваць усім. Аднак на гэта адміністрацыя ніколі ня пойдзе».

Як адзначае асуджаны, за час яго працяглага знаходжаньня ў калёніі такую ўспышку сухотаў ён назірае ўпершыню.

«Гэта вельмі сур’ёзна», дадае аўтар допісу.

У сувязі з сыгналам з калёніі праваабаронцы з арганізацыі «Плятформа» накіравалі зварот у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, Генпракуратуру і Галоўнаму санітарнаму лекару краіны.

Да сытуацыі з сухотамі ў беларускіх турмах мы вернемся пры канцы праграмы ў рубрыцы «Турма і здароўе».

БЕЛАРУСКІЯ ТУРМЫ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЬЦЬ


Пра турэмны хлеб, «каня» і лазьню

Успаміны палітвязьня Якуба Міско і сьведчаньні палітвязьня Андрэя Пачобута

Наперад, да лепшае долі!
Наперад, да сонца, да зор!
Мы ў цемры
ня можам жыць болей,
Нам трэба святло
і прастор!..

Якуб Міско

​Гэты верш 15-гадовага гімназіста Якуба Міско быў упершыню надрукаваны ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Міско, у далейшым вядомы заходнебеларускі грамадзкі дзяяч, літаратар і журналіст нарадзіўся ў 1911-м на Слонімшчыне. У год яго сьмерці ў 1981 годзе ў сьвет выйшла ягоная кніга «Маё маўклівае сэрца». У ёй пісьменьнік, сярод іншага, апісаў уласны лёс беларускага палітвязьня ў віленскіх Лукішках ды Стэфанаўскай турме, ў познаньскіх “Вронках” ды гарадзенскім астрозе. У ягоных успамінах шмат словаў, якія нашым сучасьнікам сёньня зусім ня трэба расшыфроўваць: сухая галадоўка, прымусовае кармленьне, «конь» як від міжкамэрнай сувязі і г.д. Сяргей Астраўцоў параўноўвае турэмныя ўспаміны палітвязьня Якуба Міско з сучаснымі ўражаньнямі гарадзенскага журналіста і палітвязьня Андрэя Пачобута, які сядзеў у гарадзенскім астрогу сёлета.

«Трымаць так, каб турма запомнілася навек»

Першы раз будучага пісьменьніка Якуба Міско арыштавалі польскія ўлады ў канцы жніўня 1929 году пасьля нарады, якая адбылася ў Вільні ў клюбе «Змаганьне» на вуліцы Піўной. Праз два месяцы яго выпусьцілі, бо не было доказаў злачынства, але наперадзе чакаў новы арышт: цяпер ён трапіў за краты на два гады. Пазьней Якуб Міско напіша:

«Ня ведаў я тады, што чакае мяне 3280 такіх астрожных дзён».

Як пісаў Якуб Міско, людзі сядзелі на Лукішках розныя: у 1930-я гады ў Польшчы квітнела арганізаваная злачыннасьць. Існавалі самыя розныя прафэсійныя шайкі налётчыкаў, махляроў, шулераў. Шмат было і палітычных.

«У лукіскіх казэматах сядзіць звыш трохсот палітычных вязьняў – «камуна», як звала іх адміністрацыя. Асобна знаходзіліся забойцы, канакрады, злодзеі, самагоншчыкі, растратчыкі», адзначаў пісьменьнік.

Андрэй Пачобут

​Журналіст Андрэй Пачобут, які працуе для польскай «Газэты Выборчай», трапіў за краты гарадзенскай турмы больш як на сем дзесяцігодзьдзяў пазьней за свайго вядомага земляка. Таксама з палітычных матываў. Яго арыштавалі за публікацыі, у якіх ён быццам бы абразіў прэзыдэнта Лукашэнку. Потым суд прызнаў, што абразы не было, але пакараў журналіста трыма гадамі зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта, адклаўшы выкананьне прысуду на два гады. Паводле журналіста, сёньня за кратамі таксама сядзяць самыя розныя людзі. Ёсьць цяжкія злачынцы, а ёсьць і тыя, чыя крымінальнасьць, так бы мовіць, прыцягнутая за вушы. Напрыклад, злодзей, які скраў паўмеха бульбы. Таксама сядзеў адзін кіраўнік будаўнічай фірмы, быў чалавек, якога прызналі кіраўніком групы, што крала аўтамабілі.

