Беларусь можа стаць для Эўропы славянскай Італіяй

Валерыя Кліцунова

Кіраўніца грамадзкага аб'яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова атрымала адну з двух сёлетніх прэміяў амэрыканскага фонду «Эўразія» для лідэраў грамадзянскай супольнасьці і бізнэсу ў краінах СНД і магчымасьць двухтыднёвай стажыроўкі на амэрыканскіх «аграсядзібах».

З Вашынгтону Валерыя расказала нашаму радыё пра досьвед вясковага турызму ў ЗША і пра тое, адкуль да нас прыяжджае найболей турыстаў.

Знаткевіч: Калі гавораць пра Амэрыку, дык наўрад ці вясковы турызм будзе нечым, што прыйдзе ў галаву большасьці людзей у сувязі з гэтай краінай. Ці ёсьць там нешта, чаму вы маглі б павучыцца?

Кліцунова: Так, вядома. Вы можаце жыць на фэрмах, і ёсьць такога роду сэрвіс. У іх ёсьць паслугі, супастаўныя з нашымі сядзібамі, тое, што называецца «Bed and breakfast» («Начлег і сьняданак»). Гэта, як правіла, вельмі заможныя, прыгожыя дамы на вёсцы, яны зробленыя вельмі стыльна, часта гэта гістарычныя будынкі, рэстаўраваныя. У Амэрыцы ёсьць вялізная асацыяцыя «Bed and breakfast». Яна аб'ядноўвае каля 10 тысяч уласьнікаў. І заўтра ў нас сустрэча з прэзыдэнтам гэтай асацыяцыі. Магчыма, мы падпішам ліст пра супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньне. Чаму яны нас могуць навучыць? Найвышэйшаму ўзроўню сэрвісу і арганізацыі гэтага бізнэсу. І далей – сыстэма маркетынгу, прасоўваньня ў іх пастаўленая проста фантастычна. У іх вельмі добрая сыстэма падрыхтоўкі кадраў у гэтай сфэры, так званая прафэсійная лесьвіца: калі ты хочаш займацца гэтым, рэкамэндуецца прайсьці стажыроўку на дзейнай сядзібе. І гэтую сыстэму мы думаем укараніць у нас. Тут стажыроўка можа доўжыцца некалькі гадоў.

Знаткевіч: Хто адпачывае на беларускіх аграсядзібах і што найбольш замінае аргатурызму ў Беларусі?

Кліцунова: Летась на сядзібах адпачывала 120 тысяч турыстаў, але, я думаю, насамрэч нашмат болей, людзі не заўсёды здаюць справу. Сярод іх 90 адсоткаў беларусы. Такая прапорцыя назіраецца амаль ва ўсіх краінах, апроч Італіі, там да 50 адсоткаў адпачывае замежнікаў. У нас пазначылася моцная тэндэнцыя – расейцы сталі адпачываць. У пэрыяд крызісу яны, так бы мовіць, падтрымалі нашых фэрмэраў, гаспадароў сядзібаў, бо расейцам тут танна, і гэты сэгмэнт расьце. Было б правільна нам арыентавацца на нашых заходніх суседзяў, але тут пачынаюцца праблемы. Па-першае, віза, нават ня кошт яе, а афармленьне. Па-другое, увогуле трапляньне ў краіну – усё, што тычыцца рэгістрацыі. Далей – тое, што тычыцца ангельскіх надпісаў, няведаньне мовы і гэтак далей. Тым ня менш, людзі едуць, бо гэта ўнікальны досьвед. І я думаю, мы цалкам маглі б стаць такой славянскай Італіяй у сфэры агратурызму для Заходняй Эўропы.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Размова з Валерыяй Кліцуновай 28 кастрычніка 2011 году

Your browser doesn’t support HTML5

Размова з Валерыяй Кліцуновай 28 кастрычніка 2011 году