Тактыльная памяць былой арыштанткі і як катуюць маці абвінавачаных

Падчас сёньняшняй праграмы мы будзем гаварыць пра жанчыну ў няволі, а таксама пра маці, чые дзеці знаходзяцца за кратамі.

Сярод асноўных тэмаў:

“Нікуды не магу схавацца ад памяці адчуваньняў: дотыку, нюху, слыху”.
З допісу былой асуджанай

Гомельская "чацьвёрка", або жаночы лёс за калючым дротам. Беларускія турмы гісторыя і сучаснасьць

"Катаваньні маці, або Ведаць месца пахаваньня асуджанага на сьмерць забаронена"


http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/329630.html
Частка 1.

http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/329631.html
Частка 2.

Паводле апошніх зьвестак, цяпер ва ўстановах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы пакараньне адбываюць больш за 51,5 тысячы чалавек. Прыкладна 7,5% зь іх — жанчыны. Згодна з праведзенымі пару гадоў таму міжнароднымі дасьледаваньнямі, Беларусь сярод эўрапейскіх краін і краін былога СССР мае найвышэйшы адсотак вязьняў-жанчын. У суседняй Расеі ён складае 6,5%, ва Ўкраіне — 6,1%, у Польшчы, як і ў сярэднім па Эўропе, — прыкладна 4%. Каля 37% зьняволеных беларускіх жанчын маюць узрост ад 18 да 30 гадоў, 57% — ад 31 да 50 і каля 7% — старэйшыя за 50. Абсалютная большасьць жанчын пакараныя турмой за крадзяжы, учыненыя без ужываньня гвалту. У суседняй Польшчы, да прыкладу, за падобны крымінал караюць не пазбаўленьнем волі, а толькі адміністрацыйна.

Згодна са зьвесткамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), у якую ўваходзіць і Беларусь, цяперашні стан месцаў пазбаўленьня волі ў большасьці эўрапейскіх краін не адпавядае асноўным патрэбам жанчын.

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 266-39-52, а таксама пакінуць свой камэнтар пад тэкстам праграмы на сайце svaboda.org.


Тактыльная памяць былой арыштанткі


“Прайшоўшы турму, імкнесься выцесьніць з памяці ўспаміны пра яе, аднак схавацца ад памяці адчуваньняў: дотыку, нюху, слыху, нельга”, так напісала нам колішняя асуджаная Ганна.

“Гэта глыбока сядзіць у маёй псыхіцы, і такое калі і сыйдзе, то, напэўна, вельмі няхутка.

Самае жудаснае адчуваньне — гэта адчуваньне потных рук. Такія рукі абшуквалі мяне. І я іх вельмі добра памятаю. Калі такое адчуваньне застаецца пасьля поціску рукі, імкнуся хутчэй дабрацца да вады і мыла.

Па-ранейшаму набягае млосьць, калі чую пах селядца. Гэта адзін з самых устойлівых пахаў нашай сталоўкі. Яшчэ пах жанчыны ў крытычныя дні. У многіх, каго ня "грэюць" з волі, вялікія праблемы з гігіенічнымі пракладкамі. Выкарыстоўваюць усё што можна — паперы, старыя анучы, тэхнічную вату, якую крадуць на вытворчасьці. А душ, у найлепшым выпадку, адзін раз на тыдзень.

Жудасна трасе ўнутры, калі чую вісклівыя жаночыя галасы. Так крычалі гістэрычныя наркаманкі з доўгім тэрмінам.

Прайшло тры гады пасьля вызваленьня, але гэтая памяць не праходзіць.

Расказвайце больш пра жанчын у турме, хоць гэта і ня проста. Жанчыны-палітвязьні — гэта ўсяго толькі маленькая частка вялікай праблемы".

Так напісала Ганна, якая некалькі гадоў таму вызвалілася з Гомельскай калёніі пасьля 3-гадовай адседкі. Далей у праграме мы працытуем яшчэ адзін фрагмэнт зь яе допісу, дзе размова ідзе пра турэмнае жаночае сяброўства.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


"Чацьвёрка", або жаночы лёс за калючым дротам

У красавіку 1944-га ў Гомелі, хутка пасьля вызваленьня гораду ад гітлераўскіх войскаў, быў створаны асобны лягерны пункт №6 для найбольш небясьпечных для Саветаў злачынцаў – удзельнікаў арміі генэрала Ўласава, нямецкіх ваеннапалонных, “прымусовых рабочых”, якія працавалі на немцаў, вызваленых саюзьніцкімі войскамі савецкіх ваеннапалонных і г.д.