Пачобут: «Сёньня ўмовы ў камэрах розныя. Многія камэры перапоўненыя Ёсьць так званы падзел на «бастыён» і на «амэрыканку». Я сядзеў у «амэрыканцы». Там камэры на чатырох чалавек, месца заўсёды хапае – колькі чалавек сядзіць, столькі ложкаў. А на «бастыёне» здараюцца выпадкі досыць часта, калі ложкаў менш, чым «сядзельцаў». Там ёсьць камэра на сорак пяць чалавек».

Дарэчы, калі туды, у гарадзенскі «бастыён», трапіў былы палітвязень Аляксандар Васільеў, камэра была перапоўненая. Ён мусіў спаць напачатку седзячы, паклаўшы галаву на стол.

Пачобут: «Па сутнасьці, тая ж самая сыстэма, што й на свабодзе: калі ты ласкавы і пяшчотны да ўлады, то дадуць лепшыя ўмовы, не пасадзяць у камэру да нейкага псыха з суіцыдальнымі схільнасьцямі. Плюс абяцаюць, што калі чалавек прызнаецца, яму будзе меншы тэрмін».

Пісьменьнік Якуб Міско апісаў нечаканы тыпаж – стражніка Бародку, які любіў знаёміцца з новымі вязьнямі, кожнаму на словах спачуваў, а потым казаў стражнікам: «Трымайце так, каб яму навек запомніліся «Лукішкі».

Раней ператрусы, а цяпер шмоны

Стражнік Бародка вельмі любіў рабіць у камэрах ператрусы. Стражнікі цішком падыходзілі, раптоўна расчынялі дзьверы з крыкам: «Рэвізія!», – успамінаў Якуб Міско:

«Пераварочвалі ўсё дагары нагамі, ператрасалі сеньнікі і падушкі, высыпалі, дзе што было, у адну кучу – цукар, махорку, соль, – і вобыск канчаўся».

А як наконт кантролю ў сёньняшняй гарадзенскай турме?

Пачобут: «На «бастыёне» слабейшы кантроль адміністрацыі. У «амэрыканцы» ж ахоўнікі ледзь не праз кожныя пяць хвілінаў зазіраюць у вочка».

Шмоны або ператрусы, – сьведчаць цяперашнія палітвязьні, – зьява таксама звыклая. «Ляціць» усё. Напрыклад, у Васільева падчас аднаго з такіх шмонаў сканфіскавалі ўсе ягоныя лекі.

Турэмны хлеб і іншая кармёжка

Якуб Міско пісаў, што ў турме пастаянна хацелася есьці:

«Найбольш дакучаў голад. Есьці хацелася ўвесь час – раніцай, днём, вечарам, ноччу. Спаць даводзілася з думкай аб заўтрашнім сьнеданьні. А на тое сьнеданьне выдавалі дзённую норму хлеба – чатырыста грамаў… Спачатку я ламаў хлеб напалам: адну частку зьядаў з кавай ці з кіславатым журам, а другую пакідаў на абед…»

Але да абеду хлеб зьядаўся:

«Добра яшчэ, калі на абед прыносілі картапляны ці гарохавы суп. Ён хоць і рэдзенькі, але можна сёрбаць і бяз хлеба. Горш было, як давалі міску так званага баршчу, у якім адна бурачына даганяла другую».

А па начах, успаміналася Якубу Міско, «часта сьніліся сны аб кавалку чорнага – іменна чорнага! – хлеба. Ды гэта ж толькі сны…»

Андрэй Пачобут так кажа пра турэмную кармёжку сёньня:

«Ежа ў турме вельмі посная. Пераважна даюць кашу на вадзе. У нармальных умовах я наўрад ці еў бы такое. Канечне, жонка гатовая была насіць перадачы ледзь ня кожны дзень. Але мяне цікавіла: як арганізм рэагуе на такую ежу? Людзі сапраўды худнеюць у тых умовах, найперш гэта зьвязана зь ежай. Акрамя кашы, увечары даюць зьлепленую макарону: плясь!»

