Максім Гарэцкі: "Ня чуў у Менску, каб людзі гаварылі па-беларуску"

Прозьвішча Гарэцкіх годна ўпісанае ў гісторыю беларускага Адраджэньня. Усе вядомыя Гарэцкія — пісьменьнік Максім, геолягі Гаўрыла і Радзім, аўтар расейскага буквара Ўсяслаў — вялікую частку свайго прафэсійнага і асабістага жыцьця аддавалі і аддаюць радзіме. І гэта рэдкі і несумненны прыклад людзей, лёсаў і перакананьняў, якія напаўняюць патасныя словы пра любоў да радзімы сутнасным зьместам.

Радзім Гарэцкі, Алег Трусаў, Язэп Юхо, Анатоль Грыцкевіч, Вінцук Вячорка


У гэтай праграме ўдзельнічаюць тры пакаленьні роду Гарэцкіх і дзьве яго галіны — беларуская і расейская. Паўз гэтыя пакаленьні прайшлі зьмены, якія перажывае Беларусь у найноўшай гісторыі. Радзім Гаўрылавіч — акадэмік, былы віцэ-прэзыдэнт беларускай Акадэміі навук, сябар Ценевага ўраду Апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка на выбарах 1994 г. Ён і аўтар грунтоўных працаў пра лёс сваіх сваякоў. Дзякуючы ягоным намаганьням, актыўнай грамадзянскай пазыцыі і закладзенай ад маленства пашане і любові да сваёй сям’і прозьвішча Гарэцкі дагэтуль азначае "любіць Беларусь".

Група артыстаў-аматараў Беларускай сэкцыі Культпрасьвету Саюзу вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Гаўрыла Гарэцкі ў другім радзе пасярэдзіне. Горкі. Сакавік 1919 г.



Бацька спадара Радзіма — Гаўрыла Іванавіч, малодшы брат пісьменьніка Максіма Гарэцкага:

"У мяне лёс такі: я нарадзіўся ў Менску, у канцы 1928 году, а ў 30-м бацьку ўжо пасадзілі. Так што я, можна сказаць, бацьку амаль і ня бачыў. Максіма Гарэцкага, дзядзьку свайго, я наогул ня бачыў. Я аб ім даведаўся амаль у часы, ну не перабудовы — я ведаў, канечне, пра яго, — але пра яго сутнасьць, які ён, што ён зь сябе ўяўляе, прачытаў яго творы ўжо разам з усімі людзьмі майго пакаленьня і больш маладымі нашага часу".

Гаўрыла Гарэцкі правёў у сталінскіх бараках амаль тры дзясяткі гадоў, некалькі разоў прысуджаўся да расстрэлу. Жонка разам з двума малымі сынамі з уласнай волі выяжджала за ім. Радзім Іванавіч упэўнены, што бацьку ад сьмерці ўратавала каханьне.

Радзім Гарэцкі: "Мае бацькі былі студэнтамі Ціміразеўскай акадэміі: бацька — эканаміст, а маці — сэлекцыянэр, па аграноміі вучылася.

Яны пакахалі адно аднаго ў 1923 годзе, яшчэ студэнтамі, а ў 1924-м нарадзіўся мой брат. І да самага апошняга свайго дыханьня ў іх было такое каханьне, што я дзіўлюся да гэтага часу. І ніколі ня бачыў такога.

І я думаю, што гэта бацьку ў значнай меры выратавала, бо колькі яго разоў да расстрэлу прысуджалі, сядзеў ён ліха ведае ў якіх умовах…

Маці засталася адна. Яе выгналі з працы, выгналі з кватэры, ніхто зь ёй размаўляць не хацеў ...

Маці была такая адданая, што ў нас нават і думкі не было, што ён вораг народу, што ён вінаваты. Гэта ўжо ўплыў маці. Ёй дасталося вельмі многа. І ў мяне вельмі добрыя былі дзед і баба. Яны ўвесь час з намі жылі і галоўным чынам нас і ўзгадоўвалі. Бабуля Марыя Міхайлаўна і дзед Осіп Іванавіч. У 37-м годзе бацьку арыштавалі, а я быў у Запарожжы з бабуляй. Маці засталася адна. Яе выгналі з працы, выгналі з кватэры, ніхто зь ёй размаўляць не хацеў, таму што гэта было небясьпечна.

Ларыса Гарэцкая з сынамі Радзімам і Ўсяславам. Менск, 21 верасьня 1930 г.

Але яны вельмі добрыя людзі ўсе, і нас увесь час так узгадоўвалі, нягледзячы ні на што. І мой бацька таксама. Здавалася б, столькі пацярпеў, але ён ніколі ані супраць сьледчых, ані супраць тых, хто пра яго напісаў нешта кепскае, ніколі дрэннага слова пра іх не сказаў. Ён разумеў, што такая сытуацыя агульная".

