«Трапіш сёньня ў Печы — лічы, вылецеў у трубу!»

У савецкія часы назва вайсковага гарадка Печы, што пад Барысавам, сярод прызыўнікоў гучала са злавесным падтэкстам. Тут была вядомая на ўвесь СССР 10-тысячная вучэбка, дзе квітнелі муштра ды дзедаўшчына.

У вандроўку мы выправіліся зь Мікалаем Петрушэнкам, праваабаронцам з грамадзкай арганізацыі «Наш дом» ды экс-палкоўнікам, які з 1969 па 79 гады прайшоў тут шлях ад навабранца да капітана танкавых войскаў і добра памятае тагачасныя норавы. Напачатку пацьвердзіў:

Петрушэнка: «Зь першых дзён, як трапіў у Печы, у вушах гучала каманда старшыні Дзерыконя — „на правы бок кладзіся, замерці!“ Так, гэта была муштра. Клін затвора ад танкавай пушкі важыць 69 кг, і мы яго заўсёды цягнулі ад казармы да стрэльбішча і назад. Дзедаўшчына пралягала па лініі курсант — сяржант. Курсант там ніхто, сяржант — усё…».

Тым ня менш узьніклі Печы з самых мірных намераў. У Нацыянальным гістарычным архіве ёсьць дакумэнт за подпісам Багуслава Радзівіла, канюшага Вялікага Княства Літоўскага, датаваны сярэдзінай 17 стагодзьдзя. Гэта прафэсійна выкананы чарцёж збудаваньня з надпісам лацінкай на беларускай мове — «Печ пякарні Барысаўскай». На шырокім нізкім прыпечку стаіць печ, «зробленая хлеб печы», з магутным выцяжным корабам. Кажуць, яна забясьпечвала хлебам увесь Барысаў, а паселішча — трывалай будучыняй. Пра апошнюю сёньня мясцовыя гавораць зь вялікім сумневам. І ня толькі таму, што колькасьць курсантаў скарацілася ў 10 разоў ды рыхтуюць тут ужо не танкістаў ды стралкоў, а кухараў і прапаршчыкаў.

Карэспандэнт: «Печы — яшчэ не Барысаў».

Касьянава: «Пакуль не. І не гарпасёлак. Вайсковы гарадок быў — у нас дамы старыя з тых часоў…»

Са спадарыняй Касьянавай мы сустрэліся ля пуцеправоду над чыгункай, што злучае Печы з Барысавам і ўжо ня першы год знаходзіцца ў аварыйным стане. Цяпер ён ізноў перакрыты дзеля рамонту. Так што Валянціна Ўладзіміраўна, як і ўсе печанцы, вярталася з працы на барысаўскім ААТ «Швейнік» пешшу.

Касьянава: «Мост ужо рабілі гады 4 таму — танкі ж ходзяць! У мінулым годзе далі нам новыя аўтобусы, але дарога ў Печы перад прыпынкам была настолькі разьбітая, што кіроўцы адмаўляліся езьдзіць — калдобіны, яміны. У Пячах ёсьць дарогі, што ісьці страшна — сьвятла на вуліцах няма. А жыльцам невыгодна робяць. У пад’ездах на ноч сьвятло звычайна ўключалі, зранку выключалі. Зараз днём ідзеш — дзьверы адчыняюцца, сьвет мусіць загарэцца. Ноччу стукаеш і грукаеш — ні халеры не гарыць!»
WЗараз днём ідзеш — дзьверы адчыняюцца, сьвет мусіць загарэцца. Ноччу стукаеш і грукаеш — ні халеры не гарыць!

На пытаньне пра ўмовы сваёй працы суразмоўніца махае рукой.

Касьянава: «Шыем курткі — зімовыя, асеньнія. Пра заробак лепш не гаварыць, засьмяюць…»

Карэспандэнт: «400–500?»

Касьянава: «Дзесьці так…»

Спадарыня Валянціна просіць агучыць тое што тычыцца яе сына:

Касьянава: «У Палацы афіцэраў бібліятэка была — закрылі, вучням трэба езьдзіць у Барысаў…»

Мікалай Петрушэнка

Ідзем па адзінай вялікай у больш чым 7-тысячным гарадку вуліцы Сярэбранікава. На дошцы абвестак з надпісам «Палац афіцэраў» чытаем запрашэньне клюбу «Сіці» на «танцы ды дэгустацыю алькагольных напояў». Празь некалькі сотняў мэтраў — сам палац з закалочанымі вокнамі ды апячатаным уваходам. Яшчэ месяц таму тут прымаў стаматоляг, працаваў сэканд-хэнд ды рэпетавалі мясцовыя рок-музыкі. На прыступках сядзіць маладзенькі салдацік ды ходзіць лейтэнант, які паведамляе, што…


Лейтэнант: «Вывезьлі апошнія крэслы на дошкі…»

Карэспандэнт: «А вы ахоўваеце яго?»

