«Чорны сьпіс» Эўразьвязу папоўнілі яшчэ 16 прозьвішчаў

  • БелаПАН
Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, каму забаронены ўезд у краіны ЭЗ і чые актывы на тэрыторыі Эўразьвязу павінны быць замарожаныя, папоўнілі яшчэ 16 прозьвішчаў. Такое рашэньне прынята 10 кастрычніка ў Люксэмбургу Радай ЭЗ, паведаміла Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

ЧОРНЫ СЬПІС ЭЎРАЗЬВЯЗУ

"Сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася дастаткова доўга, і міністры замежных спраў зноў заклікалі беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных", - падкрэсьліла прэс-сакратар.

Абмежавальныя захады тычацца тых, хто, на думку міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу, адказны за "няспынныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ ў Беларусі", адзначаецца ў камюніке Рады ЭЗ.

Чакаецца, што рашэньне Рады і імёны 16 беларускіх чыноўнікаў, якія папоўнілі сьпіс неўязных у ЭЗ, будуць апублікаваныя 11 кастрычніка ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу.

Нагадаем, санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў Рада ЭЗ увяла ў студзені 2011 году ў адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. Цяпер у сьпісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ ­-- 192 прозьвішчы.

21 верасьня літоўскі МЗС ініцыяваў ўключэньне яшчэ 18 беларускіх чыноўнікаў у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Літву, і заклікаў іншыя краіны Эўразьвязу ўключыць іх у свае нацыянальныя сьпісы неўязных.