Сярод вязьняў былі як мужчыны, так і жанчыны. Пасьля сьмерці Сталіна лягер паступова ператварыўся ў звычайную турму. Ад 1965 году калёнія стала выключна жаночай. Гэта была першая і адзіная папраўчая калёнія для жанчын, якая доўгі час дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Ня так даўно, ужо ў 21-м стагодзьдзі, акрамя гомельскай папраўчай калёніі № 4, на тэрыторыі вобласьці пад Рэчыцай, у былым вайсковым гарадку Зарэчча зьявілася яшчэ адна папраўчая жаночая калёнія – № 24.
У кожнай – прыкладна па 2 тысячы жанчын. Хоць разьлічаныя калёніі на істотна меншую колькасьць сядзеліц.

Сёньня расказ пра гомельскую "чацьвёрку".

Месьціцца яна на вуліцы імя савецкага авіятара Івана Антошкіна. Абведзеная калючым дротам калёнія № 4 прысуседзілася да цэхаў вытворчага аб’яднаньня "Гомсельмаш". Побач з установай — жылыя карпусы спальнага раёну. Жыхары некаторых дамоў штодня бачаць з сваіх вокнаў турэмную рэчаіснасьць ды прачынаюцца разам з турмой па камандзе "пад’ём".

Ці перашкаджае гэта? Такое пытаньне наш карэспандэнт задаў жыхарам дамоў, што побач з калёніяй.

Спадарыня: "Я на дзявятым паверсе жыву, гляджу туды й бачу, як яны там бегаюць. Але шуму яны не ўчыняюць і нам не перашкаджаюць. Я лічу, што калі за крадзеж, то ня варта жанчын садзіць. Але калі яна забіла кагосьці, пакалечыла дзіця альбо пакінула яго на сьметніку – тут жа й такія сядзяць, – то я б іх наагул карала па-іншаму".

Спадарыня: "Я жыву насупраць турмы – мне яна не перашкаджае. Я нікога там ня ведаю. Дзяржаву раскралі, а хто па дробязі – таго ў турму пасадзілі. Шкада, канечне, іх, асабліва дзяўчат. Многія па маладосьці, па дурасьці сядзяць".

Спадарыня: "Я ня ведаю, каб камусьці яна перашкаджала, і мне не перашкаджае. Калі па справядлівасьці, то, канечне, павінны адседзець. Але бывае, што й несправядліва. Я кандуктарам працавала і ведаю, што жанчыны не зласьлівыя. Бачна было, што з тэчкамі едуць, дакумэнт паказваюць, што вызваліліся. Але ёсьць і такія, у якіх погляд страшны – агрэсіўныя".


Спадарыня: "Тут зь Берасьця маладыя дзяўчаты сядзелі – іх мацяркі прыяжджалі. Мы гутарылі зь імі тут, у краме. Казалі, што за бойку трапілі, але хутка выпусьцяць. Ведаю, што бабуля, якой 80 гадоў, дзеда забіла. Ён у яе нешта краў. Дык яна за гэта й сядзела тут раней, а цяпер ня ведаю, сядзіць ці не. Пабойваюся мець з такімі справу. Лічу, што турму трэба прыбраць. Было б лепей, а то неяк жудасна".

Пра жаночыя злачынствы

… Яны розныя. Тыя, каго трымаюць за кратамі гомельскай "чацьвёркі". Сярод іх шмат і прыгожых, і непрыкметных. Шмат маладых, як кажуць, у самым росквіце, жанчын, шмат старых і зусім юных дзяўчатак. На тэрыторыі дарослай турмы ёсьць і ўчастак для непаўналетніх асуджаных... Розныя злачынствы, інтэлект, сацыяльнае паходжаньне, сямейны стан і стан здароўя. Ёсьць спартоўкі і ёсьць вельмі сур’ёзна хворыя: ВІЧ, адкрытая форма сухотаў, вэнэрычныя захворваньні,псыхічныя праблемы і шмат чаго іншага.

