Міліцыя разагнала пікет, які спрабавалі зладзіць маці асуджаных

Супрацоўнікі спэцназу міліцыі затрымалі 9 чалавек на плошчы Свабоды ў Менску.


Два дзясяткі чалавек выйшлі на плошчу з плякатамі: «Чыноўнікаў да адказнасьці», «Адміністрацыя прэзыдэнта – надзейны абаронца ад беззаконьня ў краіне», «Ашуканцаў да адказу».

Гэтыя людзі лічаць, што іхных сваякоў асудзілі незаконна.

Кіраўніца акцыі Тамара Сяргей заявіла: пікет "Ашуканцаў народа - да адказнасьці!" арганізаваны, каб прыцягнуць увагу да парушэньня правоў асуджаных. Яна сказала, што ўдзельнікі акцыі будуць прыходзіць на плошчу Свабоды штодня цягам месяца.




8 верасьня група грамадзянаў падала заяўку ў Менгарвыканкам на пікет.

Тамара Сяргей кажа, што да ідэі правесьці акцыю ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы прыйшлі пасьля таго, як 5 верасьня іх у чарговы раз адмовіўся прыняць старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

"10 сьнежня кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей паабяцаў нам стварыць незалежную камісію па вывучэньні праблемы адпісак з органаў суда і пракуратуры на скаргі грамадзянаў. Мы спадзяваліся, што праца камісіі прывядзе да перагляду нашых спраў. Аднак да гэтага часу мы ня можам азнаёміцца з вынікамі працы гэтай камісіі, так як чыноўнікі спасылаюцца на тое, што матэрыялы яе дзейнасьці складаюць службовую перапіску. Пры гэтым большасьць спраў удзельнікаў ініцыятывы так і не былі перагледжаны, а старшыня Вярхоўнага суду і генпракурор адмаўляюць нам у прыёме", - сказала Сяргей журналістам.