«Конь» як сродак сувязі

У польскія часы ў турме існаваў «сродак сувязі», які зваўся «канём». Пісьменьнік Якуб Міско тлумачыў:

«Амаль у кожнай камэры хаваўся шнур, які праз вакно можна было кідаць так, што ў суседнім вакне яго лавілі на выстаўленую лыжку або проста на руку. Да шнура прымацоўваліся прадукты, і на «кані» яны маглі перапраўляцца з аднае камэры ў другую. Зімою, калі вокны забіваліся, «каня» трэба было кідаць праз фортку. Гэта было вельмі цяжка».

Пра міжкамэрную сувязь у гарадзенскай турме сьведчыць сёньня і журналіст Андрэй Пачобут. Пры гэтым ён адзначае, што магчымасьці распаўсюджваць інфармацыю тут абмежаваныя. Хоць той жа «конь» існуе па-ранейшаму. Ёсьць і такія віды сувязі, як «дарога», «самастрэл», іншыя спосабы нелегальных перадачаў.

«Гэта цынічная гульня ў лазьню»

Адзін з самых непрыемных момантаў у сучаснай беларускай вязьніцы, як адзначаюць цяперашнія палітвязьні, – антысанітарыя. Сьмярдзючыя прыбіральні, надзвычай рэдкая зьмена бялізны. Усё мыеш сам пад кранам з халоднай вадой. Самыя ж прыемныя моманты – паходы ў лазьню, хоць і лазьняй гэта можна назваць вельмі адносна. У пакой з бэтоннымі лавамі на кароткі час (хвілін 15) запускаюць па пяць-сем чалавек. Трэба пасьпець і самому памыцца, і хуценька памыць бялізну.

Якуб Міско таксама зь цеплынёй узгадвае турэмную лазьню свайго часу:

«Пра турэмную лазьню можна расказваць многа. Гэта была хутчэй цынічная гульня ў лазьню», – успамінаў ён. Заганялі пад душ адразу чалавек сорак, давалі на мыцьцё пятнаццаць хвілінаў, прычым стражнік спрабаваў «хахміць наконт таго, што і як трэба мыць».

У лазьні можна было нават пагутарыць з тымі вязьнямі, што сядзелі ў іншых камэрах, адзначаў Якуб Міско:

«Для нас лазьня была ня толькі санітарным мерапрыемствам, але і надзейным сродкам зносін, своеасаблівай трыбунай. Пад душам, дзе не прысутнічала нядрэмнае вока стражнікаў, праводзіліся сходы і нават мітынгі. Тут выступалі найбольш падрыхтаваныя вязьні і коратка расказвалі пра тое, што робіцца на сьвеце, пра надзённыя задачы «камуны». Пад «камунаю» маецца на ўвазе грамада палітычных зьняволеных.

Якубу Міско добра запомнілася, як пад турэмным душам выступалі, напрыклад, пісьменьнік Піліп Пястрак, паэт Валянцін Таўлай:

«Што гэта было за відовішча – няцяжка сабе ўявіць. Стаяць пад душам каля сарака чалавек у чым маці нарадзіла, шаруюць свае целы і слухаюць прамоўцу. А той прамоўца, таксама ўвесь у мыле, хоча коратка, але як мага больш сказаць людзям. Карціна – дастойная багоў».

Прамоўца стараецца пасьпець, але стражнікі патрабуюць скончыць памыўку і выключаюць ваду, не чакаючы, каб усе змылі пену: «Цяпер трошку сьмешна ўспамінаць пра тыя несамавітыя сходы-мітынгі», прызнаваўся ў мэмуарах Якуб Міско.

(Працяг нарыса Сяргея Астраўцова пра палітвязьняў Заходняй Беларусі – у наступных праграмах)

Vox populi: Што ў беларускіх турмах не мяняецца цягам дзесяцігодзьдзяў і чаму


Апытаньне адбылося на вуліцах Берасьця. Карэспандэнт пацікавіўся ў мінакоў: што і паводле якіх прычынаў, на іх думку, у беларускіх турмах не мяняецца цягам дзесяцігодзьдзяў і што трэба мяняць найперш?

