Карасёў: Праект "лукашэнізацыі" Ўкраіны – нерэальны

Вадзім Карасёў

Ці азначае адмена візыту Віктара Януковіча ў Брусэль запавольваньне інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ і ўцягваньне яе ў арбіту палітычных і эканамічных інтарэсаў Масквы?

20 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч павінен быў сустрэцца ў Брусэлі з прэзыдэнтам ЭЗ Германам Ван Рампэем і прэзыдэнтам Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. Аднак візыт не адбыўся.

Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка прадстаўніцы ЭЗ у зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан, заявіла, што візыт Януковіча адбудзецца, калі "ўмовы будуць больш спрыяльныя для дасягненьня прагрэсу ў двухбаковых дачыненьнях".

Дачыненьні паміж ЭЗ і Ўкраінай ускладніліся пасьля таго, як суд на мінулым тыдні асудзіў Юлію Цімашэнку да сямі гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў у сувязі з кантрактам, які Ўкраіна падпісала з Газпрамам у 2009 годзе, калі Цімашэнка кіравала ўрадам. Пра перспектывы дачыненьняў Украіны з Эўразьвязам – гутарка з кіеўскім палітолягам, кіраўніком Інстытуту глябальных стратэгіяў Вадзімам Карасёвым.


Навумчык: Спадар Вадзім, як была сустрэтая вестка пра адмену візыту ў Кіеве, і ці азначае гэта ў пэрспэктыве запавольваньне інтэграцыі Ўкраіны ў структуры ЭЗ?

Карасёў: Па-першае, гаворка ідзе пра перанос візыту Януковіча ў Брусэль, а не пра яго скасаваньне. Па-другое, гэтае паведамленьне ў Кіеве сустрэлі па-рознаму. Прыхільнікі эўрапейскай інтэграцыі ўспрынялі гэта, як дрэнны знак, і падазраюць (мне здаецца, беспадстаўна) Януковіча ў тым, што ён зьбіраецца пераарыентавацца на Эўразійскі саюз Пуціна, на Мытны саюз, а потым і на адзіную эканамічную прастору зь Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй. Тыя, хто займае рэтраградныя, кансэрватыўныя пазыцыі, хто жыве постсавецка-карупцыйнай сучаснасьцю, тыя спадзяюцца, што Ўкраіна стратэгічна пераарыентуецца на прастору, якую яны называюць "сьвятарным саюзам нязьменных прэзыдэнтаў", самую рэакцыйную ў цяперашнія часы частку сьвету. Паколькі паўсюль ідуць паўстаньні антыдыктатарскія, пратэсты, зьвязаныя з дамінаваньнем фінансавай алігархіі, і толькі постсавецкая прастора дэманструе рэтраградны трэнд - стабільнасьць, прадказальнасьць, калі аўтакраты кіруюць праз 20-25 гадоў, перадаюць адзін аднаму ўладу, і замест прагрэсу - абсалютны рэгрэс.

Ну але я б не перабольшваў небясьпеку гэтага павароту. І вось чаму.

Украіна, украінская эліта, у асноўным -- па-эўрапейску арыентаваная.
Вядома, Януковіч хацеў бы захаваць уладу надоўга. Але, па-першае, ня ўсё ў яго атрымліваецца з Пуціным. Па-другое, Украіна ўжо дастаткова шчыльна ўвайшла ў інтэграцыйныя сувязі з Эўрапейскім зьвязам. І так вось узяць ды пераарыентаваць Украіну з эўрапейскага на эўразійскі вэктар - гэта ня проста. Па-трэцяе, Януковіч цудоўна разумее, што калі Ўкраіну чакаюць у Эўразійскім саюзе, дык не на чале зь Януковічам, а на чале зь Цімашэнкай. Улічваючы даволі даўнюю і эфэктыўную гульню Пуціна зь Цімашэнкай, што выявілася пры падпісаньні газавай дамовы ў 2009 годзе. Чацьвёрты момант. Украіна, украінская эліта, у асноўным - па-эўрапейску арыентаваная. Паколькі курс на Эўропу - ня проста пашырэньне рынкаў, атрыманьне магчымасьцяў для крэдытаваньня заходнім банкаўскім капіталам і капіталізацыі бізнэсу. Але гэта і пропуск у эўрапейскі "клюб элітаў", каб легалізаваць свой статус як буйных бізнэсоўцаў, як магчымасьць адысьці ад сумнеўных гісторыяў стварэньня сваіх капіталаў, фармаваньня алігархіі, але з рэспэктабэльным статусам, законапаслухмяных, сучасных бізнэсоўцаў. І калі б Януковіч абраў гэты шлях, дык гэта прывяло б да расколу кіроўных элітаў. Бо большая частка бізнэс-элітаў якраз арыентуецца на ЭЗ, на зону вольнага гандлю з ЭЗ, а не на Мытны саюз з Уладзімерам Пуціным.

Таму ўсе засьцярогі, мне здаецца, перабольшаныя. А што на самой справе?