Лейтэнант: «Так ёсьць. Ад каго? Ад староньніх людзей, каб не было непарадку…» (Сьмех.)

18-гадовы Пеця Бутылкін зь Лёзьненскага раёну заканчвае вучэбку на кухара.

Карэспандэнт: «А любімая страва ў цябе?»

Бутылкін: «Печаная бульба з фаршыраваным шчупаком — тут вучаць…»

Карэспандэнт: «А як кормяць у войску зараз?»

Бутылкін: «Сілкаваньне выдатнае — гатуем сабе самі…»

Петрушэнка: «Віталь, калі я быў такі, як ён, адказвалі — «старшына сказаў, што кормяць у войску добра!» (Сьмех.)

Па дарозе спадар Петрушэнка з сумам наракае:

Петрушэнка: «У клюбе былі кіназаля, більярд, лекцыйная, спартовая залі, гурткі кройкі ды шыцьця, школа жаўнерскага актыву. Цяпер і музэй вывезьлі. Усё на дровы — усё вылецела ў трубу!»


Непадалёк месьцяцца тры афіцэрскія інтэрнаты. Заўважыўшы нашу цікавасьць да іх, падыходзяць дзед з унучкай.

Спадар: «Рамонт афіцэрскіх інтэрнатаў дрэнна робіцца — для водазабесьпячэньня запчастак няма, у прыбіральні вада працякае, бо не прыкрываецца — вы зайдзіце!»

У дзяжурнай Веры Тарасэвіч пытаемся, ці ёсьць побытавыя выгоды.

Тарасэвіч: «Гарачая вада? Ідзе цёплая — канечне, купацца маленькім дзецям праблема. Але ў Пячах праблема ўва ўсіх — кацельная была мазутная, была гарачая вада. Перайшлі на газавую ў тым годзе — палова гарадка пакутуе. А так усё нармальна — праблем няма…»


На тыльным баку будынка — антыілюстрацыя апошніх словаў адміністратаркі: на іржавай трубе, што тырчыць з вакна першага паверху, вісіць памытая бялізна… Мы ж накіроўваемся на ўскраіну, дзе перакошаныя аднапавярхоўкі з чорнымі пячнымі трубамі ды пакрыты іржой былы шапік, на якім слаба праглядаецца надпіс «Павільён пры дарозе». Я спыняю дзяўчыну ды двух хлопцаў, што паступілі ў 85 ПТВ Барысава. Яны таксама скардзяцца:

Падлеткі: «Год 6 павільён закрылі, клюб — на дыскатэкі ў Барысаў ходзім…»

Карэспандэнт: «У сёньняшніх Пячах вы хацелі б застацца?»

Падлеткі: «На ногі!.. Сумна, няма дзе адпачыць…»


Да брамы выйшла паглядзець, хто прыйшоў, 80-гадовая Віктараўна, як тут называюць спадарыню Скуратовіч.

Карэспандэнт: «А калі капітальны рамонт апошні быў?»

Віктараўна: «Я ня памятаю, жыву з 70 году. Грошай няма ў мяне — як жыву, так і жыву. А хто каму рабіў рамонты якія? Далі ўчастак, падаткі, страхоўкі плацім…»

Карэспандэнт: «Дык вам рабіць абавязаныя ўлады!»

Віктараўна: «Пэнсія маленькая — 30 год рабіла вартаўніцай за 55 тысяч — 550 тысяч. У нас усе старыя так жывуць. Мне трэба ўжо ісьці, дзе мужык мой…»

* * *
Разам з экс-палкоўнікам Петрушэнкам ідзем да апазыцыянэра Алега Мацкевіча, які жыве ў Пячах. У дарозе Мікалай Сямёнавіч робіць гістарычны экскурс.

Петрушэнка: «Размовы ішлі, што на зборах некалі быў Лукашэнка.Тут служыў маршал Грэчка, былы міністар абароны СССР. У былым палацы афіцэраў сталавалася школа абвэру гітлераўскай Нямеччыны. Калі на заходзе сонца паглядзець, на франтоне праяўляецца — „Абвэр шуле“. Была заўсёды сакрэтнасьць у Пячах. Табе абавязкова распавядалі, як разьведчыкі з ЦРУ прыехалі ў Печы і іх там павязалі. І адзін з нашых хлопцаў трапіў служыць на сьвінарнік. Але ж дзяўчыне пра гэта ня мог напісаць. Дык узяў танкавы шлемафон, сфатаграфаваўся зь ім у кухні, дзе карміў сьвіней, і напісаў, што ў сакрэтным танку. „Контрыкі“ ўсё бегалі-шукалі, дзе той танк…» (Сьмяецца.)
Падрыхтаваў свой танкавы ўзвод зрабіць марш Печы — мост праз чыгунку — Старабарысаўскі тракт — на Менск і да ЦК.