У якасьці нязьменных прыкметаў айчыннай пэнітэнцыярнай сыстэмы многія апытаныя назвалі перапоўненасьць турмаў, іх кепскае фінансаваньне, некаторыя ўказалі на абыякавасьць грамадзтва да гэтай праблемы, а некаторыя намякнулі на карупцыю ў сыстэме.

ТУРМА І ЗДАРОЎЕ


Паводле афіцыйных зьвестак беларускага МУС, агучаных сёлета ўвесну, на той час у турмах і СІЗА Беларусі на 50 тысяч асуджаных прыпадала каля 1170 хворых на актыўную форму тубэркулёзу. Як пішуць у праграму самі зьняволеныя ды іх сваякі, за гэты час сухотнікаў у вязьніцах істотна паболела.

Сухоты ў турмах або пакараньне скарачэньнем жыцьця

Вось ліст, які мы днямі атрымалі таксама з Івацэвічаў ад асуджанага Аляксандра:

«У сучасных беларускіх турмах сухоты бушуюць як тайфун. Калі нармальны чалавек трапіць ва ўмовы зьняволеньня, то тыдні за два ён можа зарабіць невылечныя сухоты. На тое, каб перамагчы гэтую хваробу ўва ўсіх, у дзяржавы проста ня хопіць сродкаў. Акрамя сучасных лекаў, нестае і якаснага харчаваньня. І ўсё ж, калі б спыталіся ў мяне, з чаго трэба пачаць барацьбу з гэтай хваробай у вязьніцах, я б адказаў: разгрузіць гэтыя вязьніцы».

Івацэвічы

На волі Аляксандра чакаюць жонка і двое дзяцей. У мінулым месяцы жонка прыяжджала да яго на працяглае спатканьне. Прыкладна ў той жа час у Воршу ў турэмную сухотную лякарню адвезьлі яго сябра з атраду – Мікалая, чый ложак быў побач зь ягоным.

Шлях да лякарні жыхароў Івацэвічаў ляжыць паўз плот калёніі №5


Цяпер, пасьля таго, як Аляксандар адбыў больш за дзьве траціны тэрміну ў калёніі, рэжым яму зьменены на так званую «бесканвойку» — бесканвойную працу па-за зонай. Аляксандар працуе на невялічкай фэрме, дзе гадуюць парсючкоў. На працу дабіраецца праз горад на возе. Побач зь ім на фэрме працуюць мясцовыя жыхары, так бы мовіць, «вольныя». Сьвініну прадаюць на мясцовых рынках.

Зэка на возе ў Івацэвічах можна сустрэць проста ў горадзе


Яшчэ ў Івацэвічах у адной з крамаў прадаецца мэбля, зробленая таксама асуджанымі калёніі. На той вытворчасьці працаваў сябар Аляксандра, які цяпер у Воршы.

Апошнім часам, калі флюараграфія ў турмах стала абавязковаю, высьветлілася, што сухоты ў беларускіх вязьніцах закранаюць ня толькі зьняволеных, але і турэмны пэрсанал. Падлічана, што ў параўнаньні з сытуацыяй на волі маштабы гэтага захворваньня ў СІЗА і калёніях у 7–8 разоў вышэйшыя. Праблема ўскладняецца тым, што Беларусь, у адпаведнасьці з клясыфікацыяй Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, адносіцца да краін, дзе тубэркулёзная інфэкцыя мае мультырэзыстэнтны характар, то бок, устойлівая не да аднаго, а адразу да некалькіх мэдыкамэнтаў.

Тым часам самі шараговыя супрацоўнікі калёніі, з тых, што працуюць у ахове, ня выказалі з гэтай прычыны нейкай занепакоенасьці.

Супрацоўнік: «Ня ведаю, нічога ня чуў. Дык гэта ж такую інфармацыю выдаваць ніхто й ня будзе… Дзе яшчэ ў Івацэвічах можна зарабіць столькі, колькі плацяць у той жа ахове – больш за 2 мільёны?»