Распарадак для ўсіх іх агульны. Пад’ём а 6-й гадзіне, шыхтаваньне, сьняданак, праверка па прозьвішчах, праца, абед, праца, вячэра, шыхтаваньне. У вольны час большасьць глядзіць тэлевізар, ёсьць тыя, які чытаюць. Некаторыя займаюцца спортам на стадыёне, некаторыя – мастацкай самадзейнасьцю ў музычным ці тэатральным гуртку. Хтосьці нават складае вершы і песьні, у тым ліку і пра нялёгкую долю за кратамі...

Шмат жанчын апынуліся тут упершыню. Ёсьць і такія, для якіх калёнія – кшталту роднага дому. На пытаньне “за што?” – усе, зразумела, адказваюць па-рознаму.

Першая сядзеліца: "Дагэтуль у сям’і ніхто не трапляў за краты. Многія сваякі паверылі, што гэта насамрэч было махлярства. Былі такія, што адразу адвярнуліся. А вось блізкія былі ўпэўненыя, што асуджаная я несправядліва".

Другая: "У мяне – нанясеньне цяжкіх цялесных. На волі мела залежнасьць ад алькаголю ды наркотыкаў. Аднойчы ў такім стане пырнула нажом свайго суседа. Мне далі сем гадоў, хоць пацярпелы мой жывы. Удзячная Госпаду, што ён прывёў мяне сюды. Тут я навучылася разьбірацца ў людзях і зразумела сэнс свайго жыцьця. Калі б Гасподзь мяне сюды не прывёў, я, магчыма, была б бамжом ці ў якой яме, канаве валялася б".

Трэцяя: "Крадзёж асабістай маёмасьці: прас і пульт дыстанцыйнага кіраваньня да тэлевізара. 7 гадоў, бо ўжо трэцяя судзімасьць. Полацкі суд – за небясьпечны рэцыдыў. Жыцьцё такое! Я нават ня думала, што вазьму. А потым, калі апамяталася, было позна ўжо. Па факце далі".

Чацьвёртая: "За крадзёж у калгасе – паўтара года. Мы ў калгасе ўкралі збожжавае: муку, камбікорм. Я да гэтага была судзімая – за 15 лістоў шыфэру з калгаснай фэрмы".

Пятая: "За забойства мужа. Палічылі самаабаронай".


Неяк ненатуральна й шчымліва выглядае, як жанчын, апранутых у цёмна-сінія робы, шыхтуюць у шарэнгі, як ім загадваюць павярнуцца налева ці направа, а пасьля – маршаваць строем.

Казарменны лад – ён ва ўсім: у перамяшчэньні, у арганізацыі працы, харчаваньня, побыту. Жанчына ні на хвіліну ня можа пабыць сама з сабой, і так дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам.

Дзяжурная жылой сэкцыі, якая другі раз адбывае пакараньне за крадзёж, распавяла, у чым яе місія:

"Ну, каб не шумелі, ня кралі ў сэкцыях. Ну, і калі прыходзіць хто, дакладаць, дзе й хто знаходзіцца".

Пра турэмнае жаночае сяброўства і каханьне

Лічыцца, што ў жаночых калёніях няма так званых зладзейскіх законаў, няма так званых "аўтарытэтаў", то бок, кожная сама па сабе. Зьняволеныя жанчыны, хто б за што ні сядзеў, ня схільныя ўсталёўваць герархію. Але, як і ў любым жаночым калектыве, тут свае беды й праблемы. Бываюць і лаянкі, і спрэчкі.

Маладзіца, якой крыху больш за дваццаць, так тлумачыць прыроду спрэчак: "Бывае, што не трымаеш сябе ў руках. Усё-ткі зона – яна на псыхіку цісьне".

Але жанчыны часам шукаюць і аддушыну. Гуртуюцца "парамі", бавяць час за чыфірам, гатуюць самаробныя тарты зь печыва, масла й мэдычнай зялёнкі.

Многія з арыштантак, нягледзячы на турэмныя ўмовы, хочуць пачуваць сябе жанчынамі. На працу зьбіраюцца ў швэйны цэх – фарбуюць вусны, навязваюць на голаў прывабныя хусьцінкі. Для каго?

"Самой каб не апускацца", – патлумачыла маладжавая кабета.

А гэта ўжо з допісу на тэму былой сядзеліцы "чацьвёркі" Ганны, чый ліст мы цытавалі на самым пачатку праграмы:

“Калі да кагосьці з жанчын прыяжджае на спатканьне муж, то да гэтай падзеі рыхтуюцца, як да вялікага сьвята. Жанчыне робяць прычоску, ніхто не шкадуе для яе рэчаў і касмэтыкі. Пачуцьцё суперажываньня ў жанчын нашмат мацнейшае за мужчынскае. У цэлым існуюць нармальныя жаночыя адносіны, заснаваныя на неабходнасьці зносін, узаемнай сымпатыі, даверу і дабрыні. Ці можна лічыць гэта сяброўствам? Мне падаецца, наўрад ці".

