Ці можа стаць страйк барысаўскіх камунальшчыкаў прыкладам для іншых? Якімі мэтадамі — пугай ці пернікам — улада будзе імкнуцца спыніць сацыяльныя пратэсты? Адказвае палітоляг Юры Чавусаў.
Цыганкоў: Ці можа барысаўскі выпадак стаць адлюстраваньнем таго, як можа разьвівацца сытуацыя ў Беларусі ў наступныя месяцы? Выхаду палітычных актывістаў на вуліцы не адбылося, але можа выбухнуць там, дзе не прысутнічае палітычная апазыцыя, калі незадаволеныя заробкам людзі пачнуць выказваць свій пратэст?
Чавусаў: Гэты сцэнар быў прагназаваны. Улады якраз баяцца спантанных пратэстаў, калі загадзя не прызначаны час і месца, калі не вядома, дзе палыхне. Гэта якраз тое, супраць чаго ўлада зараз нарошчвае рэпрэсіўны апарат. Апазыцыя знаходзіцца пад кантролем, кантраляваць спантанныя пратэсты значна цяжэй. І гэтая задача зараз пастаўлена перад новымі сілавікамі, якія ўзмацняюцца.
Цыганкоў: Але ці можа быць эфэктыўны тут рэпрэсіўны апарат? Рэпрэсіямі можна змагацца супраць апазыцыйных актывістаў, якіх супрацоўнікі органаў ведаюць у твар, і якіх могуць атачыць у кватэры ў дзень акцыі. Але супраць спантанных сацыяльных пратэстаў, можа, больш падыходзіць мэтад перніка, паступовае падкідваньне грошай на самыя небясьпечныя ўчасткі?
Чавусаў: Існуюць розныя мэтодыкі. Я мяркую, улады будуць выкарыстоўваць наступную: пернік — той сацыяльнай групе, дзе выбухнуў пратэст, але жорсткі бізун — тым лідэрам, якія былі ў авангардзе пратэсту. Да прыкладу, ініцыятараў страйку — пакараць, звольніць, але памер заробку на тым прадпрыемстве павялічыць.
Чакаць таго, што ўлады будуць выкарыстоўваць толькі пернік, не выпадае, бо пернікаў на ўсіх у краіне не хапае.
Чакаць таго, што ўлады будуць выкарыстоўваць толькі пернік, не выпадае, бо пернікаў на ўсіх у краіне не хапае. Улады, відавочна, зрабілі выснову, што прасьцей фінансава насыціць патрэбы праваахоўных органаў, зьліць іх у адзіны кулак, і біць гэтым кулаком па ўсіх праявах пратэсту ў грамадзтве. У гэтым сэнсе палітычная апазыцыя — толькі адзін з пратэстных ачагоў, які для ўладаў зразумелы і ня цягне вялікіх нечаканасьцяў.
Цыганкоў: Ці ня можа барысаўскі прыклад, калі ў грамадзтве шырока распаўсюдзіцца інфармацыя пра тое, што ўлады ўсё ж пайшлі на саступкі, стаць каталізатарам, і людзі скажуць «аказваецца, можна патрабаваць ад уладаў»?
Чавусаў: Крызіс ахапіў беларускую прамысловасьць. Тыя прадпрыемствы, якія падтрымліваліся за кошт іншых галінаў гаспадаркі, цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане. І ўлады ня могуць забясьпечыць усім на такіх прадпрыемствах жаданы ўзровень. Адпаведна пратэсты непазьбежныя. Казаць, дзе выбухне наступны раз — сэнсу няма, бо можа выбухнуць паўсюль.