У 70-х у Пячах ледзь не раскруцілася буйная крымінальна-палітычная справа лейтэнанта Хруцкага са 114 танкавага палку, які лічыў брэжнеўскае кіраўніцтва «здраднікамі марксісцка-ленінскіх ідэалаў».

Петрушэнка: «Прадзед Хруцкага быў герой Крымскай вайны, дзед ваяваў у Вялікую Айчынную, быў героем Савецкага Саюзу. Падрыхтаваў свой танкавы ўзвод зрабіць марш Печы — мост праз чыгунку — Старабарысаўскі тракт — на Менск і да ЦК. Унутрана ён зьбіраўся зрабіць вайсковы пераварот. Але абышлося — яго выключылі з камсамолу. Такога б зараз Хруцкага! (Сьмяецца.) Дарэчы, лейтэнант вырас пазьней да палкоўніка…»

Але вось мы ў кватэры юрыста, праваабаронцы, журналіста «Барысаўскіх навін», 44-гадовага Алега Мацкевіча. На кухні завіхаюцца жонка ды маленькая дачка. 4 апошнія месяцы Алег спрабаваў дамагчыся справядлівасьці ў справе супрацьзаконнага, як ён лічыць, затрыманьня ў часе адной з маўклівых акцый. Але сёньня размова зь ім — пра яго.


Карэспандэнт: «Алег, ты сын савецкага вайскоўца, начальніка ўнівэрсытэту марксізму-ленінізму ў Пячах. Як ты прыйшоў да беларускасьці?»

Мацкевіч: «Пасьля войска трапіў у пэдінстытут на гістарычны факультэт. У 88 годзе ішла поўным ходам перабудова. Мы вывучалі гісторыю КПСС у выкладчыка Лук’янава — з чырвоным носам увесь час. Былі сябры — вясковыя хлопцы, беларусы па духу. І незаўважна для мяне пранікаўся, хоць бацька па-беларуску ніколі не размаўляў, маці руская. У вайсковых гарадках, дзе я вучыўся, да мовы было заўсёды пагардлівае стаўленьне. У інстытуце я й паставіў за мэту навучыцца размаўляць па-беларуску. Я ўдзельнічаў у красавіцкіх падзеях 91 году, калі дзясяткі тысяч выходзілі на Плошчу. Калі пачыналіся акцыі, мы ўсім гістфакам выбягалі, пісалі ўлёткі супраць камуністаў і расклейвалі на калідорах. Я яшчэ тады запісаўся ў БНФ. І калі асеў у Пячах, пазнаёміўся з кіраўніком філіі Сяргеем Салашам у 2004-м — таксама жыве тут. Пачаў запрашаць на акцыі, зноў пачаў займацца палітыкай, праваабарончай дзейнасьцю…».

Карэспандэнт: «Чым-небудзь займаліся непасрэдна ў Пячах?»

Мацкевіч: «Разам зь Сяргеем неаднаразова ўдзельнічалі ў выбарах. І скажу, як тут зьбіраюцца подпісы. У Пячах шмат старых маразматыкаў, якія на нюх не пераносяць беларушчыны. Зь імі пачынаеш размаўляць па-беларуску — для іх сыгнал, чырвоная картка — ты вораг. І шмат выпадкаў здаралася з намі, калі даходзіла ледзь не да фізычнай расправы…»

Карэспандэнт: «Мы што ўбачылі — на 5 месяцаў Печы адрэзаныя ад Барысава, падлеткі ня хочуць заставацца тут, жахлівыя дамы, што дзесяцігодзьдзі ня мелі капрамонту, з кінутымі старымі, клюб зачынены і ўсё да апошняй дошкі вывезена, афіцэрскія інтэрнаты ня маюць гарачай вады для маладых сем’яў — здаецца, усё заклікае да пратэсту. Але, паводле тваіх слоў, сытуацыя ў Пячах застаецца безнадзейнай…»

Мацкевіч: «Насамрэч, калі мы пра Беларусь кажам, што гэта музэй сацыялізму, дык Печы — Вандэя беларускасьці. Аскепкі мінуўшчыны тут узмоцненыя шматкроць. Як сказаў Сяргей Салаш, у краіне адбудуцца зьмены, калі перамены ў настроях будуць заўважаныя ў Пячах…»

Карэспандэнт: «І твой прагноз?»

Мацкевіч: «Перамены ўсё роўна адбудуцца. Старое пакаленьне ў побытавым пляне зьмяняецца — я ня ведаю ніводнага пэнсіянэра, які б ня быў абураны шалёным ростам цэнаў. Законы эвалюцыі ніхто не адмяняў…»

Карэспандэнт: «І Печы „распаляцца“?»

Мацкевіч: «Як і ўся Беларусь!»http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&num=200&start=400&t=m&vpsrc=6&ll=54.584797,28.844604&spn=1.114163,2.894897&z=8&iwloc=0004b0342f03505417ada&output=embed
Падарожжы Свабоды