Як адзначае Ганна, на волі "вельмі шмат даводзіцца чуць пра лесьбійскія адносіны ў турме. На самой справе ўсё нашмат больш сумна і нецікава. Паміж жанчынамі-гетэрасэксуалкамі, якія ўпершыню трапілі за краты, спачатку ў СІЗА, такія адносіны не ўзьнікаюць практычна ніколі. Пазьней, ужо ў калёніі, падчас працяглай адседкі каханьне можа ўзьнікнуць, але выключна на добраахвотнай аснове.

Пра вядомых сядзеліц “чацьвёркі”

Як і іншыя беларускія вязьніцы, жаночая калёнія № 4 мае сваіх вядомых сядзеліц. Напрыклад, у Гомелі сядзела Ўладлена Функ, сакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра – нібыта за камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў.

Год у калёніі адбыла праваабаронца Кацярына Садоўская, абвінавачаная ў паклёпе на прадстаўнікоў улады. Была тут і прадпрымальніца з Наваполацку Яўгенія Бачурная – за нанясеньне шкоды маёмасьці. Віны сваёй жанчына не прызнала. Некалькі разоў трымала працяглыя галадоўкі, каб дамагчыся сваіх правоў.

Бачурная: "У Гомельскай калёніі я дамагалася, каб мае і чужыя правы выконваліся, бо там яны пастаянна парушаліся. У атрадзе, куды я трапіла, замест 80 знаходзілася 140 асуджаных. У Гомелі не было пакоя для прыёму ежы, пакояў для гігіены, пакоя псыхалягічнай разгрузкі, нават месцаў для адседкі хапала ня ўсім.

Кожны атрад "у зоне" падзелены на сэкцыі. У адной сэкцыі жыло 57 чалавек, у другой – 40, у трэцяй – 42. Пры гэтым на ўсіх – усяго тры прыбіральні, пяць рукамыйнікаў. Маё месца было ў калідоры, хоць паводле ўсіх правілаў спальныя месцы зьняволеных не павінны знаходзіцца ў калідорах".

Спачатку Бачурная працавала на тэрмааддзелцы. Потым, калі ёй споўнілася 55, яе перавялі на працу з нарматыўнымі дакумэнтамі, і яна аказвала кансультацыйную дапамогу іншым асуджаным. Аднойчы яна адмовілася выконваць незаконныя, паводле яе слоў, патрабаваньні адміністрацыі. Яе выклікалі на дысцыплінарную камісію і, нягледзячы на атрафічны гастрыт, пазбавілі права атрымліваць пасылкі, перадачы, а таксама забаранілі атаварвацца ў мясцовай краме. Роўна на месяц. Паколькі Бачурная з-за праблемаў са страўнікам не магла харчавацца ў сталоўцы, яна абвясьціла галадоўку, якая цягнулася 38 дзён. Акурат да вызваленьня.

На той час у самой калёніі гэтую інфармацыю абвяргалі і казалі, што ніякіх галадовак ва ўстанове няма.

Адрозна ад наваполацкай прадпрымальніцы, на сакратарку амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцара Ўладлену Функ нараканьняў з боку адміністрацыі калёніі не было. У Гомельскай калёніі Ўладлена прабыла некалькі месяцаў. Да гэтага былі СІЗА КДБ, "Валадарка", пасьля калёніі – амаль тыдзень у Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня: там яна чакала дэпартацыі, якая адбылася 20 сакавіка 2009 году. Год, праведзены ў беларускай няволі, жанчына назвала "годам, выкрасьленым з жыцьця". Ужо ў ЗША яна мусіла абысьці розных мэдычных спэцыялістаў.

