Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень дваццаць шосты

Уладзіслаў Кавалёў, Дзьмітры Канавалаў

16:30 На працэсе агаласілі вынікі экспэртызаў. Паводле іх, вынікае, што знойдзеныя ў падвале галоўнага абвінавачанага Дзьмітрыя Канавалава правады, прыпой, мэталічныя часткі адпавядаюць тым жа самым рэчам, які былі ў бомбе, якую знайшлі цэлай у 2008 годзе — на сьвяце Незалежнасьці ў Менску 3 ліпеня.

Тады адна бомба не ўзарвалася. Яе хуценька разабралі, саму выбухоўку ўзарвалі, а астатнія рэчы захавалі. І ўжо пасьля выбуху ў мэтро і затрыманьня абвінавачаных параўналі захаванае з тым, што знайшлі ў падвале. Экспэртыза высьветліла, што адно адпавядае аднаму — правады, прыпоі, мэталічныя часткі. Адпаведнасьць скотчу вызначылі паводле так званых родавых прыкметаў.

14:32 Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што ён не вінаваты. Кавалёў чарговы раз хадайнічае пра вызваленьне з-пад варты.

«На разглядзе суду не было прадстаўлена ніводнага доказу маёй віны. Дадзеных дзеяньняў я не зьдзяйсьняў і ніякім чынам ім не спрыяў, — заявіў Кавалёў. — Канавалава таксама лічу невінаватым, а яго прызнаньне — атрыманым пад ціскам сьледзтва... Я ўпэўнены ў сваёй невінаватасьці і маю намер даказаць яе ў судзе».

Судзьдзя Аляксандар Федарцоў заявіў: «Даць ацэнку доказам і іх аб'ектыўнасьці суд можа толькі пасьля дасьледаваньня ўсіх доказаў у сукупнасьці: пасьля спрэчак бакоў і апошняга слова абвінавачаных. Ацэнка ступені доказнасьці ў сярэдзіне працэсу ня робіцца».

Суд адхіліў хадайніцтва Кавалёва, перадае Інтэрфакс.

14:25 Канавалаў набываў тратыл на базары

Дзьмітрый Канавалаў кажа, што набыў тратыл для выбуховай прылады, якая дэнатавала ў 2008 годзе, на рынку ў Віцебску. «Тратыл набыў на базары», — распавёў Канавалаў на допыце ў часе папярэдняга сьледзтва.

Сьледчы: «А што, так і прадаецца тратыл на базары?»

Канавалаў: «Ну так, у чорных капальнікаў, якія значкамі гандлююць, хадзіў, пытаўся».

Аднак абвінавачваны не запомніў цану тратылу і ня змог сказаць, працаваў ён з тратылам раней ці не.

«Перакіс атрымліваць занадта доўга, вытрымка патрэбная», — патлумачыў Канавалаў, чаму набываў тратыл.

На відэа Канавалаў кажа: ён адмыслова плянаваў, што хваля выбуху пойдзе па ніжніх канечнасьцях. «Накіраваны выбух», — сказаў абвінавачаны і патлумачыў, што правяраў напрамак разьлёту элемэнтаў у ходзе пробных выбухаў.

Рыхтуючы выбух на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка, Канавалаў разьлічваў на «зьнішчальную сілу выбуху».

Сьледчы: «Толькі на фугаснае дзеяньне?»

Канавалаў: «Ну так».


13:00 «Мне не падабаецца палітыка нашага прэзыдэнта», — заявіў у часе сьледчага экспэрымэнту 20 красавіка Дзьмітры Канавалаў. На відэаздымках экспэрымэнту Канавалава просяць сабраць прататып другога выбуховага прыстасаваньня, якое не спрацавала на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2008 году.

На здымках у Канавалава пытаюцца, зь якой мэтай ён арганізаваў выбух. Ён адказвае: «каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі». Праўда, ён адмовіўся адказваць на пытаньне, чым яму не падабаецца палітыка кіраўніка краіны.

Раней на судзе выступалі сьведкі Яўген Іванец і Руслан Якімовіч, якія знайшлі другое выбуховае прыстасаваньне. Яны заявілі, што знайшлі пакунак з сокам, адкруцілі крышку, прарвалі мэмбрану і там пабачылі тумблер, драты і элемэнты гадзіньнікавага мэханізму.

А Канавалаў на сьледчым экспэрымэнце заявіў, што складнікі выбуховага прыстасаваньня ён засоўваў у пакунак з-пад соку праз рыльца. І гэта значыць, што мэмбрана там захавацца не магла.

Дарэчы, Іванец цяпер адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.

У судзе таксама выступіў кіноляг Сяргей Ласкутоў. Ён завіў, што 3 ліпеня з сабакам абсьледаваў месца выбуху ля стэлы. Аднак у паказаньнях на сьледзтве Ласкутоў заяўляў, што не абсьледаваў месца здарэньня. Розьніцу ў паказаньнях кіноляг патлумачыў тым, што прайшло шмат часу.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты
Суд за тэракты. Дзень адзінаццаты
Суд за тэракты. Дзень дванаццаты
Суд за тэракты. Дзень трынаццаты
Суд за тэракты. Дзень чатырнаццаты
Суд за тэракты. Дзень пятнаццаты
Суд за тэракты. Дзень шаснаццаты
Суд за тэракты. Дзень сямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень васямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты першы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць другі
Суд за тэракт. Дзень дваццаць чацьвёрты