Кірыла Гарэцкі — пляменьнік Радзіма Гаўрылавіча, сын ягонага брата Ўсяслава. Адпаведна сямейнай традыцыі, Кірыл выгадаваўся са старэйшым пакаленьнем:

Кірыл Гарэцкі: "Мы жылі разам зь дзедам, з бабай, мае бацькі — мама, тата, Жылі мы ў Дзедаўску Маскоўскай вобласьці, дзе дзед Гаўрыла Іванавіч працаваў у інстытуце "Гідрапраект". У нас была вялікая, дружная сям’я. Каранямі яе былі, канечне, дзед, бабуля, і ўвесь наш уклад — гэта было такое велізарнае каханьне. Я ня ведаю іншых людзей, якія б так шаноўна, добра ставіліся адзін да аднаго. Гэта было цудоўна".

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі з унукамі Кірылам (сын Усяслава) і Вольгай (дачка Радзіма). Дзедаўск, 1969 г.


Ларыса Язэпаўна Гарэцкая, маці Радзіма і Ўсяслава. Мінск, 1980 г.



Крыніца любові да Беларусі ва ўсіх пакаленьняў Гарэцкіх — любоў да малой радзімы, вёскі Малая Багацькаўка:

Радзім Гарэцкі: "Уплыў быў велізарны. І на майго брата, і на мяне. Мяне таксама дзівіла тое,што бацька без радзімы ня мог жыць. Ён у 1930-м годзе быў адарваны ад Беларусі і сюды змог вярнуцца толькі ў 1969 годзе. 39 год быў па-за межамі, але ўвесь час ірваўся сюды, хацеў працаваць тут. Для яго радзіма — усё. Ён быў гатовы ўсім ахвяраваць, абы толькі быць на радзіме і працаваць.

Гэты ўплыў часам робіцца з дробязяў. І гэтыя дробязі часьцей больш уплываюць на чалавека, чым высокія словы пра любоў да радзімы, веру ў чалавека і г.д. А ён чым уплываў? Вось сядзім, напрыклад, абедаем, вінаград раптам прынясуць. Ён кажа: "А я вінаград не люблю. Чаму? А ў нас у Багацькаўцы не было вінаграду, і я яго не люблю". А прынясуць мятую бульбу — "камы" ў нас называецца. "Якая смачная! Ну як у Багацькаўцы". І ён ужо наварочвае. Так яму добра — аж сьвеціцца. Я думаў, што гэта за такая Багацькаўка, што наш бацька толькі пра яе і гаворыць усё".

Першае падарожжа на малую радзіму Гарэцкія зрабілі ў 60-я гады.

Кірыл Гарэцкі: "Гаўрыла Іванавіч заўсёды ўспамінаў Малую Багацькаўку. Памятаю, распавядаў і пра Максіма, брата, і пра Івана, і пра Парфіра — гэта былі самыя бліжэйшыя людзі Гаўрылы Іванавіча. Ён усё гэта ўспамінаў, распавядаў. Адзінае, Гаўрыла Іванавіч ніколі не распавядаў пра лягеры. Такога не было. Ён вельмі не любіў успамінаць пра гэта. Нават нехта мне падарыў канарэйку, і ён ня мог глядзець на птушку ў клетцы. Для яго гэта было вельмі цяжка. Няволя".

Радзім Гарэцкі:"Бацька ўвесь час ірваўся — паехалі, паехалі ў Беларусь. І
Прыходзім у Магілёве ў магазын нейкі і па-беларуску гаворым. А ўсе па-руску і тыкаюць — "во, пісьменьнікі прыехалі" ...

ў 61-м годзе першы раз паехалі... Заехалі ў Багацькаўку. Нам так было ўсё цікава. Бацька быў у захапленьні ад таго, што ён нарэшце пабачыў зноў Беларусь, родных. А народ такі добры! Вёска ў нас невялічкая, але ўсе памяталі і бацьку, і Максіма. Таму ў кожнай хаце нас запрашалі. І перш-наперш — яечня з салам і самагон. Бацьку піць ужо нельга было — яму ўжо 61 год быў, і так нам давялося і за бацьку, і за сябе. Напіліся мы добра з братам, а куды дзявацца?

Сярод родных і аднавяскоўцаў. Малая Багацькаўка, 2 верасьня 1979 г.



Але нас тады вельмі ўразіла дабрыня нашых людзей — такія шчырыя, абдымаюць нас, радуюцца, быццам мы самыя родныя.

І самае адмоўнае ўражаньне — гэта адсутнасьць беларускай мовы. Мы ўтрох прыехалі з Масквы, размаўляем на беларускай мове. Прыходзім у Магілёве ў магазын нейкі і па-беларуску гаворым. А ўсе па-руску і тыкаюць — "во, пісьменьнікі прыехалі". Мы так зьдзівіліся — чаму пісьменьнікі? Вось гэта нас таксама ўразіла — як гэта так, прыехаць на Беларусь, а мовы няма".