У гутарцы з журналістамі Ўладлена Функ потым расказвала:

"Я зразумела, што Беларусь – ня з простых краін. Пачну з так званай "амэрыканкі". Першы месяц у камэры я была адна, а потым да мяне падсадзілі жанчыну, якая мэтанакіравана палохала мяне, што калі я ня буду супрацоўнічаць са сьледзтвам, мяне адвядуць у падвал, дзе згвалцяць адразу восем мужчын. Тое, што я ўбачыла пасьля "амэрыканкі" на "Валадарцы", – гэта, напэўна, самая страшная карціна ў маім жыцьці. Не магу сабе ўявіць, што людзі там праводзяць гады. Я была там 11 дзён і не магла дачакацца, калі мяне адправяць на этап. Жудасныя камэры, пакрытыя цьвільлю, сьцены і пацукі, ніякай вэнтыляцыі, камэры перапоўненыя, на 12 ложкаў – 16 жанчын... Ахова – гэта наогул асобная гісторыя. Сярод жанчын-кантралёраў там сустракаліся сапраўдныя зьвяры. Нам пастаянна давалі зразумець, што мы поўная нікчэмнасьць, жывёлы”.

Паводле спадарыні Функ, гомельская калёнія ў параўнаньні з “амэрыканкай” ды Валадаркай, хоць і ёсьць больш гуманнай установай, тым ня менш, усё ж мае сваю няпростую беларускую спэцыфіку.

Функ: “Ня ведаю, хто туды з уласнай волі ідзе працаваць у тамтэйшую адміністрацыю... Усе арыштанткі “працаўладкаваныя”. Я была занятая на швачнай вытворчасьці, якая абслугоўвае ваенную прамысловасьць. У каго слабое здароўе, той вяжа вяхоткі, а мы шылі вайсковую вопратку з ваціну. Вытворчасьць вельмі пыльная, і пыл гэты ўедлівы, цяжкі. А пасьля працы нават няма магчымасьці прыняць душ. Мне яшчэ пашанцавала, што я большую частку тэрміну правяла ў ізалятары КДБ, інакш зарабіць можна было і бранхіт, і астму. У калёніі ж элемэнтарна не было мэдыкамэнтаў. Лячыся як хочаш".

Пра сталоўку

…У турэмнай сталоўцы час вячэры. Густы пах селядца разносіцца і за межы гэтай залі з прыглушаным сьвятлом і доўгімі, кшталту салдацкіх, сталамі. Разам зь селядцом на вячэру даюць вадкаватае бульбяное пюрэ, салодкую гарбату, хлеб.

Адна зь сядзеліц калёніі даволі хутка расквіталася зь вячэрай і распавяла пра турэмнае харчаваньне. Спачатку чамусьці не пра вячэру, а пра абед – як пра ўспамін:

"Абед у нас заўсёды нармальны. Была капуста вараная, каша пярловая вельмі тлустая – добрая каша. А вось вячэра – слабейшая, таму што без анічога. Проста бульба з рыбай. Але жыць можна: нават людзі без дапамогі выжываюць".

Побач з гэтай жанчынай сядзіць тая, якая жыве без дапамогі з волі. За плячыма ў яе – груз выплаты кампэнсацыі. Яна нічога ня кажа пра ежу, толькі жаліцца, што зарабіць ні сабе на будучае вольнае жыцьцё, ні на кампэнсацыю пацярпеламу ў турме не выпадае:

"Трэба грошы… А заробкі? Ну, дапусьцім, я магу на сетачках зарабіць тысячу, дзьве ад сілы. Гэта ж колькі часу трэба! Дапамагчы няма каму: маёй маці 70 гадоў, у сястры – двое дзяцей. І зараз мне няма каму дапамагчы".

Адна з адметнасьцяў "чацьвёркі" – дом дзіцяці. Адзіны на ўсю Беларусь дом для дзяцей асуджаных мацярок. Падрабязьней пра гэта – у наступнай перадачы.

Турма і здароўе


"Катаваньні маці, або Ведаць пра месца пахаваньня сына забаронена"

10 кастрычніка ў сьвеце адзначаўся Дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Беларусь – адзіная ў Эўропе краіна, дзе такое пакараньне ўжываецца. Прынамсі, ня выключана, што яно будзе ўжытае супраць двух фігурантаў цяперашняга судовага працэсу ў справе выбуху ў менскім мэтро.

Стаўленьне беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы да бацькоў, чые дзеці атрымалі гэты вырак, экспэрты ААН прыроўноўваюць да катаваньняў. Псыхолягі называюць стан, у які трапляюць блізкія, асабліва маці такіх пакараных, "глыбокім псыхалягічным шокам".

Асабіста я дзясяткі гадоў жыву пад уражаньнем лёсу аднае маці, чыйго сына пакаралі сьмерцю.