Праўдападобна, што не палохае гэтая хвароба і жыхароў Івацэвічаў. Ва ўсякім разе, у амбуляторных установах не назіраецца павелічэньня колькасьці ахвотных зрабіць флюараграфію.

«Людзі не прыходзяць нават на плянавыя здымкі, нягледзячы на паштоўкі, якія мы ім накіроўваем», – сказалі нашаму карэспандэнту ў мясцовай лякарні.

Ворша

Тое ж стаўленьне да праблемы і ў Воршы. Гэта нягледзячы на ня надта даўні скандал у сувязі з тым, што сьцёкавая каналізацыя турэмнага шпіталя мае кепскую ачыстку і наўпрост зьвязаная з гарадзкой. Паводле экспэртаў-мэдыкаў, гэта павялічвае эпідэміялягічны парог сухотаў у горадзе і нават за яго межамі.

Высокую рызыку падхапіць інфэкцыю маюць і лекары ПК-12, якія разам са сваімі сем’ямі жывуць у розных раёнах Воршы. Мэдыкі дзень пры дні дыхаюць лекавымі парамі, і ў выніку палачка Коха, трапіўшы да іх у арганізм, робіцца неўспрымальнай да мноства нават самых моцных прэпаратаў. Такім чынам, у лекараў хвароба можа працякаць яшчэ больш складана, чым у хворых.

ПК-12, або Рэспубліканскі тубэркулёзны шпіталь ДВП, – паводле пацыентаў, па сутнасьці, тая ж турма, але з бальнічнымі палатамі ды ўзмоцненай мэдчасткай. Для тых асуджаных, якія маюць найцяжэйшую форму захворваньня з рэпрадукцыяй і выдзяленьнем сухотных палачак, ёсьць асобныя палаты. Для астатніх хворых – агульныя, у тым ліку і з двух'яруснымі ложкамі, дзе могуць месьціцца чалавек 16. Згодна зь неафіцыйнымі зьвесткамі, штомесяц у ПК-12 паміраюць прынамсі двое-трое. Як правіла, тыя, у каго, акрамя сухотаў, ёсьць нейкае іншае цяжкае захворваньне.

Як сьведчыць кіраўнік Рэспубліканскага тубэркулёзнага шпіталя Аляксандар Грыневіч, колькасьць выпадкаў множных лекава-ўстойлівых сухотаў – гэта калі на палачку ня дзейнічаюць антыбіётыкі – дасягнула крытычнага ўзроўню: 71,6% ад усіх зафіксаваных выпадкаў.

Распаўсюджваньне такой формы хваробы неспрыяльна адбіваецца на эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне.

Тым часам аршанскі вольны журналіст Віктар перакананы, што гэтая праблема абсалютна не хвалюе ягоных землякоў.

Віктар: «Справа ў тым, што людзі аніякай увагі не гэта не зьвяртаюць. Цяпер такі час, калі людзі ў сувязі з крызісам ставяцца да свайго здароўя абыякава. Галоўнае, каб чаго пад’есьці. Зразумела, калі б узровень жыцьця быў іншы, то людзі паставіліся б да гэтага інакш. Тады б уцямілі, што побач тубэркулёзная зона, што ў нас сумесная каналізацыя, якая час ад часу псуецца, што гэтыя хворыя кантактуюць з вольнанайманым пэрсаналам, які можа заражацца сам і заражаць іншых. Калі я размаўляў з тымі, хто лекаваўся ў ПК-12, яны казалі, што ўсе зоны – гэта сёньня рассаднік тубэркулёзу, што яны там хварэюць на сухоты і заражаюць адзін аднаго».

Гадоў пяць таму Віктар рабіў рэпартаж з тублякарні пад Багушэўскам і бачыў, у якіх умовах знаходзяцца там хворыя, як ставіцца да іх пэрсанал.

«Як да быдла. Дык гэта адкрытая лякарня. Я ўяўляю сабе, што там можа быць у закрытай зоне», – кажа журналіст.

