14 кастрычніка ня стала Анатоля Казловіча, журналіста, пісьменьніка, сцэнарыста. Ён пайшоў з жыцьця ў 65 гадоў пасьля цяжкой хваробы. Засталіся амаль два дзясяткі кніг, сцэнарыяў дакумэнтальных фільмаў. Казловіч быў выдатным пэдагогам — выкладаў журналістыку ў Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, а таксама ў ЭГУ.
Апошнія два гады Анатоль Казловіч мужна змагаўся з анкалягічным захворваньнем. Летась у лістападзе яшчэ спадзяваўся на лепшае:
«Доўга праводзіў розныя абсьледаваньні. Сам спрабаваў не паверыць, пайшоў у іншую клініку. Там спачатку нейкую надзею далі. Але потым — не, зноў вярнуліся да гэтага — рак, і ўсё. І трэба выразаць, рабіць апэрацыю. Страўнік цалкам ліквідуюць. І калі ўсё нармальна — чалавек жыве да 100 гадоў».
Пасьля апэрацыі Анатоль Казловіч пражыў менш за год…
Нарадзіўся ён у вёсцы Горск Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. І ўсё сваё жыцьцё пісаў пра вёску — працаваў у «Сельскай газеце», у «Нёмане», у «Литературной газете», заснаваў фэрмэрскую газэту «Новая зямля». Доўгі час працаваў у «Народнай волі» — быў намесьнікам галоўнага рэдактара. Узгадвае Ёсіф Сярэдзіч:
«Я тройчы, у трох выданьнях працаваў з Анатолем Казловічам. Я лічу, што гэта адзін з самых таленавітых журналістаў і нават пісьменьнікаў нашага часу. Яго публіцыстыка будзе яшчэ вывучацца, будзе перачытвацца. Самае галоўнае — ён цікавіўся самім жыцьцём. Ён браў фактуру менавіта з жыцьця. Асабліва глыбока распрацоўваў тэму сёньняшняй вёскі. Іншы раз ягоная публіцыстыка, ягонае слова ня кожнаму падабалася, асабліва чыноўнікам, былі канфлікты. Але тое, што да яго прыслухоўваліся і што ён сапраўды глыбока і грунтоўна вывучаў гэтае жыцьцё — факт. Вельмі шкада, што жыцьцё так рана абарвалася ў такога здольнага, таленавітага чалавека».
Паэт Генадзь Бураўкін узгадвае, што ўпершыню пазнаёміўся з Казловічам, калі працаваў яшчэ ў «ЛіМе». Зусім юны Анатоль прыносіў свае першыя вершы, надзвычай цікавыя і самабытныя. Але ўрэшце Казловіч выбраў публіцыстыку. І давёў, што пра вёску можна пісаць цікава. Амаль чвэрць стагодзьдзя Казловіч быў уласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларусі:
«Беларусь стала прыкметнай у „Литературной газете“ дзякуючы менавіта Анатолю, яго выступленьням. Бо сапраўдных публіцыстаў было ў нас, на жаль, небагата. І прысутнасьць Беларусі ў „Літаратурцы“ ня проста зь нейкімі рэцэнзіямі, літаратурнымі рэчамі, а з сур’ёзнымі аналітычнымі артыкуламі — гэта ўсё было дзякуючы Анатолю. І потым, калі пачаліся гады перабудовы, калі прыйшла пара Адраджэньня, я радаваўся, што ён застаўся на пазыцыях сумленнасьці і прагрэсу. Быў ён, можа, ня самы гаваркі, ня самы кампанейскі, але быў ён таленавіты, цікавы, разумны».
У 1990-х Анатоль Казловіч пісаў грунтоўныя цыклі для беларускіх недзяржаўных выданьняў. У «Свободных новостях» ён публікаваў цыкль «Беларусы паміж небам і зямлёй». Распавядае заснавальнік першага незалежнага выданьня Аляксандар Уліцёнак:
«Тое, што было надрукавана ў газэце, неўзабаве сталася кніжкай, таленавітай, выдатнай кніжкай, помнікам Анатолю Казловічу. Гэта чалавек, які ўсё жыцьцё пісаў пра вяскоўцаў, пра зямлю. І ведаючы жыцьцё на зямлі, ён даў цыклю такую геніяльную назву — „Беларусы паміж небам і зямлёй“. І гэта вельмі сымбалічна. І зараз, калі Анатоль Казловіч на небе, а мы тут яшчэ, на зямлі вызначаемся, я думаю, ягоная галоўная мара там, у іншым сьвеце, — каб мы, беларусы, у рэшце рэшт хутчэй вызначыліся і апусьціліся на нашу зямлю. Каб наша зямля стала нашай зямлёй, нашай Бацькаўшчынай. Ён за гэта змагаўся, ён пра гэта пісаў, і мы мусім гэтую ягоную мару ажыцьцявіць».