Ці варта кідаць камяні ў маці сьмяротніка?

…Яна была вядомай журналісткай, і ўсе мы, студэнты, якія праходзілі ў яе практыку, былі ў захапленьні ад гэтай жанчыны. Магчыма, яна была з так званых "былых". Стыльная інтэлектуалка зь бездакорным выхаваньнем і манерамі. Да таго ж вельмі надзейны і прыстойны чалавек. Пра прафэсіяналізм і ўвогуле не кажу. Яе асоба не магла не гіпнатызаваць нас, студэнтак. Як і іншыя, я глядзела на яе, раскрыўшы рот. Мы ведалі, што ў яе быў другі шлюб, і, як казалі, ня надта ўдалы. Ад гэтага шлюбу ў яе была дачка, а ад першага – сын. Мы ведалі, што яна чакае яго з войска. Адчувалася, што з сынам у яе была асабліва цесная сувязь. Празь нейкі час усіх ашаламіла дзікая навіна: неўзабаве пасьля вяртаньня з войска сын быў запрошаны на нейкае вясельле, пазнаёміўся там зь дзяўчынай, пайшоў праводзіць яе дадому, а ў пад’езьдзе згвалціў і забіў.

У калектыве, дзе працавала журналістка, падрабязнасьці гісторыі днямі абсмоктваліся ці ня ў кожным кабінэце. Жанчыну вінавацілі, што недагледзела, недавыхавала, што ня тым займалася, казалі, што ёй, такой няправільнай маці, увогуле трэба звальняцца. Яна, зразумела, не магла гэтага ня чуць. Аднак трымалася годна. Яе сьлёз ніхто ня бачыў. Хоць дзень пры дні яна ўсё больш чарнела і чэзла як сьвечка.

Аднойчы я сутыкнулася зь ёй у калідоры і павіталася. Знаёмая, якая была побач, зрабіла выгляд, што не заўважыла яе, і зьдзівілася, што гэтага не зрабіла я.

Дзякуй Богу, у яе ўсё ж былі сябры сярод калегаў. Ад адной зь іх я пачула, якія лісты пісала жанчына ў камэру свайму сыну і што той пісаў ёй у адказ, яшчэ – пра тую прамову, якую сказала маці ў залі суду. У той час быў татальны атэізм, дапамога псыхолягаў у вязьніцы не практыкавалася, і маці сама, маючы вельмі невялікія магчымасьці, імкнулася дапамагчы сыну зьмірыцца зь лёсам і годна прыняць сьмяротны вырак.

На маё пытаньне, чаму такое магло здарыцца з гэтай выдатнай жанчынай, калега адказала – і яе словы нечакана сталі ключом да той тэмы, якой я займаюся цяпер:

"Інстытут сям’і разбураны. Збольшага роля бацькі, нават у поўных сем’ях, аніякая. А жанчына пастаўленая ў такія абставіны, што ў яе не хапае часу быць маці. Яна павінна працаваць, быць хатняй гаспадыняй, цягнуць сям’ю матэрыяльна".

Як і ўсе астатнія маці сьмяротнікаў, журналістка даведалася пра зьдзяйсьненьне пакараньня не адразу. Дзе пахаваны сын, ёй, як і належала ў адпаведнасьці з правіламі, не паведамілі. Чула, што ў кагосьці празь неверагодныя сувязі ды грошы яна ўсё ж здабыла гэтыя зьвесткі. Хаця хто ведае, наколькі яны былі дакладныя. Дабраўшыся да невядомай магілы, жанчына кінулася на зямлю і пачала рыць яе рукамі. Пакуль не самлела.

Потым мне казалі, што яна зьехала зь Беларусі. А на новым месцы пражыла нядоўга.

С. Жук: “Чаму мне нельга ведаць пра месца пахаваньня сына?

Ня так даўно ў інтэрнэце зьявіўся незвычайны для Беларусі відэафільм "Прычына сьмерці — прочырк". Ён прысьвечаны маці сьмяротнікаў і створаны з ініцыятывы праваабарончага цэнтру "Вясна".
http://www.youtube.com/embed/cQb39IgAj6M
Сёньняшняя сытуацыя практычна не адрозьніваецца ад той, што была ў савецкія часы. У Беларусі, цяпер адзінай у Эўропе краіне, дзе яшчэ караюць сьмерцю, па-ранейшаму пра выкананьне прысуду сваякам могуць паведаміць тады, калі яны прыяжджаюць у СІЗА на "Валадарку" з чарговай перадачай. Па-ранейшаму бацькам пра месца пахаваньня дзяцей ведаць не дазволена. На рукі ім выдаюцца сынавы рэчы ды папера, дзе ў графе "прычына сьмерці" стаіць прочырк.