Абрамава: «Ёсьць нямала палітыкаў, для якіх усе асуджаныя брыда»

Як колішні дэпутат – спачатку Вярхоўнага Савету, а потым Палаты прадстаўнікоў – Вольга Абрамава ў свой час даволі шчыльна займалася праблемай тубэркулёзу ў «зонах». Пра рост дынамікі захворваньня можа меркаваць з уласнага досьведу. Так, за 10 месяцаў яе дэпутацтва ў 1996 годзе да яе на прыём прыйшоў толькі адзін выбарац з адкрытай формай тубэркулёзу. Падчас дэпутацтва ў 2000–2008 г. людзі з сухотамі, якія нядаўна адседзелі ў зонах, зьвярталіся да яе ўжо раз на паўтара месяца.

Вольга Абрамава

«Гэта былі выбарцы, якія былі зацікаўленыя адразу заявіць пра сваю хваробу, бо іхныя пытаньні былі зьвязаныя з кватэрнымі праблемамі, бо іх часьцяком выпісвалі з ранейшых месцаў пражываньня або размова ішла пра атрыманьне жыльля, пра працаўладкаваньне. Пра эпідэмію сухотаў сьведчылі і шматлікія лісты, якія я атрымлівала непасрэдна з турмаў, ад сваякоў маіх выбарцаў. Пераважна гэты былі дзеці, чые бацькі спачатку прыходзілі да мяне на прыём».

Як сьведчыць спадарыня Абрамава, прасоўваць Праграму барацьбы з эпідэміяй сухотаў у турмах было досыць цяжка, бо кіраўнікі розных ведамстваў усяляк адхрышчваліся ад рашэньня праблемы, тым больш калі тое патрабавала павялічыць грашовыя выдаткі на ўтрыманьне асуджаных.

«З зацятасьцю маньяка даводзілася настойваць на тым, што, асуджаючы чалавека на несвабоду, яго не асуджаюць на скарачэньне яго жыцьця або фактычна на ўзаконенае забойства. І, па-другое, выходзячы на волю, носьбіты хваробы ўвесь час сутыкаюцца са здаровымі людзьмі. А гэта вялікая рызыка, асабліва для здароўя дзяцей ды старых».

Паводле спадарыні Абрамавай, стаўленьне дэпутацкага корпусу да праблемы было прыкладна такім жа, што і стаўленьне грамадзтва ў цэлым. Многія людзі проста няздольныя асэнсоўваць праблемы, якія ідуць далей за дабрабыт. Сярод аднадумцаў дэпутаткі былі пераважна жанчыны. Дзякуючы напорыстасьці ў адзін год удалося выбіць ад ураду на гэтыя мэты даволі вялікую, як на той час, суму – 5 мільярдаў рублёў. Што да дэпутатаў-мужчын, то мая суразмоўца ўзгадвае, як жорстка і груба рэагавалі некаторыя зь іх, калі зьбіраліся прыватныя ахвяраваньні на набыцьцё кніг у калёніях.

«Прыкладна 15% нашага корпусу ў вельмі грубай катэгарычнай форме адмовіліся ўдзельнічаць у дабрачыннай кампаніі ў падтрымку асуджаных. Сярод іх былі і прадстаўнікі кіраўніцтва парлямэнту, якія заявілі, што гэтыя людзі не заслугоўваюць аніякай ласкі, што гэта брыда і што няма чаго зьбіраць ім штосьці, каб яны чыталі, тым больш што яны ў жыцьці і кнігу не разгорнуць».

Ужо тры гады, як Вольга Абрамава адышла ад дэпутацкай ды грамадзкай дзейнасьці, аднак па-ранейшаму яна час ад часу атрымлівае з турмаў лісты, якія сьведчаць, што цяпер сытуацыя зрабілася яшчэ горшай і хворых на сухоты зусім не паменела, а толькі наадварот.

«Патлумачыць гэта вельмі лёгка. Павінны быць людзі гуманітарна заклапочаныя, якія ўсьведамляюць тое, што камусьці значна горш за іх. Што трэба клапаціцца пра іншых людзей, бо ад турмы і ад сумы нікому заракацца нельга… Каб ва ўмовах цяперашняй Беларусі палітык ці грамадзкі дзеяч прасоўваў падобныя пытаньні, гэта павінна быць яго ўнутраным перакананьнем. Што да дэпутатаў, то такая пазыцыя не прыносіць аніякіх дывідэндаў…»