Ахвяры "эскадронаў страху"

Валер Ухналёў, Ганна Красуліна, Анатоль Лябедзька, Вацлаў Арэшка (зьлева направа)

Апазыцыйныя актывісты Валеры Ухналёў і Вацлаў Арэшка зьвязалі рабаўніцкі напад, ахвярамі якога яны сталі ў мінулую суботу, са сваёй палітычнай дзейнасьцю. Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, такім чынам апазыцыю хочуць запалохаць перад новым пэрыядам масавых пратэстаў.

Начны напад невядомых на машыну Валерыя Ухналёва, у якой яшчэ ехалі ягоная дачка Антаніна і палітык Вацлаў Арэшка, Валожынская міліцыя кваліфікавала як "разбой". Ягоным расьследаваньнем мае заняцца Менская абласная ўправа міліцыі. Да фактараў, якія абцяжарваюць справу, адносіцца выкарыстаньне адным з нападнікаў формы супрацоўніка ДАІ, які і спыніў машыну Ўхналёва. Астатнія ўдзельнікі нападу, якія чынілі гвалт над людзьмі і рабавалі маёмасьць, былі ў масках і пальчатках. Ахвяры рабаўніцтва запомнілі нумар адной з машын, на якой прыехалі зламысьнікі. Пазьней міліцыя ўдакладніла, што гэта нумар быў год таму здадзены ў ДАІ і меў быць зьнішчаным. Валеры Ухналёў:

"Зброі пры іх, пісталетаў, аўтаматаў я ня бачыў. Але людзі дзейнічалі прафэсійна, наколькі я ўяўляю, гэта не проста нейкія там бандыты з дарогі, думаю, што гэта падрыхтаваныя людзі, якія ведаюць, як гэта рабіць, і напэўна рабілі гэта не адзін раз".

Рабаўнікі забралі мабільныя тэлефоны, ключы ад машыны, сумкі, дакумэнты, а таксама значную суму грошай, якія меў з сабой Валеры Ўхналёў. Гаворыць ягоны паплечнік Сяргей Калякін:


Сяргей Калякін

"Гэта маральныя ўроды, якія гэта ўсё арганізавалі. У Валерыя Ўхналёва жонка, хворая на анкалёгію, і ён пазычыў грошы, каб купіць лекі. Калі ён ехаў у Літву, у яго была буйная сума грошай – 12 тысяч даляраў. Ён паехаў туды, але лекі купіць ня змог. Кантралюючы ўсе тэлефонныя размовы, спэцслужбы маглі гэта ведаць".

Сам спадар Ухналёў разбойны напад расцэньвае як палітычна матываваны:

"Я гэта зьвязваю адназначна з маёй прафэсійнай дзейнасьцю як палітыка. Гэта запалохваньне: маўляў, нікуды не высоўвайся, нідзе нічога не кажы".

Іншы пацярпелы ад нападу рабаўнікоў Вацлаў Арэшка таксама перакананы ў палітычных матывах інцыдэнту. Ён не выключае, што рабаўнікі мелі інфармацыю ад памежнікаў:

пераводзіцца ў такую мэтодыку самалійскіх піратаў: ніякіх пратаколаў, ніякіх пытаньняў, і да таго ж спроба запалохваньня ...

"Тое, што раней рабілася на мяжы – допыты, вобшукі, але на мяжы гэта пры ўсіх гвалтах робіцца ў сфэры нейкай законнасьці, там можна нешта патрабаваць. А тут, мне падаецца, пераводзіцца ў такую мэтодыку самалійскіх піратаў: ніякіх пратаколаў, ніякіх пытаньняў, і да таго ж спроба запалохваньня".

У мінулую суботу ад "супрацоўнікаў у цывільным" пацярпеў і лідэр АГП Анатоль Лябедзька – трое невядомых напалі на яго і спрабавалі гвалтам пасадзіць у машыну. Пазьней міліцыянты ў форме адвезьлі яго ў Цэнтральны РУУС Менска, але потым выпусьцілі, паабяцаўшы, што пазьней выклічуць позвай. Анатоль Лябедзька:

"Тое, што мы мелі апошнія некалькі дзён – гэта ні што іншае, як "эскадрон страху", і ягоная задача напярэдадні складанай непрагназуемай восені – паслаць гэты імпульс страху як мага большай колькасьці людзей у Беларусі. У Лукашэнкі застаўся апошні саюзьнік. І гэта ўжо не Расея, не арабскі сьвет. Гэта -- страх".

Пераадолець падобныя бандыцкія напады можна шэрагам сродкаў: публічнасьцю, зрываньнем масак, салідарнасьцю, перакананы Анатоль Лябедзька.

"Я ўсьцешаны рэакцыяй незнаёмых людзей, калі мяне спрабавалі затрымаць, цягалі па асфальце… Тое, што чалавек паставіў свой "Лексус" і перагарадзіў выезд гэтаму аўтамабілю, тое, што сабраліся людзі і здымалі гэта на тэлефон. Людзі не баяліся, іх там было 5-6 чалавек, што прыдавала моцы і мне. І я думаю, што калі пойдзе рэакцыя, што мы не баімся, што зараз нас шмат, і калі людзі будуць так рэагаваць на такую сытуацыю, плюс журналісты, то я думаю, што гэта і ёсьць нейкая гарантыя нашай адноснай бясьпекі".