Сьвятлана Жук, маці расстралянага Андрэя Жука: "Калі нам 19 сакавіка сказалі, што Андрэя няма, 20 сакавіка мы паехалі на Паўночныя могілкі ў Менску. Думалі, што знойдзем новую магілку. Мы зьвярнуліся да начальніка могілак. А той нам сказаў, што на Паўночных нават бамжоў не хаваюць. Што такога быць ня можа. Празь некаторы час мы ізноў паехалі на могілкі. Ужо на іншыя. Аднак нідзе нічога знайсьці не маглі. Пра месца пахаваньня сына ніводная інстанцыя нам нічога не паведамляе…

Калі едзеш на машыне, то на дарозе бачыш шмат крыжоў, вянкоў ахвярам аварыяў, у тым ліку тым аўтамабілістам, з чыёй віны гэта адбылося. Думаеш: а чаму я не магу прыйсьці на месца пахаваньня сына?"

Пра пакуты, празь якія праходзяць блізкія беларускіх зьняволеных і якія экспэрты называюць няйнакш як катаваньнямі – Тацяна Поклад.

У Любові Кавалёвай вялікія сумныя вочы і ціхі голас. Той, хто ведае гэтую некалі прыгожую і зусім не старую яшчэ жанчыну, кажа, што за апошнія месяцы ад Любові засталася літаральна палова. З часу, як усё здарылася, жанчына ня хоча есьці і ня можа спаць. Кавалёва працуе вартаўніком на дрэваапрацоўчай фабрыцы ў Віцебску. Акрамя сына Ўладзіслава, у яе яшчэ ёсьць і дачка. Дзяцей гадавала і выцягвала сама. Нягледзячы на свае мізэрныя заробкі. Для таго, каб аплаціць адвакацкія паслугі сыну, узяла крэдыт. Дарэчы, абараняць Уладзіслава адмаўляліся многія. Узяўся той, хто бярэцца за самыя цяжкія крымінальныя справы і звычайна іх выйграе. Аднак наколькі гэта рэальна — перамагчы сыстэму?

Л. Кавалёва: «Заклікаю ініцыяваць рэфэрэндум аб адмне сьмяротнага пакараньня»

Любоў Кавалёва ўпэўненая, што ані яе сын Уладзіслаў, ані яго сябар, таксама віцяблянін Дзьмітры Канавалаў, не вінаватыя ў такім страшным злачынстве, як тэракт у менскім мэтро.

"З нашых хлопчыкаў проста зьдзекваліся", лічыць яна. Паводле яе слоў, Слава заўсёды быў спакойным хлопцам, не захапляўся ані палітыкай, ані крыміналам. Што да Дзімы…

​"Дзіма таксама ня быў такім, як яго расьпісалі – "тэрарыстам зь пялёнак". Хлопец ніколі не трапляў у падобныя сытуацыі, ён ня ведае, як размаўляць са сьледчымі і якія высновы з гэтага могуць быць зробленыя. Калі быў аказаны ціск і сказана, што трэба гаварыць, – будзеш гаварыць".

Ведаючы, што сыну, як і Дзьмітрыю Канавалаву, пагражае сьмяротнае пакараньне, Любоў Кавалёва напісала зварот да ўсіх беларусаў, які зачытала нашаму радыё.

Кавалёва: "Я маці Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні тэракту 11 красавіка ў менскім мэтро. Цяпер над маім сынам ідзе суд. І пагражае сьмяротнае пакараньне. Сын не прызнае сваёй віны. І казаў мне гэта падчас нашага спатканьня. Адзін з пацярпелых ад імя іншых пацярпелых выступіў на судзе з прапановай адкласьці судовыя слуханьні, пакуль ня будзе скасавана сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Хачу зьвярнуцца да ўсіх з просьбай аб ініцыяваньні рэфэрэндуму адносна сьмяротнага пакараньня".