Ва ўсіх Гарэцкіх уражвае надзвычайная маральная нязломнасьць. Яна таксама перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне:

Радзім Гарэцкі: "Бацька ні разу нас ня біў, ні разу. Адзін раз толькі помню. Мы калі жылі на Беламорска-Балтыйскім канале, каля Мурманску. Цяжка жылі. Маці дзень і ноч працавала настаўніцай для дарослых, каб пракарміць сям’ю. Часта ў 11 прыходзіла. Дык а мы бегалі да дванаццатай па вуліцы, бо там жа белыя ночы.

Гаўрыла Гарэцкі з сынамі Радзімам і Ўсяславам. Пасёлак Мурмашы Мурманскай вобл. 16 кастрычніка 1936 г.


І вось аднойчы, якраз бацька ўжо выйшаў, гэта ўжо быў 1935, мусіць, год. Маці яго памерла ў Багацькаўцы — Еўфрасіньня Міхайлаўна. Ні Максіму, ні бацьку, хоць яны ўжо былі вызваленыя, не дазволілі паехаць разьвітацца. У яго быў такі цяжар на сэрцы. Яны так любілі сваю маці. Менавіта ўсе добрыя якасьці ў іх — сумленьне такое, схільнасьці да мастацтва, літаратуры — гэта ўсё ад маці. Яна была народная пясьнярка. Максім Гарэцкі нават яе кніжку выдаў, "Народныя песьні" — там 316 песьняў бабы маёй багацькаўскай. Такая песьня найбольш шырока вядомая, якую нашыя кампазытары скарысталі:

"Кума ж мая кумачка, дзе жывеш?
Чаму ж мяне ў госьцейкі не завеш?"


Гэта ж маёй бабы песьня. Яны яе так любілі, што дзень яе сьмерці да канца жыцьця для іх быў самы змрочны.

Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Ларыса Гарэцкая і маці братоў Гарэцкіх Ефрасіньня Міхайлаўна з унукам Усяславам. 10 жніўня 1924 г.



У дзень сьмерці бабы гадзіне ўжо аб адзінаццатай бацька кажа: давай ідзі дахаты. А я там сярод зэкаў бегаю па вуліцы…паліў папяросы, матам навучыўся лаяцца і так далей. Я не іду дахаты. Ён другі раз ужо жорстка: пайшлі дахаты, хопіць. І я яму матам. У дзень сьмерці маці, разумееце? І ён мяне тады схапіў і па задніцы надаваў. Гэта адзін раз ён так паступіў. Ён у мяне ніколі ня лаяўся, хаця ў Багацькаўцы добра ўмелі гэта рабіць. На наступны дзень тата пасадзіў мяне і патлумачыў усё. Я на ўсё жыцьцё запомніў. Ён сказаў: ты зразумей, што гэтыя тры словы, што ты сказаў, вельмі абражаюць жанчыну, маці. Гэта ўсё роўна што ты пра сваю маці так сказаў… І з таго часу я таксама ня лаюся. Такі ўплыў бацькі быў на нашае ўзгадаваньне".

Пры канцы 60-х Гаўрыла Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь. За ім прыехаў і Радзім. Абодва акадэмікі працавалі ў інстытуце геафізыкі і геахіміі беларускай Акадэміі навук. У сям’і Гарэцкіх заўжды гаварылі па-беларуску. Аднак выявілася, што ў Маскве захаваць мову было лягчэй, чым у Менску. Так, Кірыл Гарэцкі, які гадаваўся і жыве ў Маскве, мову яшчэ добра памятае:

Кірыл Гарэцкі: "Мы дома ў дзеда размаўлялі толькі па-беларуску. Потым старэйшыя Гарэцкія зьехалі ў Менск, а я застаўся ў Маскве. З бацькам мы таксама размаўлялі па-беларуску, але, на жаль, мала практыкі і забываць стаў мову. Хаця гэта мая мова. І я вельмі задаволены, што разумею па-беларуску, магу неяк размаўляць.

Усяслаў і Гаўрыла Гарэцкія. 1955 г.


А вось дачка Радзіма Гаўрылавіча страціла мову менавіта ў Беларусі:

Радзім Гарэцкі: "Вось як з маёй дачкой. Яна нарадзілася ў Маскве. І там
Дачка ня стала па-беларуску больш гаварыць і мяне ўжо не завець татай ...