Гэта гульня на нэрвах, гульня на чаканьні.
А на самой справе ўзятая паўза і Януковічам, і ЭЗ для праверкі трываласьці пазыцыяў абодвух бакоў, вытрымкі. Гэта гульня на нэрвах, гульня на чаканьні. Януковіч лічыць, што выхад Цімашэнкі на волю перакрэсьліць ягоныя спадзяваньні на 2012 год, на парлямэнцкія выбары, на якіх ён разьлічвае ўмацаваць палітычны рэжым. І на 2015 год, калі будуць прэзыдэнцкія выбары. Атрымаўшы моцнага суперніка, Януковіч разумее, што ён рызыкуе курсам на манапалізацыю ўлады. А ЭЗ, відавочна, лічыць, што ўсё роўна безь незалежнага правасудзьдзя, без таго, каб Цімашэнка была на волі, няма сэнсу ўцягваць Украіну ў агульнаэўрапейскі рынак і падпісваць з Украінай палітычную Асацыяцыю. Там альбо лічаць, што ўсё роўна Януковіч нікуды не падзенецца, альбо разумеюць, што Януковіч наўрад ці пойдзе ў бок Пуціна і аддасьць перавагу пуцінскаму Эўразійскаму саюзу. І празь нейкі час пойдзе на кампраміс. Я думаю, што месяц застаецца да выпрацоўкі кампрамісу, і з боку ЭЗ, і з боку Януковіча, каб да моманту падпісаньня зоны вольнага гандлю, да пачатку сьнежня, вырашыць пытаньне пра Цімашэнку. І я думаю, да канца лістапада мы ўбачым, што сытуацыя атрымае разьвязку. І Ўкраіна здолее блякаваць арыентацыю на саюз з Пуціным і працягнуць доўгі, цяжкі шлях у эўрапейскую будучыню.

Навумчык: Шэраг аналітыкаў выказваюць меркаваньне, што брутальныя дзеяньні ў Менску 19 сьнежня і байкот Лукашэнкі Эўрапейскім Зьвязам былі імгненна скарыстаныя Крамлём з мэтай канчаткова прывязаць да сябе Беларусь. Вы выказалі асьцярожны аптымізм у дачыненьні да працэсу эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны, але ці ня здарыцца так, што цяперашняя пазыцыя ЭЗ актывізуе Крэмль у справе прыцягненьня Кіева да Расеі, да розных палітычных і эканамічных саюзаў, якія цяпер узмацняюцца альбо ствараюцца Пуціным?

Карасёў: Пачну з таго, што, напэўна, Януковічу хацелася б стварыць такую сыстэму ўлады, якую стварыў у сярэдзіне 90-ых Лукашэнка. Гэта - поўны кантроль над грамадзтвам, над эканомікай, адсутнасьць апазыцыі (асобныя пратэсты, дысыдэнты - гэта не інстытуцыялізаваная апазыцыя).
Але чым адрозьніваецца Ўкраіна ад Беларусі?

Па-першае, яна ня так прывязаная да Расеі, як Беларусь, якая ў савецкія часы выконвала функцыю “зборачнага цэху” савецкай прамысловасьці.

Па-другое, 9 мільёнаў супраць 46 мільёнаў.

Заходняя Ўкраіна заўсёды была генэратарам праэўрапейскасьці ўкраінскай дзяржаўнасьці.
Па-трэцяе, Украіна мае геаграфічны плюралізм: ёсьць захад і ўсход. І гэта шмат у чым сілкуе канкурэнцыю ва ўкраінскай палітыцы. Гэтага няма ў Беларусі, дзе ёсьць Заходняя Беларусь як геаграфічны панятак, але наўрад ці яна існуе як палітычна-ідэалягічны панятак, які задае ідэйны вэктар разьвіцьця дзяржаўнасьці. Вось Заходняя Ўкраіна заўсёды была генэратарам праэўрапейскасьці ўкраінскай дзяржаўнасьці незалежна ад таго, хто быў прэзыдэнтам - Краўчук, Кучма, Юшчанка ці Януковіч.

Але галоўнае - Януковіч ня можа кантраляваць эканоміку і зьнешні гандаль так, як гэта робіць Лукашэнка. Ва Ўкраіне ўжо рынкавая эканоміка, бізнэс - неад'емны элемэнт фінансава-манэтарнай машыны.

Ёсьць алігархі, якія не жадаюць, каб у краіне быў толькі адзін алігарх - прэзыдэнт. Яны, ва ўсялякім разе, хочуць дзяліць уладу з прэзыдэнтам. Таму на мінулых выбарах яны Цімашэнку не падтрымалі, падтрымалі Януковіча, лічачы яго больш слабым палітыкам.

Нарэшце, досьвед палітычных свабодаў 2000-ых гадоў, наяўнасьць апазыцыі - гэта ўсё робіць праект лукашэнізацыі Ўкраіны нерэальным. І адпаведна Януковіч абмежаваны ў манэўры, каб патрапіць у сеткі Крамля, як патрапіў, менэўруючы, але ўсё ж патрапіў туды Лукашэнка.

Страта Ўкраіны - гэта катастрофа для Эўропы.
Ну і Захад разумее, што страта Ўкраіны - гэта катастрофа для Эўропы. Беларусь яшчэ можна будзе аддаць, тым больш, што да Беларусі, дык не было такіх спадзяваньняў, як з Украінай, зьвязаных з Майданам, памаранчавай рэвалюцыяй і празаходняй эўфарыяй. А Беларусь заставалася постсавецкім запаведнікам, яна не прайшла практыку рэвалюцыйных выступаў, як ва Ўкраіне. Так што калі Януковіч і выношвае пляны паўтарыць вопыт Лукашэнкі, дык, па-першае, ён спазьніўся, а па-другое, ён жа бачыць, што закончыцца гэта можа ў сетках Крамля, як з Лукашэнкам. А гэта дае магчымасьць манэўраваць прыхільнікам эўрапейскага вэктару. Януковіч пакуль проста шукае, як рухацца ў ЭЗ, але пры гэтым не выпускаць з турмы Цімашэнку. А ЭЗ спрабуе злучыць гэтыя дзьве праблемы - судовы працэс над Цімашэнкай і эўраінтэграцыйныя пэрспэктывы Ўкраіны. Вось вакол гэтага і будзе ісьці пошук кампрамісу.