Дарэчы, цяпер ідэю такога рэфэрэндуму падтрымала б і маці ўжо пакаранага сьмерцю Андрэя Жука. У 1996-м, кажа Сьвятлана Жук, яна аўтаматычна прагаласавала за сьмяротнае пакараньне, а сёньня лічыць, што да такіх пытаньняў трэба ставіцца нашмат больш узважана. Так, яе сын зьдзейсьніў злачынства. Аднак за гэта яго чакае іншы суд. А тым часам ёсьць столькі людзей, чыя невінаватасьць высьвятляецца толькі пасьля расстрэлу.

Л. Мірзаянава: «Стаўленьне дзяржавы да маці зьняволеных – безумоўна катаваньні»

Нават калі проста паслухаць, зь якой цяжкасьцю даюць інтэрвію гэтыя жанчыны, вызначыць іх псыхалягічны стан няцяжка нават і неспэцыялісту. Стан, у якім знаходзяцца бацькі, асабліва маці асуджаных на сьмерць дзяцей, псыхоляг, маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава – Людміла Мірзаянава называе глыбокім псыхалягічным шокам.

Яна лічыць, што інакш як катаваньнямі з боку адміністрацыі пэнітэнцыярных установаў у Беларусі такія рэчы не назавеш.

Мірзаянава: «Вы ўздымаеце вельмі актуальную праблему стану здароўя жанчын, чые дзеці асуджаныя на няволю, на пажыцьцёвае зьняволеньне і сьмяротнае пакараньне. У Беларусі шмат зьняволеных, асуджаных, у тым ліку палітвязьняў. Колькасьць іх расьце, і гэтая праблема робіцца яшчэ вастрэйшаю. Апошнім часам ідуць адкрытыя судовыя паседжаньні, на якіх разглядаецца магчымасьць учыненьня тэракту двума маладымі людзьмі. У цэнтры ўвагі грамадзкасьці апынуліся іх маці. Ці аказвае грамадзкасьць ціск на маці? Вольна ці нявольна – безумоўна. Аднак перш за ўсё маці аказвае ціск сама на сябе. Як толькі яна даведваецца пра здарэньне, яна перажывае страшэнны шок ад таго, што сын – хай яна ў гэта верыць ці ня верыць – мае дачыненьне да тэракту. Гэта вельмі востры эмацыйны шок. Гэта напружанасьць, адчай і паралельна фізычныя пакуты: сардэчны, галаўны боль і г.д. Увесь эмацыйны фон у іх – толькі нэгатыўны. Яны ад першай хвіліны, калі пра гэта даведваюцца, апынаюцца ў страшэнным крызісе. Самае страшнае, што, магчыма, яна маці безь віны вінаватага, якога асудзяць незаконна. І тут яшчэ больш інтэнсіўныя перажываньні за сына».

Паводле Людмілы Мірзаянавай, для кожнай маці такі выпадак закранае свабоду ня толькі сына, але і яе самой, закранае ўнутраную сувязь паміж ёю і дзіцем. Гэта ж тычыцца і маці палітзьняволеных.

Мірзаянава: «Невыпадкова вельмі хутка сыходзяць з жыцьця і маці палітзьняволеных. Пайшла з жыцьця, напрыклад, мама Дзімы Дашкевіча. Чаму? Таму што не ўпершыню і вельмі сур’ёзна была закранутая яго свабода, а значыць – і яе свабода. Закранутая эмпатыя, то бок уменьне адчуць чалавека, унутраная настройка на адну хвалю зь ім. Гэтыя маці настолькі моцна спачуваюць, бо на кон паставілі жыцьцё іх дзяцей. Яны спачуваюць і перажываюць удвая, бо да апошняга, насуперак усяму, яны вераць у невінаватасьць сваіх дзяцей, яны перакананыя, што дзеці – ахвяры. Безумоўна, у дачыненьні да бацькоў, тым больш да маці, якія найбольш тонка псыхалягічна арганізаваныя, – гэта ўсё катаваньні».

На праблему пакутаў, зь якімі сутыкаюцца сваякі вязьняў-сьмяротнікаў, зьвяртаюць увагу і экспэрты ААН.

"Паводле рашэньня Камітэту правоў чалавека ААН, прынятага ў 1999 годзе, сакрэтнасьць, якой ахінутае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі ў дачыненьні да сваякоў, насамрэч прыроўноўваецца да катаваньняў. Яны ня могуць разьвітацца з родным чалавекам, не атрымаюць яго цела і нават ня будуць ведаць, дзе ён пахаваны", – адзначае экспэрт па Беларусі Хэльза Макгіл.