яна мяне звала татай, там мы зь ёю размаўлялі трошкі па-беларуску, і яна ўсё разумела. Сама не гаварыла, але яшчэ б трошку, і загаварыла б. Прыехалі сюды, яна паступіла тут у трэці кляс. Але над ёй тут так сталі сьмяяцца, калі яна татай мяне стала называць. У іх быў такі антыбеларускі кляс, што яна ня стала па-беларуску, і мяне ўжо не завець татай, а заве па імя. Яна ўсё добра разумее, але размаўляць ня можа".

На кватэры ў Гарэцкіх. Сядзяць: Янка Брыль, Галіна Гарэцкая, Вера Адамовіч, Ніна Брыль. Стаяць: Алесь Адамовіч і Гаўрыла Гарэцкі. Менск, люты 1981 г.


У 2011 годзе ў Менску жыве і Максім Гарэцкі — сын Кірыла, 26-гадовы праграміст. У Беларусь ён прыехаў з Масквы, каб распачаць уласны бізнэс, бо тут добрыя праграмісты і таньнейшы офіс. Максім добра ведае гісторыю сям’і. Старэйшым Гарэцкім удалося перадаць яму ў спадчыну гонар за свой род і любоў да Беларусі.

Радыё Свабода: "Кірыл, чаму назвалі сына Максімам?"

Кірыл Гарэцкі: "Ну як жа?! Максім — мой сын, гэта апошні з роду Гарэцкіх. Толькі ён можа пакінуць свайго сына. І Гаўрыла Іванавіч вельмі хацеў, каб быў Максім. І тут проста іншых думак не было. Толькі Максім".

Лідзія Іванаўна і Ўсяслаў Гаўрылавіч Гарэцкія з сынам Кірылам і ўнукам Максімам. 1996 г.


Дзед Максіма Ўсяслаў Гаўрылавіч стварыў расейскі буквар, па якім дагэтуль вучацца дзеці ў расейскіх школах. Гэтаксама ён зрабіў і падручнік, па якім вывучаюць расейскую мову беларускія дзеці.

Радзім Гарэцкі: "Мой брат усё жыцьцё пражыў у Расеі. Ён стаў пэдагогам. Таксама вучоны, член-карэспандэнт Расейскай акадэміі адукацыі. Ён галоўны спэцыяліст па буквары. І ён яшчэ зрабіў падручнік для Беларусі па рускай мове. Я яму яшчэ жартам кажу: "Ах ты русыфікатар такі". Але ён таксама ў сваіх успамінах кажа: "Хоць я вучу рускую мову, вучу настаўнікаў, як трэба рускую мову і літаратуру вучыць, але ён я ўвесь час да гэтага часу застаюся беларусам. Хоць я рускую выкладаю, але я думаю па-беларуску".

Браты Радзім і Ўсяслаў Гарэцкія. Падмаскоўе, 2003 г.


Але Максім Гарэцкі па-беларуску ўжо не гаворыць.

Максім Гарэцкі: "У дзяцінстве казалі пра род Гарэцкіх і пра любоў да Беларусі. Гэта часткова паўплывала на тое, што я цяпер тут. На жаль, так атрымалася, што я беларускую мову ня ведаю, бо я нарадзіўся і вырас у Маскве. Былі спробы вывучыць, але ўсё ж ня надта плённыя".

У Менску пытаньне мовы для мяне не стаіць. Ані разу ня чуў, каб людзі паміж сабою размаўлялі на мове. Насамрэч гэта нават трохі крыўдна. Бо мова, на мой погляд, на жаль, гіне як моўная адзінка і пераходзіць у шэраг кніжных. Гэта крыўдна".

У геаграфічныя межы Максім таксама ня верыць. Жыць у Менску яму падабаецца — тут чыста, нізкая злачыннасьць і няма нелегальнай міграцыі. Беларускую ўладу, на яго думку, варта крытыкаваць толькі за правальную эканамічную палітыку:

Максім Гарэцкі: "Яшчэ што зьдзіўляе, гэта цэнаўтварэньне. Скажам, у вас ёсьць лядоўні "Атлант". Чамусьці ў дзяржаўнай краме "Радыётэхніка" яны каштуюць даражэй, чым у Расеі. Як так? Я гэтага не разумею. Вашыя ж прадукты ў Расеі каштуюць значна таньней, чым у вас.

А ўвогуле я ня бачу геаграфічных межаў. Для мяне ёсьць моўная мяжа, калі людзі на іншай мове размаўляюць, іншыя звычаі, парадкі. Але тут — што Беларусь, што Расея. Па-чалавечы мы адна краіна. І дзяржаўныя межы — гэта ўмоўнасьць. Разумею, што трошкі іду ўразрэз з уяўленьнямі, але не разумею, навошта жыць па-іншаму, калі гістарычна так склалася, што мы ўсе перамяшаліся. Навошта вось гэтыя межы ствараць? Маё агульнае сьветаўспрыманьне, што межы прасунутаму чалавецтву не патрэбныя".

Your browser doesn’t support HTML5

Максім Гарэцкі